Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты Дзярждумы выступілі ў абарону унесеных у чорны сьпіс ЭЗ першага намесьніка старшыні камітэту Дзярждумы па культуры, вядомага сьпевака Іосіфа Кабзона, а таксама кіраўніка Масгаркаму КПРФ Валерыя Рашкіна. Пра гэта паведамляе ТАСС.

«Мы ў расейскім парлямэнце аднадушна абураныя тым, што ўчора санкцыі былі ўведзеныя супраць нашых годных і паважаных калегаў Іосіфа Кабзона і Валерыя Рашкіна», — заявіў кіраўнік камітэту Дзярждумы па адукацыі Вячаслаў Ніканаў («Единая Россия»). «Іосіф Давыдавіч, Валеры Фёдаравіч, мы з вамі. Калі яны ўсе — Charlie, то мы з вамі ўсе — Кабзоны, і мы з вамі ўсе — Рашкіны», — падкрэсьліў Ніканаў, перадае ТАСС.

Раней старшыня ЦК КПРФ Генадзь Зюганаў, лідэр фракцыі кампартыі ў Дзярждуме, назваў санкцыі супраць Кабзона падступнымі і цынічнымі. «Я зьвяртаюся да кіраўніцтва Нямеччыны і Эўразьвязу: пакарайце каго заўгодна з нас», — заклікаў ён.

Пры гэтым уключэньне ў «чорны сьпіс» кіраўніка маскоўскага гаркаму КПРФ Валерыя Рашкіна Зюганаў расцаніў як узнагароду за жорсткую пазыцыю дэпутата.

З 16 лютага сьпіс асобаў, у дачыненьні да якіх прынятыя адрасныя санкцыі ЭЗ, быў пашыраны на яшчэ 19 фізычных і 9 юрыдычных асобаў. У яго трапілі пяць грамадзянаў Расеі — першы намесьнік міністра абароны РФ Аркадзь Бахін, намесьнік міністра абароны РФ Анатоль Антонаў, начальнік галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генштабу ўзброеных сілаў РФ Андрэй Картаполаў, сьпявак Іосіф Кабзон, дэпутат Дзярждумы, кіраўнік сталічнага аддзяленьня КПРФ Валеры Рашкін, і 14 жыхароў усходу Ўкраіны, у тым ліку палявы камандзір сэпаратыстаў Арсень Паўлаў па мянушцы Матарола, кіраўнік мінабароны самаабвешчанай «ДНР» Эдуард Басурын, і 9 арганізацый — вайсковых злучэньняў «ДНР» і «ЛНР».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG