Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнім часам беларускаму грамадзтву ў інтэрнэт-прасторы настойліва навязваецца дыскусія аб перайменаваньні краіны. На думку яе ініцыятараў, Беларусь — назва штучная, накінутая Масквой, адсюль усе нашы праблемы. Маўляў, зьменім назву — адпрэчым і праблемы. Гэта міжволі выклікае ў маёй памяці адну аналёгію.

Кросны для мяне — не экспанат у музэі. У мае школьныя гады ў вёсках на Гарадзеншчыне яшчэ ткалі. Адзін з дарагіх успамінаў — зімовым вечарам вучу ўрокі, а за перагародкай мякка пастукваюць кросны. Маці ткала посьцілкі на ложкі — у нас іх называлі радзюжкамі. Ромбікі, палоскі, дробныя квадрацікі, нейкія мудрагелістыя карункі сьняжынкападобнай формы — невядома, адкуль тыя арнамэнты браліся. Спалучэньне колераў і па сёньня выклікае зьдзіўленьне — то чорным па жоўтым, то зялёным па чорным, то палосы ўсіх колераў вясёлкі па такой жа стракатай тканіне.

Маці ткала доўга, почасту далёка за поўнач, але вельмі марудна. Так мне, прынамсі, здавалася. Імкліва лётаў чаўнок, хутка, як вэлясыпэдныя пэдалі, апускаліся-падымаліся панажы, але гатовая ўзорыстая тканіна накручвалася на навоі надзвычай павольна. Амаль незаўважна — па некалькі сантымэтраў за гадзіну. На тканьне адной посьцілкі ішоў мінімум месяц. Што і казаць, нудная была праца ткальляў, мусілі яны, апрача ўсяго іншага, мець вялікае цярпеньне.

Каб разьвеяць нуду, да нас у хату штовечар прыходзілі суседкі. Успаміналі маладосьць, часам ціха сьпявалі, часам прыладжвалі ў куце калаўротак. О, гэта было за шчасьце — пакруціць яго з паўгадзіны. Уяўлялася, што некуды едзеш і едзеш на вялікім драўляным коле. Кола шпарка круцілася, бёрды ў кроснах мякка пастуквалі, нясьпешна цякла размова, і раптам...

— Лёдзя, ты ж няправільна тчэш, тут у строгі раёк трэба, а ты закасіла. Распускаць трэба! — гэта маладзейшая і нібыта больш відушчая суседка, якая незадоўга перад тым зайшла ў хату.

Жаночы кансыліюм схіляецца над сьвежавытканай посьцілкай. Прыглядаюся да яе і я, хоць, прызнацца, ніякіх «райкоў» і «перакосаў» ня бачу. Узор ляжыць роўна, сымэтрычна, і мне незразумелыя прэтэнзіі патрабавальнай суседкі. Тым ня менш прымаецца калегіяльнае рашэньне — распусьціць немалы адрэзак посьцілкі.

Па настойваньні суседкі, якая, падазраю, разьбіралася ў народных ткацкіх арнамэнтах, як у канфігурацыі зорак на небе, колькідзённая работа ішла кату пад хвост.

Гэта была самая недарэчная, самая антыпрадукцыйная праца, якую мне даводзілася назіраць у маленстве. Па настойваньні суседкі, якая, падазраю, разьбіралася ў народных ткацкіх арнамэнтах, як у канфігурацыі зорак на небе, колькідзённая работа ішла кату пад хвост. Маці як не сваімі рукамі, прыгалошваючы, выцягвала назад «няправільна» ўтканыя ніткі, каб па-новаму выткаць той строгі раёк.

Яшчэ раз паўтару, расплятаньне тканіны выглядала нават у дзіцячых вачах відавочнай непатрэбшчынай. Дый маці шкадаваў, яе вачэй і рук, што «цягам доўгія часіны» (ужо тады я ведаў напамяць «Слуцкіх ткачыхаў» Багдановіча), сантымэтар за сантымэтрам, выштукоўвалі тыя неабходныя ў хатнім побыце посьцілкі.

Той даўні выпадак прыгадваецца мне кожнага разу, калі ў СМІ ці на інтэрнэт-форумах чытаю пра неабходнасьць адмовіцца ад назвы Беларусь. Маўляў, накінула яе нам расейская імпэратрыца, каб прывязаць Белую Русь да Русі Маскоўскай. А вось калі мы адмовімся ад гэтай імпэрскай «белай рашкі» на карысьць гістарычнай Літвы, то ўсё ў нас адразу пойдзе на лад: і нацыянальная сьвядомасьць адновіцца, і мова адродзіцца, і самы зацяты імпэрац з намі ва ўсім палахліва згодзіцца. І тады ўжо, маўляў, мы падкуём сваіх коней залатымі цьвікамі — як сапраўды казалі некалі ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Не падкуём, на жаль. Па-першае, коней амаль усіх зьвялі, па-другое, золата ў Нацбанку — кот наплакаў, каб хоць на падтрымку штаноў хапіла, ня тое што на цьвікі.

А калі сур’ёзна, то хочацца спытацца ў ахвотнікаў пераназвацца — вы сапраўды думаеце, што калі трухлявы плыт назваць ледаколам, то ён лёд пачне крышыць? Сёньня вам «прывязка» да Расеі жыць замінае, а заўтра «прывязка» да Летувы — ня будзе?

На маю думку, дыскусіі пра зьмену назвы краіны — гэта тое самае расплятаньне тканіны. Цягам стагодзьдзяў, хай сабе з вымушанымі перапынкамі, працавалі кросны і ткаўся, і напаўняўся сэнсамі назоў Беларусь. Са сваімі пазнавальнымі, хоць і някідкімі, узорамі. А тут прыходзіць «суседка» (ці свой, ёю падвучаны) і кажа: саткана няправільна, трэба разаткаць назад. І калі пагадзіцца, то пачнецца доўгае і пакутлівае расплятаньне тканіны. Камусьці, відаць, патрэбнае, але з нашага нацыянальнага гледзішча — самае звычайнае марнатраўства.

Пакаленьні і пакаленьні працавалі за тымі кроснамі. Працавалі стваральна, пакідаючы сваю залатую нітку ў агульным узоры. Марудна, празь неймаверныя высілкі палатно ўсё ж ткалася.

Пакаленьні і пакаленьні працавалі за тымі кроснамі. Працавалі стваральна, пакідаючы сваю залатую нітку ў агульным узоры. Марудна, празь неймаверныя высілкі палатно ўсё ж ткалася. Прыходзіў вораг, ламаў кросны, драпежыў льняныя палеткі і зганяў за сабой воўну, якая яшчэ бляяла і мэкала. Але мінаў час, недатканае палатно даставалася са сховані, рабіліся новыя кросны, і праца працягвалася.

І калі Францішак Багушэвіч у прадмове да сваёй «Дудкі беларускай» накрэсьліваў нашы этнічныя межы — ён ствараў нацыянальнае палатно пад назвай Беларусь.

І калі касінеры Кастуся Каліноўскага на пытаньне «Каго любіш?» адказвалі: «Люблю Беларусь!» — яны імкнуліся даткаць тое самае палатно.

І калі Янка Купала, які па прыродзе сваёй ня ўмеў пісаць лёзунгі, усё ж апошнім радком выдыхаў: «Гэта крык, што жыве Беларусь!» — ён даствараў тое самае палатно, якое ў часы паэта ператварылася ў напоўнены сэнсам габэлен, які можна было і на сьцяну павесіць.

І Максім Багдановіч («Беларусь, твой народ дачакаецца»), і Ўладзімер Жылка («О, як соладка сэрцу маліцца: Беларусь, Беларусь, Беларусь»), і Ўладзімер Дубоўка («О Беларусь — мая шыпшына»), і Натальля Арсеньнева («Беларусь, Беларусь залатая»), і Ларыса Геніюш («Як жыць — дык жыць для Беларусі»), і Рыгор Барадулін («Беларусь — ты мой сон велікодны»), і сотні іншых выдатных творцаў жыцьцё паклалі, каб той габэлен Беларусь даткаць, дарабіць, дастварыць. І — амаль даткалі, дарабілі, засталося пару ўзораў давяршыць ды кутасікамі аздобіць.

А мы ўсе пад тым габэленам станем, назавемся літвінамі, і ад той пары ні Кацярына Вялікая, ні Ўладзімер малы над намі ніякай улады ня мецьмуць.

А тут ні з пушчы ні з поля зьяўляюцца разумнікі і кажуць: усё ня так, трэба габэлен назад расплесьці і з тых самых нітак выткаць новы, пад іншай назвай — Літва ці Вялікалітва. А мы ўсе пад тым габэленам станем, назавемся літвінамі, і ад той пары ні Кацярына Вялікая, ні Ўладзімер малы над намі ніякай улады ня мецьмуць.

У сацыяльных сетках растуць, як грыбы пасьля дажджу, кіраваныя спрактыкаванай рукой літвінскія суполкі, выдаюцца тэматычныя альманахі, любы гісторык, які разумее ўсю небясьпеку кампаніі па перайменаваньні, літаральна задзёўбваецца на інтэрнэт-форумах (прычым хутка і дружна — відно, што працуе адмысловая каманда). Паступова падобная дзейнасьць дае свой плён. І вось ужо моладзь пляскае ў ладкі, а знаны празаік, аўтар гістарычных раманаў пра Міндоўга, Усяслава Чарадзея і Канстанціна Астроскага пасяляе сваіх герояў-суайчыньнікаў у краіне Ліцьвініі...

Усё гэта — закрэсьліваньне працы папярэдніх пакаленьняў, падсяканьне сука, на якім мы ўсе сядзім. Распусканьне тканіны, расплятаньне палатна.

У старажытнай міталёгіі ёсьць адпаведнік апісанаму тут беларускаму выпадку. Памятаеце, Пэнэлопа замест таго, каб прагнаць з двара нахабных залётнікаў, ткала і расплятала палатно. Праца бессэнсоўная, але яна ведала, што вернецца Адысэй і паразганяе нахабнікаў, якія спустошвалі каморы. Нам на Адысэя-збаўцу спадзявацца не выпадае. Таму не гуляйма з агнём і не падпускайма да беларускіх кроснаў сумнеўных тыпаў, мэта якіх адна — расплятаньне палатна.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG