Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Манаеў: Беларусы супраць падвышэньня пэнсійнага ўзросту, бо баяцца не дажыць


Алег Манаеў

Алег Манаеў

У Беларусі не разглядаецца пытаньне аб падвышэньні пэнсійнага ўзросту ні для жанчын, ні для мужчын. Пра гэта 18 лютага заявіў намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Валеры Кавалькоў на сваёй онлайн-канфэрэнцыі:

«Ва ўмовах росту выдаткаў на пэнсіі многія краіны падвышаюць пэнсійны ўзрост. Пры гэтым у адных краінах захоўваецца розьніца ва ўзросьце выхаду на пэнсію ў жанчын і мужчын, у іншых — гэты ўзрост паступова раўняецца. У Беларусі пытаньне аб падвышэньні пэнсійнага ўзросту — ні для жанчын, ні для мужчын — цяпер не разглядаецца».

У спадара Кавалькова запыталіся, ці плянуе міністэрства вывучаць грамадзкую думку наконт зьмяненьня пэнсійнага ўзросту. Намесьнік міністра адказаў, што такое апытаньне «міністэрствам не ініцыявалася, не праводзілася і не плянуецца».

А вось Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў рэгулярна задае сваім рэспандэнтам падобнае пытаньне, — сказаў Свабодзе заснавальнік НІСЭПД прафэсар Алег Манаеў. — Апошні раз гэта адбылося ў сьнежні 2014 году, і вынікі апытаньня зусім нядаўна надрукаваныя:

«Такое было пытаньне: „Зь якім з наступных цверджаньняў адносна пэнсійнага ўзросту вы згодныя?“. І было два варыянты: першы — пэнсійны ўзрост трэба павялічыць, каб падвысіць пэнсіі. На яго станоўча адказалі 17%. І другі варыянт — падвышаць пэнсійны ўзрост не патрэбна, паколькі многія не дажывуць да пэнсіі. Тут станоўча адказалі амаль 77%, канкрэтна — 76,7%. Вось і параўноўвайце».

Сацыёляг Манаеў кажа, што яму давялося пажыць і папрацаваць у 30 краінах:

У ніводнай краіне, калі праводзіць такое апытаньне, нават у Злучаных Штатах і Японіі, большасьць таксама не была б за падвышэньне пэнсійнага ўзросту.

«У ніводнай краіне, калі праводзіць такое апытаньне, нават у Злучаных Штатах і Японіі, большасьць таксама не была б за падвышэньне пэнсійнага ўзросту. Псыхалёгія такая — кожны хоча атрымліваць болей, а рабіць меней.

А што тычыцца сытуацыі ў Беларусі, то ў гэтай фармулёўцы ўжо ёсьць канкрэтны адказ: многія не дажывуць да пэнсіі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэдняя працягласьць жыцьця нашых мужчын — каля 65 гадоў. У жанчын — на 11,5 года болей. Але ж гэта сярэдні паказьнік. А ў рэальнасьці многія, асабліва ў сельскай мясцовасьці, паміраюць і раней.

Таму — дзьве прычыны, чаму беларусы супраць гэтага. Першая — агульначалавечая: людзі ня хочуць ісьці на пэнсію пазьней і чакаць яе даўжэй. Да таго ж тут спрацоўвае і сіла звычкі за столькі гадоў. Другая — рэальная сытуацыя ў Беларусі, калі вельмі многія сапраўды баяцца не дажыць да пазьнейшай пэнсіі».

На тэрыторыі былога СССР пэнсійны ўзрост не зьмяніўся толькі ў трох краінах — Беларусі, Расеі і Ўзбэкістане.

«Але і яны таксама мусяць правесьці пэнсійную рэформу, бо ціск на эканоміку, на бюджэт з боку пэнсіянэраў толькі ўзрастае», — адзначае эканаміст Леў Марголін:

Ці раней, ці пазьней мы вымушаныя будзем гэтай справай заняцца. Але проста падняць пэнсійны ўзрост нельга.

«Ці раней, ці пазьней мы вымушаныя будзем гэтай справай заняцца. Але проста падняць пэнсійны ўзрост нельга. Гэта ўсё павінна быць у рэчышчы агульных рэформаў, калі адначасова будуць стварацца новыя працоўныя месцы за кошт інвэстараў, будуць падвышацца заробкі. Гэта ўсё павінна быць у адной сыстэме. Тады гэта будзе інакш і ўспрымацца. А ня так, як цяпер думаюць людзі, што гэта толькі дадатковы цяжар на іх».

Паводле словаў міністра працы і сацыяльнай абароны Марыяны Шчоткінай, у Беларусі цяпер каля 2,5 мільёна пэнсіянэраў. Зь іх працягваюць працаваць 643 тысячы.

Леў Марголін

Леў Марголін

«Колькасьць пэнсіянэраў, якія працуюць, штогод падвышаецца» — кажа Леў Марголін:

«Ёсьць дзьве прычыны гэтага. Першая — многім немагчыма жыць толькі за кошт пэнсіі. Другая — вельмі часта цяжка знайсьці чалавека на працоўнае месца з заробкам 2–2,5 мільёна рублёў, акрамя пэнсіянэра».

XS
SM
MD
LG