Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь была і застаецца арэнай процістаяньня вонкавых сілаў замест таго, каб быць самастойным гульцом з самастойнымі інтарэсамі. І тое, што ўжо чвэрць стагодзьдзя існуе фармальна незалежная беларуская дзяржава, не асабліва робіць справы лепшымі з-за натуры гэтае дзяржавы, якая апошнія дваццаць гадоў працуе на раскол беларускага грамадзтва і адштурхнула ад сябе найбольш пасіянарную, сьвядомую і патрыятычную частку беларусаў. Нідзе ў нашым рэгіёне такога больш няма. Як нідзе няма такога, каб слова «сьвядомы» (па-расейску — «сознательный», калі каму не зразумела) выкарыстоўвалася чыноўнікамі як абразьлівае.

Беларускай дзяржаве як быццам няма справаў да абароны беларускіх нацыянальных інтарэсаў: больш за тое, за польскі сьцяг у вас у Беларусі ня будзе непрыемнасьцяў, а вось за бел-чырвона-белы беларускі — будуць.

Яскравы прыклад, які ўжо неаднаразова кідаўся ў вочы і які яшчэ пацьвердзіўся днямі — гэта «грабавое» маўчаньне, зь якім беларуская грамадзкасьць ставіцца да таго, што відныя прадстаўнікі польскай меншасьці ў Беларусі адкрыта дазваляюць сабе двухсэнсоўныя публічныя выказваньні адносна тэрытарыяльнай цэласьці Беларусі. Ці зь якім яна, напрыклад, ігнаруе цяперашняе ўшанаваньне польскімі ўладамі нацыяналістычных польскіх бандытаў на чале з Рамуальдам «Бурым» Райсам, якія ў паваенны час ладзілі этнічныя чысткі ў дачыненьні да беларусаў Падляшша.

Што робіць амбасада РБ у Польшчы ў гэтай сувязі? Што робіць вялікая апазыцыйна настроеная беларуская дыяспара ў Варшаве? Тое самае: яны маўчаць.

Беларускай дзяржаве як быццам няма справаў да абароны беларускіх нацыянальных інтарэсаў: больш за тое, за польскі сьцяг у вас у Беларусі ня будзе непрыемнасьцяў, а вось за бел-чырвона-белы беларускі — будуць.

А беларускай апазыцыі або беларускай контар-эліты не існуе ў крышталізаваным выглядзе. Апрача гэтага, Польшча фінансуе нам «Белсат», Радыё «Рацыя» і, відаць, багата чаго яшчэ. Польшча раздае нам направа-налева «карткі паляка». І таму — што зьдзіўляцца, калі некаторыя журналісты некаторых базаваных у Польшчы беларускіх СМІ так старанна выказваюць на фэйсбуку сваё захапленьне часамі знаходжаньня Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы. Якое з пазыцый беларускіх інтарэсаў называецца «польская акупацыя заходняй часткі Беларускай Народнай Рэспублікі».

І справа ня толькі ў Польшчы.

Ёсьць, скажам, адзін ультраправы беларускі дзеяч, які калісьці раней часта гасьціў у Літоўскай Рэспубліцы і вельмі апантана адстойваў інтарэсы летувісаў, кпіў зь беларускіх прэтэнзій на спадчыну Вялікага Княства Літоўскага. А потым зь некаторага часу ўстаў на пазыцыі абароны рэжыму Лукашэнкі і эўразійства, што ўдала супала з атрыманьнем грантаў ад расейскай фундацыі і з тым, што дзяржаўныя ўстановы Беларусі пачалі даваць ягонай арганізацыі шыкоўныя пляцоўкі для мерапрыемстваў.

Або ёсьць адна кабета, якая распачала цікавую ініцыятыву па папулярызацыі беларускай мовы, да якой усе ставіліся зь вялікім захапленьнем, пакуль не даведаліся, што наша гераіня працуе на дзяржаўнай расейскай тэлевізіі і па сваёй працы займаецца прапагандысцкай падтрымкаю данбаскіх тэрарыстаў — што яна пасьпяшалася апантана пацьвердзіць і нават пачала агрэсіўна апраўдваць.

Ці ёсьць адзін недзяржаўны цэнтар палітычных дасьледаваньняў, які займаўся разьлічанай на Захад экспэртызай па беларускіх пытаньнях, але пасьля трагічнай сьмерці свайго заснавальніка падаўся ў адкрытую прапагандысцкую падтрымку Лукашэнкі, з лукавым кляйменьнем Эўропы за непасьлядоўнасьць — маўляў, «што ж вы з дыктатарскім Азербайджанам маеце справы, а з дыктатарскай Беларусьсю — не».

І для кожнага з гэтых выпадкаў можна ўявіць сабе цалкам пасьлядоўнае ідэйнае абгрунтаваньне, чаму менавіта трэба сябраваць з «гэтымі» супраць «тых»: з палякамі супраць Лукашэнкі і Крамля, або з Крамлём супраць Лукашэнкі, або з Лукашэнкам і Крамлём супраць «гейропы». Або з Лукашэнкам супраць Крамля як «большага зла» ці проста для ўмацаваньня беларускай дзяржаўнасьці хай бы ў выглядзе цяперашняга мутанта.

Вонкавыя сілы былі заўсёды вымушаныя лічыцца зь беларусамі як з фактарам — але беларусы так і ня сталіся сілай, якая б адкрыта дыктавала ім свае ўмовы.

Неабыякавых і актыўных беларусаў вельмі мала, і нават зь іх вялікая колькасьць вымушаныя дзейнічаць у фарватары нейкіх небеларускіх цэнтраў сілы. Так было і на працягу ўсяго ХХ стагодзьдзя: беларусы спрабавалі выкарыстаць бальшавікоў і летувісаў супраць палякаў, палякаў — супраць бальшавікоў і летувісаў, потым — немцаў супраць палякаў і бальшавікоў, потым — амэрыканцаў супраць бальшавікоў.

Вонкавыя сілы былі заўсёды вымушаныя лічыцца зь беларусамі як з фактарам — але беларусы так і ня сталіся сілай, якая б адкрыта дыктавала ім свае ўмовы.

Праз амаль сто гадоў пасьля Першага Ўсебеларускага Зьезду і стварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі беларусы дагэтуль адсутнічаюць як выразны адзіны, кансалідаваны цэнтар сілы з уласнымі інтарэсамі — якія не супадалі б ані з польскімі, ані з расейскімі, ані з амэрыканскімі ці яшчэ будзь-якімі інтарэсамі. Беларуская дзяржава? Яе ў сьвеце не існуе, на яе месцы існуе апарат узурпацыі ўлады над тэрыторыяй і рэсурсамі Беларусі з боку аднаго-адзінага чалавека, які гэтай уладай ні з кім больш дзяліцца ня хоча.

Перад вайной славутыя беларускія нацыянальныя паэты былі вымушаныя пісаць здравіцы Сталіну і ягоным памагатым.

А выціснутая Лукашэнкам з палітычнага працэсу актыўная беларуская палітычная кляса сёньня існуе як набор вэктараў, як набор варагуючых паміж сабой адзінак, якія спрабуюць асядлаць інтарэсы тае ці іншае сілы і выманэўраваць у іх умовах.

Пры гэтым, выкарыстаньне «ворага твайго ворага» вельмі часта разумее пад сабой небясьпечныя кампрамісы. Перад вайной славутыя беларускія нацыянальныя паэты былі вымушаныя пісаць здравіцы Сталіну і ягоным памагатым. У часы Другой Сусьветнай беларускія газэты праслаўлялі Гітлера і распальвалі нянавісьць да габрэяў.

Цяпер вось некаторыя беларусы настальгуюць па «Kresach wschodnich».

І вінаватая ў гэтым ніякая не «прадажнасьць» беларускай палітычнай клясы і беларускіх журналістаў і актывістаў як катэгорыі. І вінаватыя нават не палякі/расейцы/летувісы, якія проста дзейнічаюць у адпаведнасьці са сваімі натуральнымі інтарэсамі. Вінаватая шматгадовая палітыка цяперашніх беларускіх уладаў, якія раскалолі беларускае грамадзтва і выштурхнулі сотні ці нават тысячы актыўных і неабыякавых людзей з арбіты легальнай публічнай палітыкі ў Беларусі. У той час, як у любой іншай краіне такія людзі зьяўляюцца глебай для вырошчваньня і гадаваньня новых пакаленьняў палітычнай эліты.

Прыкра ўсё гэта.

Меркаваньне аўтараў блогаў можа не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі​

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG