Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЭБРР: Сёлета грошай у Беларусі будзе менш


Прэзыдэнт ЭБРР

Прэзыдэнт ЭБРР

Прэзыдэнт Эўрапейскага Банку Рэканструкцыі і Разьвіцьця Сума Чакрабарці наведаў Менск, сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і сказаў, што з-за крызыса ў расейскай эканоміцы, мы наўрад ці атрымаем столькі ж грошай, колькі летась, а дзяржаўны сэктар банк падтрымліваць пакуль ня будзе.

Апошні раз прэзыдэнт ЭБРР быў у Беларусі больш за 20 гадоў таму — яшчэ да Лукашэнкі. Сума Чакрабарці візытам у Беларусь надзвычай задаволены. А экс-старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч згадвае, як калісьці падарыў карціну папярэдніку Чакрабарці Жаку дэ Ляразье, і сьцьвярджае, што аднаго іміджу міратворца Лукашэнку замала, каб разьлічваць на сур’ёзныя замежныя інвэстыцыі.

Што сказалі добрага


«У нас былі тры надзвычай пасьпяховыя гады што да інвэстыцый у прыватны бізнэс праз банкаўскую сыстэму і з прыцягненьнем буйных замежных інвэстараў, такіх як „Кронаспан“ і „Штадлер“», — распавёў Сума Чакрабарці па выніках візыту для вузкай групы журналістаў замежных СМІ.


За апошнія тры гады ЭБРР інвэставала ў Беларусь 700 мільёнаў эўра. Распачаўшы супрацу з нашай краінай у 1991, ЭБРР пасьпеў укласьці ў беларускую эканоміку 1,6 мільярдаў эўра. Пераважная большасьць іх накіраваная на падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу.


Прыкметным, калі ня ўласна добрым, можна назваць і сам факт візыту прэзыдэнта ЭБРР. Пасьля 20 гадоў ізаляцыі вышэйшае кіраўніцтва банку працягнула руку кіраўніку Беларусі.

Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч


Станіслаў Багданкевіч кажа, што калісьці дачыненьні паміж уладай і банкам былі нашмат больш прыязнымі.


«Калі Жак дэ Ляразье прыяжджаў да нас, Кебіч (Вячаслаў Кебіч — тагачасны прэм’ер-міністар Беларусі — РС) папрасіў мяне, каб я яму падрыхтаваў падарунак, каб ён лепш да нас ставіўся. Мы нейкую карціну яму купілі і падарылі. У нас і асабістыя стасункі былі добрыя — ня толькі ў Нацбанку, але і ва ўраду. Пасьля яны былі замарожаныя».
Прычыны ахаладжэньня — у прынцыпах дзейнасьці банку, — тлумачыць Багданкевіч:

Мы паўнапраўныя сябры гэтага банку і маем права на атрыманьне крэдытнай падтрымкі. А ў статуце банку запісана, што пры вызначэньні палітыкі стасункаў з краінай улічваецца і стан дэмакратыі ў ёй.


«Мы паўнапраўныя сябры гэтага банку і маем права на атрыманьне крэдытнай падтрымкі. А ў статуце банку запісана, што пры вызначэньні палітыкі стасункаў з краінай улічваецца і стан дэмакратыі ў ёй. Як функцыянуе вяршэнства закону і так далей. Гэтым банк і адрозьніваецца ад, напрыклад, Сусьветнага банку і Міжнароднага Валютнага Фонду».

Што сказалі кепскага


Паводле прагнозаў ЭБРР, ВУП Беларусі на працягу гэтага году зьнізіцца на паўтара працэнта. Сума Чакрабарці кажа, што банк зь пільнай увагай сочыць за тым, што адбываецца ў эканоміках краінаў, залежных ад расейскай. «Мы лічым, што мусім прыкладаць як найбольш намаганьняў, каб дапамагчы Беларусі», — заявіў прэзыдэнт.


Аднак прагназаваць, колькі інвэстыцый ад Банку паступіць у Беларусь сёлета, ён ня стаў. За апошні год Беларусь атрымала па лініі ЭБРР 245 мільёнаў эўра. «Будзе цяжка дасягнуць гэтай лічбы найперш з-за рэцэсіі расейскай эканоміі, — кажа Чакрабарці. — Гэтая сытуацыя будзе працягвацца яшчэ нейкі час, бо расейская эканоміка не адродзіцца заўтра. Мы хочам прадпрыняць нейкія меры зараз».


Можна толькі спадзявацца, што ўлады Беларусі зразумеюць памкненьне заходніх інстытуцый паказаць шляхі адыходу з залежнасьці ад эканомікі суседняй краіны.


Як працуюць прыярытэтныя прынцыпы ЭБРР, на якія спасылаецца Багданкевіч, добра відаць якраз на расейскім прыкладзе. Летась аб’ём інвэстыцый банку ў Расею склаў каля 600 млн эўра. «А мог бы скласьці два мільярды», — кажа Чакрабарці, як гэта было ў 2013-м. Ужо ў ліпені мінулага году на фоне дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне і санкцыйнай палітыкі найбуйнейшых краінаў і ЭЗ акцыянэры рэкамэндавалі банку не разглядаць там новыя праекты.


У той жа час Україна, перажыўшы ў 2014-м зьмену ўлады і знаходзячыся ў стане вайсковага канфлікту, атрымала ад ЭБРР 1, 2 мільярды эўра — амаль у два разы больш, чым у 2013-м. Трошкі больш атрымала толькі Турцыя (1, 39 млрд)

Так, мы разумеем, што ва Ўкраіне рызыкоўная сытуацыя, — пацьвярджае Чакрабарці, — але мы банк разьвіцьця, і нам важна падтрымліваць яе эканоміку


«Так, мы разумеем, што ва Ўкраіне рызыкоўная сытуацыя, — пацьвярджае Чакрабарці, — але мы банк разьвіцьця, і нам важна падтрымліваць яе эканоміку». Прэзыдэнт спадзяецца, што і сёлета інвэстыцыйная тэндэнцыя ва Ўкраіне захаваецца на тым жа ўзроўні.

«Мы бачым жаданьне нешта памяняць»


Для новых кіеўскіх уладаў, якія хутка запусьцілі пакет эканамічных рэформаў, ЭБРР узнавіў і крэдытаваньне дзяржаўнага сэктару. 18 лютага кіраўнік Беларусі асабіста зьвярнуўся да Сумы Чакрабарці з просьбай зьняць абмежаваньні на супрацу зь дзяржпрадпрыемствамі.


Але краінавая стратэгія для Беларусі такога не прадугледжвае прынамсі на пэрыяд 2013-2015 гадоў.


ЭБРР адмовіўся падтрымліваць дзяржаўныя праекты ў 2011 годзе, пасьля падзеяў сьнежня 2010-га і ўвядзеньня адпаведных санкцый супраць асобаў, адказных за парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, і некаторых прадпрыемстваў.


Асьцярожна выказваўся Сума Чакрабарці і пра закладаньне такіх магчымасьцяў у новую стратэгію 2016-2018, якая рыхтуецца зараз.
Кіраўніцтва аднак кажа, што гатовыя пашырыць сваю дзейнасьць у муніцыпальным сэктары. У прыватнасьці — удзел у праектах па ачышчэньні вады, якія банк мае ў трох гарадах. ЕБРР зь цікавасьцю разглядае магчымасьць удзелу ў разьвіцьці дарожнай інфраструктуры, нават ёсьць канкрэтны праект па рэканструкцыі трасы М10. Аднак усе яны прадугледжваюць фармат дзяржаўна-прыватнага партнэрства.
Банк можа адгукнуцца на просьбу Аляксандра Лукашэнкі інвэставаць у сыстэму ЖКГ. Але гэта будзе залежаць ад таго, наколькі рашуча ўлады Беларусі будуць праводзіць тарыфную рэформу ў гэтай сфэры. «Гэта балюча, — кажа Чакрабарці, — але неабходна для падвышэньня эфэктыўнасьці прадпрыемстваў ЖКГ».


Банк таксама гатовы дапамагчы ўладам Беларусі, калі яны вырашаць прыватызаваць пэўную частку дзяржаўных прадпрыемстваў. «Мы можам спрыяць працэсу перадпрыватызацыйнай падрыхтоўкі, — кажа Чакрабарці. — Прыватызацыя не адбываецца імгненна. Мы можам дапамагчы адаптаваць дзяржаўныя прадпрыемствы для ўмоваў працы ў прыватным сэктары».


Але пры распрацоўцы новай стратэгіі ЭБРР будзе ўлічваць гатовасьць «ураду да структурных рэформаў і павелічэньня долі прыватнага сэктару ў эканоміцы Беларусі», — кажа Чакрабарці — У Беларусі доля прыватнага бізнэсу 25-30 працэнтаў. Гэта хіба не найніжэйшы паказьнік у Эўропеі».


Кіраўніцтва ЭБРР адзначае, што падчас сустрэчаў у Беларусі пабачылі гатовасьць уладаў да рэформаў. «Магчыма, гэтаму паспрыяў крызыс», — асьцярожна кажуць яны.


Станіслаў Багданкевіч вялікіх зьменаў не прадбачыць:

У Беларусі не рэалізаваная структурная перабудова, няма вяршэнства закону, павагі да ўласнасьці


«У Беларусі не рэалізаваная структурная перабудова, няма вяршэнства закону, павагі да ўласнасьці, — кажа эканаміст. — Улады могуць умяшацца ў любы момант. Мы бачым, як закрываюць крамы з надуманых прычынаў, як гвалтам адбіраюць прыватныя прадпрыемствы, як гэта было з „Камунаркай“. У нас ня створаныя ўмовы для добрага дзелавога клімату на макраўзроўні і ў прыватнасьці».

Україна чакае, што Беларусь асудзіць Расею


Візыт у Беларусь прэзыдэнта ЭБРР ужо падаецца ці не натуральным. Пасьля таго, як у Менску пабывалі канцлер Нямеччыны і прэзыдэнт Францыі, Аляксандар Лукашэнка на поўную магутнасьць раскручвае свой імідж міратворца на міжнароднай арэне. На гэты раз скарыстаўшыся статусам візіцёра і заклапочанасьцю банка сытуацыяй у расейскай эканоміцы, кіраўнік Беларусі заявіў пра гатовасьць прыняць у Беларусі ўкраінскую зброю і прапанаваў свой плян урэгуляваньня сытуацыі ў Дэбальцаве


Сума Чакрабарці кажа, што палітычная тэма ўзьнікла, калі Лукашэнка тлумачыў яму сутнасьць Менскага пагадненьня і тое, што Беларусь можна прапанаваць кожнаму зь перамоўных бакоў у расейска-ўкраінскім канфлікце.


Прэзыдэнт ЭБРР некалькі разоў адзначыў, што высока ацэньвае высілкі беларускага кіраўніка ў гэтым накірунку. Але пра пэрспэктывы пацяпленьня паміж Беларусьсю і Захадам выказаўся з уласьцівай асьцярожнасьцю:

Мы бачым, што пачаўся дыялёг паміж Эўракамісіяй і Беларусьсю, паміж ЗША і Беларусьсю...


«Мы бачым, што пачаўся дыялёг паміж Эўракамісіяй і Беларусьсю, паміж ЗША і Беларусьсю... Пакуль мы ня можам сказаць, куды гэтая размова зойдзе, але сам факт яе пачатку добры», — сказаў Чакрабарці.
Станіслаў Багданкевіч кажа, што Беларусі, канечне, выгадна карыстацца праектамі ЭБРР. Іх інвэстыцыі хоць і невялікія, але накіраваныя на канкрэтныя праекты, прыносяць карысьць. Някепска і тое, што ўзнаўляецца імідж Беларусі «як краіны, якая ўсё ж такі ўскосна займае больш-менш разумную палітыку ў дачыненьні да агрэсіі Расеі супраць Украіны».


Але што да канкрэтнай прапановы, якую агучыў Аляксандар Лукашэнка, то яна «непрыгожая».

Україна чакала б, каб краіна, на тэрыторыі якой заключанае Менскае пагадненьне, асудзіла Расею, якая не выконвае першы пункт гэтага пагадненьня пра ўсебаковае спыненьне вагню на ўсёй тэрыторыі гэтых абласьцей


«Україна чакала б, каб краіна, на тэрыторыі якой заключанае Менскае пагадненьне, асудзіла Расею, якая не выконвае першы пункт гэтага пагадненьня пра ўсебаковае спыненьне вагню на ўсёй тэрыторыі гэтых абласьцей, — кажа экс-старшыня Нацбанку. — Гэта запісана ў першым пункце. А расейскія стаўленікі працягваюць нападаць на Дэбальцава, акружаць. Украіна адстойвае сваю незалежнасьць, сваю тэрытарыяльную цэласнасьць. Гэта зразумела для грамадзяніна любой краіны».

XS
SM
MD
LG