Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомая амэрыканская журналістка тлумачыць, што Ўладзімір Пуцін узяўся павярнуць назад палітычныя перамены, якія наступілі ў 1990-х пасьля падзеньня камуністычнай сыстэмы.

Вядомая амэрыканская журналістка мяркуе, што Ўладзімір Пуцін узяўся павярнуць назад палітычныя перамены, якія наступілі ў 1990-х пасьля падзеньня камуністычнай сыстэмы. І паказвае, якім чынам ён можа дасягнуць гэтай мэты. Прапануем яе артыкул у брытанскім выданьні The Spectator са скаротамі.


У мінулым месяцы сьпікер расейскага парлямэнту ўрачыста даручыў камісіі па замежных справах пачаць гістарычны досьлед: ці «анэксія» Ўсходняй Нямеччыны Заходняй Нямеччынай была насамрэч законнай? Ці не павінна яна быць асуджана? Ці можна яе адмяніць?

На мінулым тыдні міністар замежных спраў Расеі, выступаючы на канфэрэнцыі па бясьпецы ў Мюнхэне, намякнуў, што ён можа мець аналягічныя сумневы. «Узьяднаньне Нямеччыны было праведзена безь ніякага рэфэрэндуму» — заявіў ён злавесна.

У гэты момант як правіла стрыманая аўдыторыя зарагатала. Немцам у залі расейскія заявы падаліся асабліва вясёлымі. Адмяніць аб’яднаньне Нямеччыны? Дык гэта ж запатрабуе адмены ўсяго палітычнага ўладкаваньня пасьля заканчэньня халоднай вайны!

Так, гэта насамрэч вельмі пацешная ідэя... калі вы толькі ня бачыце, што гэта якраз тое, што расейскі сьпікер, міністар замежных спраў і прэзыдэнт Расеі — чалавек, які калісьці назваў распад Савецкага Саюзу «найвялікшай геапалітычнай катастрофай 20-га стагодзьдзя» — насамрэч спрабуюць ажыцьцявіць. (...)

Ці можа Ўладзімір Пуцін сапраўды разабраць усё гэта на часткі? Пакуль большасьць з нас глядзела ў іншы бок, ён відавочна рабіў такія намаганьні. Цягам апошняга дзесяцігодзьдзя мы абмяркоўвалі Ірак, Іран, Аўганістан і ўсё іншае, толькі не Расею. Тым часам Расея праводзіла грандыёзную стратэгію, каб дэлегітымізаваць НАТО, падарваць Эўразьвяз, раскалоць заходніх саюзьнікаў і, перш за ўсё, адмяніць трансфармацыю 1990-х.

Крамлю ня трэба вынаходзіць антыэўрапейскія ідэі ці ідэі супраць істэблішмэнту, ён проста падтрымлівае іх у любой форме, у якой яны ўжо існуюць, дапасоўваючы тактыку да патрэбаў кожнай краіны. Яны падтрымліваюць крайне левых і крайне правых — у Грэцыі яны падтрымліваюць і адных, і другіх адначасова. Нягледзячы на цяжкае эканамічнае становішча, першы актам новага грэцкага ураду стаў не пратэст супраць адзінай эўрапейскай эканамічнай палітыкі, але пратэст супраць санкцый у дачыненьні да Расеі. (...)

Пры неабходнасьці Расея будзе спакушаць на свой бок і выбраных прадстаўнікоў палітычнай і фінансавай эліты. У Вялікабрытаніі Расея мае сяброў у лёнданскай мэрыі, але яна таксама фінансуе прапагандысцкі канал RT, які паказвае Джорджа Гэлаўэя і іншых вядомых шалёных левакоў. У Францыі Расея падтрымлівае цесныя кантакты з прамыслоўцамі, але расейска-чэскі банк пазычыў крайне праваму Нацыянальнаму фронту Марын Ле Пэн 9 мільёнаў эўра і, як кажуць, зацьвердзіў пазыку далейшых 30 мільёнаў. (...)

Трохі расейскіх грошай прайшло свой шлях і ў чэскай палітыцы. Выбарчая кампанія цяперашняга прэзыдэнта, Мілаша Зэмана, адкрыта фінансавалася ў 2013 годзе Лукойлам, расейскай энэргетычнай кампаніяй. З таго часоў прэзыдэнт Зэман — які, на шчасьце, не кантралюе ўраду — пасьпеў гучна асудзіць санкцыі супраць Расеі, назваць расейскае ўварваньне ва Ўкраіну «чымсьці накшталт грыпу» і запрасіў у Прагу расейскіх алігархаў пад візавымі санкцыямі. (...)

Эўразьвяз не выкарыстоўвае ананімных троляў для маніпуляваньня сродкамі масавай інфармацыі, як гэта робіць Расея ў Цэнтральнай Эўропе. Эўразьвяз таксама не фінансуе ультраправых палітычных партый, як гэта робіць Расея ў Будапэшце і ў Парыжы. Тым ня менш правацэнтрысцкі прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан часткова пераняў расейскі мэсыдж супраць пасьлякамуністычнай трансфармацыі. Летась ён атрымаў расейскі крэдыт — дэталі якога засакрэчаныя — для будаўніцтва новай атамнай электрастанцыі. А празь некалькі месяцаў ён сказаў этнічным вугорцам у Румыніі, што прыйшоў час адмовіцца ад заходніх догмаў і ідэалёгій, такіх як лібэральная дэмакратыя, форма кіраваньня, якая некалі была асноўнай мэтай трансфармацыі Вугоршчыны. (...)

Нават у Польшчы, самай, мабыць, пасьпяховай краіне ў Цэнтральнай Эўропе і самай прыхільнай да НАТО, інтэрнэт-тролі вядуць размовы пра «катастрафічныя» 25 гадоў, а вядучыя апазыцыйныя палітыкі ў рэжыме выбарчай агітацыі называюць «Трэцюю рэспубліку» — Польшчу ад 1989 году да цяпер — катастрофай. Тыя, хто лічыць сябе «лузэрамі» польскай трансфармацыі, знаходзяцца ў меншасьці, але яны існуюць. Ніхто ня любіць Расею ў Польшчы, але ня ў гэтым рэч: Расея ня мае патрэбы ў прарасейскіх урадах у Польшчы, Вугоршчыне ці Славаччыне. Яна проста мае патрэбу ў антынямецкіх урадах у Цэнтральнай Эўропе, або антызаходніх урадах, ці проста некампэтэнтных урадах, якія могуць пераканаць астатнюю частку НАТО падняць рукі і сказаць: «мы ня будзем ваяваць за гэтых людзей». (...)

Калі б значная колькасьць буянаў у Цэнтральнай Эўропе прыйшла да ўлады, дык увогуле няцяжка ўявіць, як кавалак гэтай Эўропы мог бы адарвацца ад Эўразьвязу. Насамрэч няцяжка ўявіць, як тое, што мы прывыклі называць Заходняй Эўропай, таксама можа адарвацца ад Эўразьвязу. Грэцыя знаходзіцца ўжо на паўдарозе да гэтага. Прэзыдэнт Ле Пэн ў Францыі і ўрад крайне левых з Podemos у Гішпаніі таксама хацелі б перакроіць палітычную мапу. І калі б эканамічны і палітычны крызыс пасьля такіх пераменаў асабліва моцна ўдарыў па Нямеччыне, магчыма, што і немцы вырашылі б пайсьці самастойнай дарогай, адмовіўшыся ад сваіх эўрапейскіх партнэраў і трансатлянтычнага альянсу.

Калі б вы былі Уладзімірам Пуцінам, хіба вы прынамсі не паспрабавалі б гэтага дамагчыся? (...)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG