Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карупцыя сярод судзьдзяў: чатырох асудзілі за хабар, аднаго — за махлярства


Намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Валер Калінковіч на пытаньне Свабоды пра карупцыю ў судовай сыстэме распавёў пра пакараных за мінулы год судзьдзяў.

«Гэта былы намесьнік старшыні раённага суду ў Магілёве Ўмараў, які за хабар быў асуджаны на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Да такой жа меры пакараньня асуджаны былы намесьнік старшыні раённага суду з Гомеля Жораў. Зусім нядаўна Вярхоўным судом завершаны разгляд справы былога намесьніка Беларускага вайсковага суду Тузава, які асуджаны на значны тэрмін. І на 5 гадоў пазбаўленьня волі быў асуджаны былы старшыня Кіраўскага раённага суду, але не за хабарніцтва, а за махлярства разам з падбухторваньнем да хабару. Як бачна, меры пакараньня да нашых былых калегаў выбраны даволі суворыя, фактычна максымальныя. І я адказна заяўляю, што ў выпадках паўтарэньня такіх праяў мы гэтаксама прынцыпова будзем ацэньваць кожную здраду ў судовай сыстэме той прысязе, якую даюць судзьдзі перад заступленьнем на пасаду».

Карэспандэнт: «Што вядома пра справу арыштаванага паводле абвінавачаньня ў атрыманьні хабару судзьдзі Эканамічнага суду Менску Юрыя Грушэцкага? Ці праўда, што па выніках праверкі ў гэтым судзе адхіленыя ад працы яшчэ некалькі судзьдзяў?»

Валер Калінковіч
Валер Калінковіч

«Адносна справы Грушэцкага трэба зьвяртацца ў КДБ, дзе вядуць сьледзтва па гэтай справе. Ён працаваў судзьдзёй Эканамічнага суду Менску, нейкі час працаваў. Асабіста я яго ня ведаў. Мяркую, па гэтай справе рана даваць пэўныя камэнтары.

Што да зьвестак пра іншых судзьдзяў Эканамічнага суду Менску, — ня маю такой інфармацыі. Гэта таксама трэба адрасаваць да сьледзтва».

У Эканамічным судзе Менску зьвесткі пра тое, што ў выніку праверкі па справе Юрыя Грушэцкага ад працы адхіленыя некалькі судзьдзяў, не камэнтуюць.

Старшыня Кіраўскага раённага суду, пра асуджэньне якога на 5 гадоў апавёў Валер Калінковіч, — гэта Аляксей Клімаў, якога арыштавалі ў красавіку мінулага году пасьля атрыманьня хабару. Праваабаронцы згадалі, што Аляксей Клімаў на былой працы адзначыўся працэсамі над удзельнікамі маўклівых акцыяў у 2011 годзе.

Былы намесьнік старшыні Беларускага вайсковага суду Юры Тузаў у канцы 2014 году быў асуджаны за хабар на 14 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці і забаронай цягам 5 год займаць пасады ў судовых і праваахоўных органах.

Гары Паганяйла
Гары Паганяйла

Былы судзьдзя, праваабаронца Гары Паганяйла мяркуе, што рэальныя памеры карупцыі сярод судзьдзяў большыя.

«Найпершая прычына — у заганнай сыстэме падбору судовых кадраў. Насамрэч гэта ўсё пакінута на вырашэньне чыноўнікаў, найперш з адміністрацыі Лукашэнкі, бо менавіта там кладуць яму на стол дасье на кандыдата ў судзьдзі. Як правіла, грамадзкасьці, журналістам, грамадзянам невядома, хто ўвогуле прэтэндуе на гэтыя пасады. Ёсьць так званая кваліфікацыйная камісія судзьдзяў, якая мусіла б гучней выказваць сваё меркаваньне. Але яна дзейнічае фармальна, бо не зацікаўленая ў належным падборы кадраў.

А другая прычына, магчыма, самая галоўная, — у тым, што судовы працэс аказваецца фактычна бескантрольны. З аднаго боку, абвешчаны прынцып незалежнасьці судзьдзяў, неўмяшаньня ў працу суду. Але, з другога боку, судзьдзі гэта выкарыстоўваюць, каб рабіць што ім трэба, у тым ліку і для атрыманьня хабару. А касацыйныя інстанцыі не настолькі эфэктыўныя, каб выяўляць памылкі судзьдзяў, і судзьдзі гэтым карыстаюцца. Да таго ж у нашых законах вельмі шмат магчымасьцяў, каб судзьдзя прымаў рашэньне на падставе свайго меркаваньня, так ці гэтак. Адпаведна, часта судзьдзі вырашаюць справу гэтак, як хтосьці пра гэта папрасіў.

Часта судзьдзі вырашаюць справу гэтак, як хтосьці пра гэта папрасіў

Магу сказаць, што гэтыя карупцыйныя злачынствы сярод судзьдзяў — вельмі лятэнтныя, то бок схаваныя. А той факт, што некалькі судзьдзяў усё ж сталі перад судом, пазбавіліся сваіх мантыяў, паказвае на тое, што ўсё ж сярод судовага корпусу крымінальныя памкненьні шырокія».

На прэсавай канфэрэнцыі ў Нацыянальным прэсавым цэнтры была распаўсюджана карупцыйная статыстыка за мінулы год. Паводле дадзеных Вярхоўнага суду Беларусі, колькасьць карупцыйных злачынстваў летась узрасла больш як на чвэрць. Усяго за карупцыю былі асуджаныя 297 былых чыноўнікаў рознага ўзроўню. Зь іх 153 пазбаўленыя волі на розныя тэрміны, у 105 былых начальнікаў канфіскавалі маёмасьць, 4 чалавекі пазбавіліся вайсковых ці адмысловых званьняў, 38 чыноўнікаў аштрафаваныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG