Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятар: Алькаголіку важна запоўніць пустую душу


Айцец Павал Касьпяровіч
Айцец Павал Касьпяровіч

У Гарадзенскай вобласьці жыве трохі больш як мільён чалавек. Паводле статыстыкі за 2013 год, на наркалягічным уліку хворых на алькагалізм было каля 30 тысяч чалавек, а наркаспажыўцоў — каля 1200.

І гэта толькі афіцыйныя лічбы. Экспэрты-нарколягі папярэджваюць, што колькасьць рэальных спажыўцоў можа адрозьнівацца ад уліковага на парадак.

Супрацоўнікі пункту, які арганізаваў айцец Павал, — пераважна людзі, якія самі маюць досьвед пазбаўленьня ад алькаголю і нарказалежнасьці. Але ў калектыве ёсьць і прафэсійныя нарколяг і псыхоляг.

Айцец Павал распавядае, што быў зьдзіўлены, як многа прыхаджанаў зьвярталіся да сьвятароў, каб дапамагчы блізкім і родным пазбавіцца алькагольнай альбо наркатычнай залежнасьці. Яшчэ болей зьдзіўляла тое, што людзі ня ведалі, куды і да каго зьвяртацца са сваёй бядой.

ня кожны чалавек з такой хваробай можа зьвярнуцца да лекара, але ў яго ёсьць давер да сьвятара, да якога ён можа прыслухацца

«Аказваецца, ня кожны чалавек з такой хваробай можа зьвярнуцца да лекара, — кажа айцец Павал. — Але ў яго ёсьць давер да сьвятара, да якога ён можа прыслухацца».

Мой суразмоўца алькагольную і наркатычную залежнасьць называе хваробай цела, душы і духу. І калі мэдыцына, паводле яго, працуе над целам, псыхолягі над душой, то сьвятар мацуе дух чалавека, запаўняе тую пустэчу, якая ўтвараецца ў душы.

Вельмі важна, кажа айцец Павал, каб кожны, хто зьвярнуўся да іх, змог знайсьці сэнс і апору. З кожным даводзіцца працаваць вельмі індывідуальна, выслухоўваць, тлумачыць, падказваць і пераконваць, каб дамагчыся напачатку сьціплага жаданьня накіравацца ў клініку, паверыць у тое, што і ты зможаш перамагчы залежнасьць. Гэтаму, паводле сьвятара, навучыў досьвед іншых людзей, якія самі прайшлі праз такое. Самому айцу Паўлу давялося прачытаць і выслухаць не адну такую гісторыю.

«Мы накіроўваем людзей ў дэтаксікацыйныя аддзяленьні, рэабілітацыйныя цэнтры, ёсьць групы самадапамогі для наркаманаў і ананімных алькаголікаў, існуе пры царкве таварыства цьвярозасьці, таварыства „Аланон“ для сваякоў залежных на алькагалізм і наркаманію. Мы кожнаму знаходзім найбольш адпаведнае месца», — тлумачыць айцец Павал.

Пытаюся ў айца Паўла, які плён дае іх праца. Ён наўпрост не адказвае, але пачынае з таго, што ў краіне трэба ў разы павялічваць колькасьць рэабілітацыйных цэнтраў, адукоўваць спэцыялістаў, удасканальваць выхаваўчы працэс і наагул выхоўваць цэласнага чалавека, асобу, грамадзяніна. Колькасьць залежных на алькаголь і наркаманію ў краіне катастрафічная.

«Мы ў сваёй дзейнасьці пастаянна практыкуем сустрэчы ў школах, навучальных установах, асобна з бацькамі. Вядзем сур’ёзую асьветніцкую працу, шмат часу на гэта аддаем. Але нацыя ўсё роўна п’е, усё роўна моладзь ўжывае спайс — значыцца, з намі нешта ня так. Значыцца, недастаткова ў гэтым кірунку працуюць і царкоўныя і грамадзкія і дзяржаўныя інстытуты — і мы імкнёмся пра гэта гаварыць і з моладзьдзю і зь іх бацькамі».

Айцец Павал зьвяртае ўвагу на тое, што ў нашых школах не існуе праграмаў сыстэмнай прафіляктыкі, адзін псыхоляг на ўсю школу ня здольны штодня нават зайсьці ў кожную клясу. Сьвятар і падлеткавы нарколяг не заходзіць у кожную сям’ю. Усе мы замала надаем увагі фармаваньню цэльнага чалавека, зь якога надалей складаецца цэльнае грамадзтва, а таму наперадзе айцец Павал прадбачыць яшчэ больш цяжкія часы.

Я прашу пра кантакт з супрацоўнікамі цэнтра, якія ўдзельнічаюць у кансультацыях і якія самі перажалі залежнасьць на алькаголь і наркаманію. Айцец Павал перакананы, што з журналістам яны размаўляць ня будуць бо ўжо мелі вопыт, калі журналісты іх няправільна разумелі і публікавалі памылковыя думкі.

Тым ня менш, мне ўдалося паразмаўляць зь людзьмі, залежнымі ад алькагалю і наркотыкаў. Адзін зь іх, спадар Сяргей, нават ня мог узгадаць, у якім узросьце пачаў піць. Але дайшло да таго, што пачала развальвацца сям’я. Ягоная гісторыя ў гэтым сэнсе звычайная, але цікава тое, што прыпыніўся ён пасьля таго, як пачаў хадзіць у ананімнае таварыства алькаголікаў у царкве. Дарэчы, узгадвае, што меўшы вялікае жаданьне пакінуць піць, папросту ня ведаў, куды зьвярнуцца з гэтым па дапамогу.

«Я зразумеў, што чалавек у нашым грамадзтве нікому не патрэбны, ён кінуты нават у шпіталі, але калі ўсё ж пашчасьціць трапіць да людзей, якія прайшлі тое, што ты перажываеш у жыцьці, і падказалі, зарыентавалі, далі надзею, то можна схапіцца хоць за кончык вяровачкі і спрабаваць...» — кажа Сяргей.

Ад Антона адмовіліся родныя, блізкія і сябры. Ён некалькі разоў праходзіў працэдуру дэтаксікацыі ў наркадыспансэры, але выходзіў адтуль і зноў браўся за шпрыц.

«Я ўсё разумеў, што казалі мне мае сваякі і блізкія, і мне не патрэбныя былі іх парады. Мне не хапала знайсьці чалавечага разуменьня, і я нідзе гэтага не знайшоў, пакуль не патрапіў да такіх самых людзей, як я, толькі ўжо перажыўшых гэтую праблему. Мне пашэнціла, але гэты працэс прайшоў няпроста», — распавядае Антон.

Ён узгадвае аповед аднаго з былых наркаманаў, які распавёў яму падобную да ягонай гісторыю, і проста сказаў: «Я змог і ты зможаш».

Айцец Павал нічога ня кажа пра пляны на будучае, ён перакананы, што наперадзе ў гэтым накірунку вельмі шмат працы перад усім грамадзтвам і яе трэба абавязкова зрабіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG