Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама: Мы не ваюем з ісламам. Мы ваюем з тымі, хто скажае іслам


Барак Абама падчас прамовы 18 лютага.
Барак Абама падчас прамовы 18 лютага.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што барацьба з «ідэалёгіяй гвалту» павінна складаць падмурак міжнароднай стратэгіі супрацьстаяньня экстрэмісцкім групам «Ісламская дзяржава» і «Аль-Каіда».

Абама падчас выступу 18 лютага на саміце Белага Дому па барацьбе з экстрэмізмам падкрэсьліў, што Злучаныя Штаты «ваююць не з ісламам, а з людзьмі, якія скажаюць іслам».

«Ніякая рэлігія не нясе адказнасьці за тэрарызм. Людзі нясуць адказнасьць за гвалт і тэрарызм», — заявіў Барак Абама, адказваючы на крытыку Белага Дому ў залішняй палітычнай карэктнасьці ў дачыненьні да ісламісцкіх баевікоў.

Гэтак, прэзыдэнта ЗША і яго асяродзьдзе крытыкуюць за тое, што ў сваіх выступах і камэнтарах яны пазьбягаюць акрэсьленьня «ісламскі радыкалізм», каб не пакрыўдзіць рэлігійныя пачуцьці мусульманаў.

Абама падчас сваёй прамовы заявіў, што рэлігійныя лідэры тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» зьяўляюцца не «рэлігійнымі лідэрамі», а «тэрарыстамі». Цягам ўсёй сваёй прамовы Абама аддзяляў тэрарыстычную групоўку «Ісламская дзяржава» ад ісламу.

Прэзыдэнт ЗША назваў «Ісламскую дзяржаву» пагрозай для ўсяго сьвету і дадаў, што радыкальныя групоўкі, такія як «Аль-Каіда», маюць «вострую патрэбу ў пацьверджаньні легітымнасьці», а «гвалт у дачыненьні да нявінных не абараняе іслам і мусульманаў, а толькі ім шкодзіць».
Былы прэзыдэнт ЗША Джордж Буш таксама неаднаразова заяўляў, што Злучаныя Штаты не ваююць з ісламам.

Абама заклікаў амэрыканскія мусульманскія абшчыны зрабіць усё магчымае, каб супрацьстаяць таму, што ён назваў «гвалтоўным экстрэмізмам».

Амэрыканскі прэзыдэнт сказаў, што «мусульманскія лідэры павінны прыкласьці больш намаганьняў, каб зьняпраўдзіць погляд, што нашыя краіны настроеныя на здушэньне ісламу».

Абама сказаў, што маладыя мусульмане асабліва ўспрымальныя да экстрэмісцкай прапаганды, у выніку якой яны далучаюцца да тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» або зьдзяйсьняюць тэракты ў краінах, дзе жывуць.

Амэрыканскія службы бясьпекі на мінулым тыдні паведамілі, што каля 150 амэрыканцаў спрабавалі выехаць у Сырыю, каб змагацца з ісламісцкімі баевікамі.

Трохдзённы форум у Вашынгтоне сабраў дэлегатаў з 60 краінаў пасьля шэрагу крывавых нападаў у Эўропе і на Блізкім Усходзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG