Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Генпракурор Канюк пра забітага: Аўтарытэт ці не аўтарытэт, высьвятляем


Генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк не пацьвердзіў, але і не абверг зьвесткі пра тое, што знойдзены 18 лютага ў багажніку аўтамабіля ў Менску труп мужчыны належыць грамадзяніну Кіргізстану Алмамбету Анапіяеву, якога называюць «крымінальным аўтарытэтам».

«Аўтарытэт ён, не аўтарытэт... Факт, што чалавек быў знойдзены мёртвым у багажніку аўтамабіля», — сказаў Аляксандар Канюк і на ўдакладняльнае пытаньне Свабоды, ці належаў знойдзены ў багажніку труп грамадзяніну Кіргізстану, дадаў:

«Мы цяпер высьвятляем, хто ён такі. Больш нічога сказаць не магу, але калі будуць зьвесткі, якія можна паведаміць, паведамім, бо няма чаго хаваць».

Раней з паведамленьня кіргіскай службы Радыё Свабода стала вядома, што ўлады Кіргізстану абвясьцілі Алмамбета Анапіяева ў вышук і лічаць, што ён зьвязаны з братам былога прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева — Жанышам Бакіевым. Начальнік галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС Кіргізстану Мірлан Каніметаў паведаміў кіргіскай службе Радыё Свабода, што інфармацыя пра забойства «крымінальнага аўтарытэта» Алмамбета Анапіяева была атрымана і цяпер удакладняецца.

Жаныш Бакіеў знаходзіцца ў вышуку Інтэрпола па падазрэньні ў выкраданьні людзей, шкодзе для жыцьця і здароўя, нацыянальных і міжнародных злачынствах.

Яшчэ ў 2010 годзе часовы ўрад Кіргізіі прызначыў грашовую ўзнагароду ў суме ад 20 да 100 тысяч даляраў ЗША за рэальнае садзеяньне ў тым, каб знайсьці і злавіць гэтых злачынцаў.

Былы прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў атрымаў палітычны прытулак у Беларусі, улады Кіргізстану дамагаюцца яго выдачы. У Менску бачылі і брата экс-прэзыдэнта Жаныша Бакіева.

18 лютага ў Менску на вуліцы Карла Лібкнехта ў багажніку аўтамабіля знайшлі цела мужчыны з агнястрэльнай ранай галавы. Сьледчы камітэт паведаміў, што заведзеная крымінальная справа, але імя ахвяры забойства не назваў. 20 лютага генпракурор Аляксандар Канюк паведаміў журналістам, што крымінальная справа заведзеная паводле артыкула 139, частка 1 — гэта наўмыснае забойства. Пры гэтым Аляксандар Канюк ня выключыў, што пазьней кваліфікацыя можа быць зьмененая на частку 2 артыкула 139, якая агаворвае розныя акалічнасьці злачынства, у тым ліку выкраданьне чалавека.

Учора ж кіргіскія СМІ паведамілі, што цела чалавека, падобнага да Алмамбета Анапіяева, было знойдзена на кватэры ў Менску, разам з пашпартам грамадзяніна Расеі з фатаграфіяй Анапіяева, выдадзеным на імя Шакірава Алмазбэка Мійзамавіча.

XS
SM
MD
LG