Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамяльчук: «Мы ляцім у прорву ўсьлед за Расеяй»


Гомель

Гомель

«Як за апошні час зьмянілася эканамічная сытуацыя ў Беларусі? Ці ў правільным кірунку разьвіваецца нацыянальная эканоміка?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Спадар: «Ускладнілася: заводы стаяць, заробкі падаюць, камуналка расьце. Хіба ж гэта станоўчае? Трэба наш рынак разьвіваць».

Спадар: «Пагоршылася. У людзей заробкі ўпалі, людзі раззлаваныя — ня маюць грошай. Шмат каго скарацілі. Гэта ўсё бачна: мы ж адзін з адным стасуемся. Трэба рабіць рэформы. І ня дзеля бачнасьці, а па-сапраўднаму. Іначай толку ня будзе. Мы ня проста ідзём — мы ляцім у прорву. Усьлед за Расеяй. Мы ўжо ладна — мы прывыклі да гэтага жыцьця. А дзеці? У іх няма будучыні, і гэта самае крыўднае. Будучыні ў дзяцей няма».

Спадар: «Губляем заробкі, губляем працоўныя месцы. Скарачаюць ня самі заробкі, а прэміяльныя. Ідзе паўсюль, як выказваюцца, аптымізацыя. Трэба працоўныя месцы ствараць».

Спадар: «Будзем наўпрост казаць: і Гомсельмаш, і „Камінтэрн“, і вагонарамонтны завод — цяпер заняпад усюды. Цэны павысіліся нават на гародніну. Капусты кіляграм каштуе 7 тысяч 100 рублёў. Такога, па-мойму, нідзе няма. Усе скардзяцца на вельмі нізкія заробкі. Тыя ж мэдыкі — мэдыцынская сястра атрымлівае два мільёны. Вельмі ўзяліся мы, беларусы, за будаўніцтва, а прамысловасьць — адстае».

Спадарыня: «Трэба падняць эканоміку, а ў іх толькі даляр падымаецца. Трэба на ўзроўні ўсё трымаць. Квартплату цяпер павысілі. Заплаці — а за што жыць? Добра, што зьезьдзіш у вёску, на лецішча, і там нешта пасадзіш. А калі б ня тая вёска, ня лецішча — лапу смакчы, і ўсё».

Спадар: «Шчыра кажучы, хранова — бяз працы сядзім. Усіх у адпачынак за свой кошт — паняволі. Карацей, нейкі каляпс, штосьці ня тое. За год усё абвалілася».

Спадар: «Па-мойму, да лепшага не зьмянілася. Цэны растуць, прадпрыемствы стаяць, заробкаў няма. Нават калі заводы й працуюць, то на склад — ніхто іхнюю прадукцыю не бярэ».

Спадар: «Вядома, пагаршаецца. Гэта відаць няўзброеным вокам па людзях. Грошай фізычна нестае. Цяпер нават у супэрмаркетах людзей мала. І такія кошыкі набываюць — вельмі ўсё выбарачна і ашчадна. Заробкі ўрэзалі — усё ўрэзалі. Калі грошы ёсьць, то чалавек іх выдаткоўвае, купляе для сябе, сям’і. А цяпер — заціскае. Высокія ілбы, чыноўнікі павінны думаць, як разьвівацца. Яны, можа, і цяпер думаюць, але ня ў тым напрамку».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG