Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Да Асамблеі НДА далучыліся 9 новых арганізацыяў


17 лютага ў Менску прайшло пасяджэньне Рабочай групы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў. Асацыяцыя павялічылася на дзевяць новых сябраў.

Як паведамляе сайт Асамблеі НДА, акрамя прыёму новых чальцоў, грамадзкія дзеячы абмеркавалі магчымыя супольныя дзеяньні беларускіх НДА напярэдадні Саміту Ўсходняга партнэрства ў Рызе.

Старшыня Рабочай групы Сяргей Мацкевіч адзначыў, што беларускай грамадзянскай супольнасьці трэба з максымальнымі вынікамі выкарыстаць Саміт, які адбудзецца ў траўні, і дадаў, што бачыць Асамблею ініцыятаркай гуртаваньня іншых сілаў “трэцяга сэктару”.

Таксама прысутныя абмеркавалі праект заявы, прысьвечанай супольнаму бачаньню ўдасканаленьня Ўсходняга партнэрства на карысьць беларускай грамадзянскай супольнасьці.

У камэнтары прэс-службе Асамблеі НДА, Вінцук Вячорка распавёў пра новы прыярытэтны кірунак дзейнасьці беларускага незалежнага грамадзтва, пра які гаворыцца ў праекце заявы:

— У тыя гады, калі Ўсходняе партнэрства ўкладалася й фармулявалася, не былі відавочныя небясьпекі, зь якімі зараз сутыкнуліся краіны-партнэры ЭЗ, а менавіта з інфармацыйнай вайной Расейскай Фэдэрацыі.

Па меркаваньні Вячоркі, для зьберажэньня эўрапейскага каштоўнаснага поля варта стварыць салідарную інфармацыйную прастору, якая абыймала б Эўрапейскі Зьвяз і краіны Ўсходняга партнэрства. Гэты кірунак дзейнасьці мусіць стаць адным з самастойных, прыярытэтных у бліжэйшай будучыні.

Паводле Вячоркі, у інструмэнты стварэньня гэтай прасторы ўваходзілі б супольныя тэлевізійныя і радыёпраекты, абмены аналітычнымі матэрыяламі, навіннымі стужкамі. Вельмі важна, каб існавалі гарызантальныя сувязі паміж незалежнымі мэдыямі шасьці дзяржаваў, падлеглых дапамозе Ўсходняга партнэрства. У тым ліку трэба перагледзець місію Эўраньюз як эўразьвязаўскага канала, і ролю ў ім расейскай рэдакцыі.

У выпадку прыняцьця палітычнага рашэньня журналісцкія і аналітычныя супольнасьці нашай краіны вельмі хутка напоўнілі б гэтую ідэю канкрэтным зьместам, перакананы спадар Вячорка.​

Рабочая група – кіроўны орган Асамблеі НДА паміж Кангрэсамі, зьбіраецца раз на некалькі месяцаў і забясьпечвае выкананьне рашэньняў Кангрэсу. Склад РГ зацьвярджаецца Кангрэсам зь ліку прадстаўнікоў арганізацыяў-сябраў Асамблеі, вылучаных галіновымі і тэрытарыяльнымі Круглымі сталамі. Зараз у РГ Асамблеі ўваходзіць 44 чалавекі.

XS
SM
MD
LG