Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрый Бутусаў: начальнік Генштабу Ўкраіны ня здольны кіраваць войскам


Сэпаратысты каля падбітага танка ўкраінскага войска

Сэпаратысты каля падбітага танка ўкраінскага войска

Украінская армія пацярпела новую паразу, пасьля цяжкіх баёў здаўшы горад Дэбальцава сэпаратыстам, якіх падтрымлівае Расея. Заклікі сысьці ў адстаўку ці нават застрэліцца да начальніка генштабу Віктара Мужэнкі, ідэя стварыць "ваенны кабінэт", зьяўленьне каардынацыйнага штабу дабравольніцкага руху – усё гэта наступствы масавай незадаволенасьці кіраваньнем украінскімі войскамі.

Адчайныя заклікі да адступленьня з Дэбальцава, каб ўкраінскія аддзелы, якія там знаходзяцца, не апынуліся ў поўным атачэньні, "катле", гучалі за некалькі дзён да таго, як пачаўся адвод войскаў. "Трэба было раней выводзіць, а не чакаць гэтых сьмерцяў", – сказаў адзін з салдатаў, якія выйшлі з Дэбальцава, карэспандэнту ўкраінскай службы Радыё Свабода Ляўку Стэку: "Месяц таму яны ведалі, што аддадуць".



Вядомы ўкраінскі журналіст Юрый Бутусаў – адзін з тых, хто выступаў за адстаўку Мужэнкі яшчэ пасьля паразаў ўкраінскай арміі ў мінулым годзе, напрыклад, пасьля "катла пад Ілавайскам". Бутусаў папярэджвае аб росьце незадаволенасьці дзеяньнямі ўладаў, на што часта ў якасьці контраргумэнту чуе словы пра тое, што новы "майдан" цяпер будзе на руку праціўнікам Украіны.

Пры гэтым Бутусаў адзначае, што цяперашняе адступленьне ад Дэбальцава праходзіла без вялікіх страт, сытуацыя прынцыпова адрозьнівалася ад "Ілавайскага катла" – цяжкай паразы ўкраінскіх сіл летам мінулага году:

– Адступленьне праходзіла ў іншых умовах. І ўкраінскія жаўнеры праявілі дастаткова высокую тактычную граматнасьць, стойкасьць у баі. Калёны самі сабе пракладалі дарогу агнём. У прынцыпе, большасьць удзельнікаў прарыву адзначаюць, што ў іх не было страт. У адным месцы на маршруце выхаду чатыры нашых грузавых машыны з байцамі былі зьнішчаныя, была зьнішчана, што дакладна вядома, адна БМП. Страты былі – як мінімум на гэтым транспарце. Паколькі нашы войскі сышлі буйнымі сіламі, гэта было ноччу, яны досыць эфэктыўна дзейнічалі, не было ніякай панікі. Калі машына была пашкоджана, патрапіўшы пад асколкі або ў бездараж, усе спыняліся, экіпажы рассаджваліся, выходзілі групамі. Не была страчана сувязь. Адыход не ператварыўся ва ўцёкі, гэта быў сапраўдны, паўнавартасны прарыў. І дзякуй Богу, ён завяршыўся, улічваючы тактычную абстаноўку, улічваючы, што праціўнік цалкам кантраляваў з двух бакоў і што прастрэльваецца калідор выхаду, прарыў можна лічыць досыць пасьпяховым. Страты ў тэхніцы (якая была небаяздольная, яе, вывеўшы з ладу, прыйшлося пакінуць) значныя. Палонных – па той інфармацыі, якая ёсьць у мяне, – цалкам верагодна, больш за 100 чалавек. Ёсьць ацэнкі – ад 150 да 300. У нас афіцыйна на дадзены момант – 91 палонны са складу 40-га мотапяхотнага батальёну. Але ёсьць яшчэ палонныя салдаты, мы зараз высьвятляем, колькі іх, правяраем.

– Вакол адступленьня ад Дэбальцава вядзецца вялікая палеміка, якая тычыцца, у прыватнасьці, начальніка Генштабу Мужэнкі. Вы – сярод тых, хто выказваецца за яго неадкладную адстаўку, і вы ўжо даўно ведзяце гэтую кампанію. Вы лічыце, што Генштаб і тут паказаў сябе слаба, улічваючы, што адступленьне вы назвалі досыць пасьпяховым?

– На жаль, у нас адсутнічае Генштаб як орган ваеннага кіраваньня. Выхад быў абсалютна не арганізаваны, усё было абсалютна спантанна, усё зноў вырашаецца гераізмам салдат і малодшых камандзіраў, але не вышэйшых. Называць гэта арганізаваным па пляне адыходам – некаторае перабольшваньне. Рэальна гэты прарыў толькі адносна пасьпяховы – мы страцілі шмат выдатных людзей, шмат тэхнікі. Гэта адносны посьпех, таму што ў той абстаноўцы, у якой ён праходзіў, гэта магла быць катастрофа, і тое, што нам удалося выратаваць пераважную большасьць, – гэта посьпех. У нас адсутнічае Генштаб, таму што на чале яго чалавек, які ня здольны быць мэнэджэрам, кіраваць працэсам, гэта відаць ва ўсім, гэта відаць кожнаму салдату, кожнаму, хто блізкі да фронту. З той сілай, якая там была, калі б гэтыя выдатныя афіцэры і салдаты былі аб'яднаныя, ім ставіліся б адэкватныя задачы, адэкватная была тактыка і арганізацыя, я ўпэўнены, што мы маглі б нават ўтрымаць пазыцыі. Але для гэтага там павінна была быць армія, а не вялікае колькасьць не аб'яднаных адзіным камандаваньнем падразьдзяленьняў.

– А ці ёсьць іншыя варыянты, не Мужэнка? Ці ёсьць нехта, хто можа зараз прыняць камандаваньне Генштабам і дзейнічаць лепш?

– Ёсьць першы намесьнік начальніка Генштабу Вараб'ёў, абсалютна адэкватны і аўтарытэтны ў войсках чалавек. Хоць бы гэты варыянт. Можна правесьці конкурс і выбраць ваенных камандзіраў больш высокага зьвяна.

– Гучыць дзіўна. Што, намесьнік начальніка Генштабу ніяк не ўплывае на сытуацыю?

– Для нашай фэадальнай сыстэмы адносін, асабліва ў войску, самай кансэрватыўнай і замкнёнай структуры, гэта абсалютна ясная карціна. Ёсьць адзін чалавек, які кантралюе ўсё, і менавіта ў выніку таго, што ён спрабуе замкнуць на сябе прыняцьце любых рашэньняў, ёсьць праблемы з выкананьнем усіх гэтых рашэньняў. Я зьяўляюся адным з удзельнікаў расьсьледаваньня па Ілавайску і выразна бачу адказнасьць, хто на сябе што бярэ ў нашай вайсковай герархіі, хто прымае нейкія рашэньні і як. У той сыстэме, якая дзейнічае ў нас, начальнік Генштабу робіць наогул усё, ён нават асабіста падпісвае сьпісы на ўзнагароджаньне, датэрміновае прысваеньне любых званьняў, нават самых дробных. У нас, на жаль, фэадальная сыстэма, дзе наверсе сядзіць чалавек, які ня ўмее дэлегаваць паўнамоцтвы і дэцэнтралізаваць сыстэму кіраваньня. Таму пра Вараб'ёва добрыя водгукі ў войсках, пра Мужэнку – не.

– У войску сыстэма адзінаначальля, строгая субардынацыя. І калі вы прапануеце выбіраць камандаваньне, гэта здаецца не зусім армейскім падыходам.

– Я ня маю на ўвазе публічны конкурс, дзе гледачы галасуюць па тэлевізары. Павінен быць нармальны кадравы конкурс, дзе галоўнакамандуючаму прыносяць некалькі тэчак, ён вызначае некалькі груп экспэртаў, кожны зь якіх прапануе яму два-тры варыянты, і ён выбірае і прымае сам рашэньне, зьвяртаючыся да людзей. Гэта і ёсьць конкурс. Павінна быць альтэрнатыва, трэба паслухаць розных людзей. У асяродзьдзі галоўнакамандуючага і на фронце павінны быць людзі, у якіх ёсьць валявыя якасьці, здольнасьць браць на сябе адказнасьць, патрыятызм, жаданьне і ўменьне берагчы жыцьці воінаў, якія давяраюць сябе камандаваньню.

– Сярод камандзіраў ніжэйшага зьвяна, якіх вы ведаеце, Мужэнка не карыстаецца даверам? Але пры гэтым яны гатовыя падпарадкоўвацца камандаваньню? Ці ўсё ваююць асобнымі групамі, кожны сам за сябе?

– Не, на самай справе зладжанасьць расьце, баяздольнасьць арміі расьце, таму што расьце баявы вопыт, павялічваецца колькасьць людзей, якія разумеюць, што яны робяць на гэтай вайне. Але праціўнік – расейскія войскі – таксама павышае свой прафэсійны ўзровень. Каб штурмаваць Дэбальцава, расейскае камандаваньне зрабіла з сваіх расейскіх наймітаў паўнакроўныя мэханізаваныя батальёны і тактычныя групы. І дзякуючы таму, што яны іх ўвялі адразу, яны змаглі дамагчыся гэтага прасоўваньня. У нас армія не ваюе разрозьнена, але ў нас кіраваньне войскамі ажыцьцяўляецца ў асноўным на ўзроўні камандзіраў рот і батальёнаў, а нам трэба ўрэшце пачаць ваяваць злучэньнямі. Гэтага ў нас няма, таму ў нас усё разрываецца.

– Ва ўкраінскіх мэдыях бурліва абмяркоўваецца, ці варта пратэставаць у сувязі з дзеяньнямі Мужэнкі або новы "майдан" на руку Расеі. Ваш пункт гледжаньня?

Калі ў нас штучна блякуюцца справы па расьсьледаваньні дзеяньняў вайсковага кіраўніцтва, а ў нас блякуецца справа па гібелі Іл-76 у Луганску і па Ілавайску, у нас ніколі ня будзе адказнасьці кіраўнікоў і будуць да бясконцасьці паўтарацца памылкі. Я думаю, недзеяздольнасьць, безадказнасьць улады, непрафэсіяналізм дзяржавы і ёсьць прамая дарога да арганізацыі пратэстных настрояў і выступаў у грамадзтве. Нам трэба баяцца не таго, што мы прынясем нестабільнасьць у работу ўлады. Нам трэба баяцца таго, што гэтая ўлада неэфэктыўна працуе. Нам трэба не кансэрваваць неэфэктыўную сыстэму, а нам трэба хутка будаваць эфэктыўную. Калі мы ня будзем эфэктыўныя і канкурэнтаздольныя, нас самнуць, зьнішчаць і задушаць. Таму я не заклікаю да трэцяга "Майдану" цяпер, але калі ўлада застанецца сьляпой, не зразумее, што рэфармавацца трэба яшчэ хутчэй, чым яна гэта робіць, у разы, тады гэтая ўлада сваімі рукамі створыць перадумовы да таго, каб людзі выходзілі. Таму я лічу, што лепш я буду пісаць пра гэта ў сябе ў фэйсбуку, чым гэта потым раптам дзе-то выбухне. Ўладу трэба трымаць у тонусе.

– Чаму прэзыдэнт Пётр Парашэнка так дзейнічае? Вы лічыце, што ён ня чуе гэтага? Ці ў яго, можа быць, быў ўнутраны плян, ёсьць яснае ўяўленьне пра тое, што трэба рабіць?

– Сыстэма адносін у нас, структура, герархія кіраваньня яшчэ ў дзяржаве не выбудаваная. У нас дзяржавы няма, яна было разбурана як неэфэктыўная, недзеяздольная, і мы яе цяпер ствараем. Ня ўсё ў гэтым працэсе ідзе гладка, і часам кіраўнікі абапіраюцца на тых людзей, да дзейнасьці якіх у кіраўніцтва не сфармаваныя аб'ектыўныя крытэрыі ацэнкі іх якасьці працы. Неразуменьне, якім крытэрыям павінен адпавядаць кіраўнік, выклікае эфэкт, што ў нас прызначаюць не кампэтэнтных, але ляяльных, проста знаёмых, якім давяраюць паводле асабістых прычынаў, але не прафэсійных. Гэта ўсё вынік таго, што мы сутыкнуліся зь вялікай колькасьцю выклікаў, і пакуль няма магчымасьці хутка пабудаваць ва Ўкраіне адладжаную сыстэму. Краіна ніколі не ваявала і не рыхтавалася да вайны, а дзяржава не выконвала функцыі абароны. Таму ёсьць такія хваробы росту. І Мужэнка – хвароба росту, чалавек з узроўнем мысьленьня камандзіра роты, які ў мірны час, дзякуючы інтрыгам, змог падняцца, атрымаць сабе генэральскія лямпасы. Але паколькі не было войнаў, яго некампэтэнтнасьць не была прыкметнаю, яна стала прыкметная толькі цяпер, у час баявых дзеяньняў.

– Гэта значыць Парашэнка пакуль проста не разабраўся?

– Я думаю, што так, ён пакуль не сфармаваў крытэрыяў. Як толькі ў яго крытэрыі гэтыя зьявяцца, не сумняваюся, што кадравыя рашэньні будуць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG