Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзел у працэсе ўрэгуляваньня ўкраінскага крызісу, незалежна ад вынікаў, зьяўляецца для Аляксандра Лукашэнкі «бесьперапынным посьпехам» у яго высілках ісьці ўласным шляхам паміж Масквой і Брусэлем.

Гэтак лічыць амэрыканскі палітоляг Уільям Гіл, які піша ў Moscow Times у артыкуле пад назвай «Як Лукашэнка доіць украінскі крызіс»:

«Крызіс і вайна ва Ўкраіне ды адчужэньне паміж Расеяй і Захадам далі Лукашэнку шанцы эканамічнага і дыпляматычнага характару. Зваротныя санкцыі Масквы адносна эўрапейскіх тавараў стварылі зручную нагоду для прадпрымальнікаў у Беларусі, каб ўзбагаціцца на адпраўцы гэтых тавараў у Расею пад выглядам беларускіх прадуктаў.

Крызіс таксама дае Лукашэнку магчымасьць адстойваць сваю ўласную незалежнасьць і заслужыць прыхільнасьць сваіх суседзяў і ЭЗ крытыкай расейскіх санкцый супраць Украіны і Малдовы як пакараньня за імкненьне разьвіваць больш цесныя адносіны з Брусэлем.

Але перш за ўсё вайна ва Ўкраіне дала Лукашэнка каштоўную магчымасьць стварыць для сябе ролю нэўтральнага, шчырага пасярэдніка паміж Расеяй і Захадам, а таксама паміж Кіевам і збунтаванымі рэгіёнамі ва ўсходняй Украіне».

Што роля пасярэдніка і міратворца можа даць асабіста Лукашэнку? На думку Гіла, Лукашэнку ўжо ўдалося палепшыць адносіны з ЗША і Эўразьвязам ды «збалянсаваць» замежны гандаль. І амэрыканскі палітоляг заключае:

«Гледзячы на гэта з цынічнага боку, трэба адзначыць, што ў Беларусі сёлета будуць выбары, а ніякіх паляпшэньняў становішча прэсы, грамадзянскай супольнасьці ці выбарчых свабодаў не відаць і на даляглядзе. Лукашэнка, вядома, не баіцца пройгрышу, але ступень міжнароднага асуджэньня чарговага сфальсыфікаванага галасаваньня можа быць праблемай.

Магчыма, менскія ўлады спадзяюцца, што дыпляматычныя посьпехі і паляпшэньне адносін з Брусэлем могуць схаваць адсутнасьць зьменаў у рэпрэсіўнай палітычнай сыстэме ў краіне. Ня выключана, некалі ў будучыні ўлады ў Беларусі зрэагуюць больш прыхільна на пажаданьні грамадзянскай супольнасьці краіны. Але пакуль што розум падказвае, што ўсе козыры ў цынікаў».​

XS
SM
MD
LG