Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскія дасьледчыкі: летась Украіну абстрэльвалі з тэрыторыі Расеі


Брытанскія журналісты і адмыслоўцы правялі расьсьледаваньне і выявілі, што летась улетку абстрэлы Ўкраіны вяліся з тэрыторыі Расеі.

Група журналістаў і дасьледчыкаў Bellingcat, якія спэцыялізуюцца на расьсьледаваньнях, выкарыстала лічбавыя мэтады выяўленьня, аналіз спадарожнікавых здымкаў і сацыяльных мэдыяў.

У справаздачы Bellingcat адзначаецца, што «улетку 2014 году па ўкраінскіх вайсковых падразьдзяленьнях, разьмешчаных каля расейска-ўкраінскай мяжы, былі нанесеныя артылерыйскія ўдары. З 9 ліпеня да 5 верасьня 2014 году дзяржаўная памежная служба Ўкраіны і Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны паведамілі пра больш чым 120 атак расейскай артылерыі. У сваю чаргу, прадстаўнікі Расіі адмаўлялі нанясеньне якіх-небудзь артылерыйскіх удараў па Ўкраіне са сваёй тэрыторыі».

Далей ў справаздачы зьвяртаецца ўвага на тое, што «ўстойлівы артылерыйскі агонь у першыя дні жніўня вымусіў украінскія вайсковыя сілы пакінуць сотні кілямэтраў прымежных тэрыторый без кантролю. Спадарожнікавыя здымкі ўсходняй Украіны у Google Earth, датаваныя ліпенем, жніўнем і верасьнем 2014 году, дазволілі дасьледчай камандзе Bellingcat знайсьці доказы ажыцьцяўленьня артылерыйскіх нападаў, вызначыць іх паходжаньне і параўнаць свой аналіз з матэрыяламі зь мясцовых крыніцаў. Прааналізаваўшы спадарожнікавыя здымкі, а таксама відэазапісы з сацыяльных сетак, паведамленьні мясцовых СМІ і зьменлівую карту разьвіцьця канфлікту, каманда дасьледнікаў Bellingcat выявіла існаваньне пераканаўчых доказаў таго, што артылерыйскія абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі, накіраваныя супраць украінскіх узброеных сілаў, былі зробленыя з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі.

Цалкам справаздачу (на расейскай мове) можна спампаваць тут:

У «Выснове» экспэртаў, у прыватнасьці, гаворыцца:

Каманда дасьледчыкаў Bellingcat прааналізавала 1353 артылерыйскія варонкі на ўсходзе Ўкраіны і вызначыла іх траекторыі з дапамогай міжнародна прызнаных мэтадаў і спадарожнікавых здымкаў. Мы выявілі агнявыя пазыцыі, якія практычна супадаюць з гэтымі траекторыямі, усе яны знаходзіліся на тэрыторыі Расеі — за адным выключэньнем, гэтая адна пазыцыя знаходзілася менш чым за 2 кілямэтры ад расейскай мяжы.

У гэтым дакладзе вывучаюцца тры артылерыйскія абстрэлы: пад Амвросіеўкай (14 ліпеня 2014), паміж шахтай «Далжанская-Капітальная» і вёскай Панчанкава (16 ліпеня — 8 жніўня 2014) і пад Хмяльніцкім (25 ліпеня 2014). Наш аналіз артылерыйскіх варонак дазволіў выявіць дзесяць асноўных траекторыяў абстрэлу ва ўсіх выпадках. Мы выявілі агнявыя пазыцыі для кожнай траекторыі абстрэлу. Дзевяць з гэтых агнявых пазыцый знаходзіліся — па-за ўсякім сумневам — на тэрыторыі Расеі, тры зь іх знаходзіліся на адлегласьці ад 400 да 800 мэтраў ад ваеннага лягера.

Адзіная пазыцыя ва Ўкраіне знаходзілася пад Чырвонапартызанскам, на тэрыторыі Ўкраіны, за 1,2 км на поўдзень і 1 км на поўнач ад мяжы з Расеяй.

Траекторыя трох агнявых пазыцый была вызначана з дапамогай аналізу абгарэлых сьлядоў запуску рэактыўнай сыстэмы залпавага агню. Усе тры траекторыі дакладна вядуць да мэты на поле з варонкамі, што дазволіла нашай камандзе разьлічыць траекторыі ў абодвух напрамках (г. зн. ад поля з варонкамі да агнявой пазыцыі і ад агнявой пазыцыі да поля з варонкамі). Таксама каля сямі агнявых пазыцыяў бачныя сьляды машын, зь якіх ясна відаць, што яны пачынаюцца на расейскай тэрыторыі і далей вядуць на яе ж.

Агнявая пазыцыя абстрэлу 16 ліпеня 2014 году ў полі на поўнач ад Гукава (Расея), трапіла на некалькі відэа, знойдзеных у сацыяльных сетках. На чатырох з гэтых відэа бачныя тыя самыя залпы 122-мілімэтровых рэактыўных сыстэмаў залпавага агню, пад рознымі вугламі. Шляхам параўнаньня месцаў здымкі і вуглоў агляду відэа камандзе Bellingcat удалося вызначыць дакладную агнявую пазыцыю. Зь невялікім адхіленьнем (300 м пры далёкасьці стральбы 15 кілямэтраў) агнявая пазыцыя, геаляцыраваная з дапамогай аналізу відэа, аказалася той самай, што і выведзеная з аналізу варонак.

У выніку дадзенага дасьледаваньня атрыманыя пераканаўчыя доказы, што паміж 14 ліпеня і 8 жніўня з агнявых пазыцый на тэрыторыі Расеі былі зробленыя абстрэлы тэрыторыі Ўкраіны.

Першы абстрэл 14 ліпеня быў зроблены з расейскай тэрыторыі з-пад расейскага хутару Селязьнёў у напрамку пазыцый Узброеных сілаў Ўкраіны на поўдзень ад украінскай вёскі Амвросіеўка. Чатыры абстрэлы былі зроблены з-пад Гукава (Расея) па пазыцыях Узброеных сілаў Украіны каля шахты «Далжанская-Капітальная» і вёскі Панчанкава паміж 16 ліпеня і 8 жніўня. Яшчэ два абстрэлы гэтай тэрыторыі былі зроблены з тэрыторыі Расеі на поўнач ад Гукава.

25 ліпеня пазыцыі ўкраінскай 72-й мэханізаванай брыгады пад Хмяльніцкім, на поўдзень ад Сьвярдлоўску, падпалі пад артылерыйскі абстрэл. Гэтыя абстрэлы таксама ажыцьцяўляліся з пазыцый у Расеі, канкрэтна з вайсковай базы ў Паўлаўцы і з пазыцыі на ўсход ад пасёлка Малы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG