Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарога на верную сьмерць або Што насамрэч адбываецца ў Дэбальцава?


Фотаздымак салдатаў ўкраінскай арміі, якія гуляюць у мяч на трасе Арцёмаўск — Дэбальцава, патрапіў на першыя палосы многіх сусьветных СМІ
Фотаздымак салдатаў ўкраінскай арміі, якія гуляюць у мяч на трасе Арцёмаўск — Дэбальцава, патрапіў на першыя палосы многіх сусьветных СМІ

Украінскі фотажурналіст Уладзімер Шуваеў распавёў у інтэрвію Свабодзе пра сытуацыю ў Дэбальцаве — самай гарачай кропцы на ўсходзе Ўкраіны. Зроблены ім фотаздымак салдатаў ўкраінскай арміі, якія гуляюць у мяч на трасе Арцёмаўск — Дэбальцава, патрапіў на першыя палосы многіх сусьветных СМІ і стаў своеасаблівым візуальным сымбалем новага перамір’я. Аб рэальным спыненьні агню, зрэшты, там толькі працягваюць марыць.

Прапануем вам тэкст інтэрвію ў скароце.

РС: Якая цяпер становішча ў раёне Дэбальцава, ці дзейнічае тут хоць бы збольшага перамір’е?

Шуваеў: На жаль, абстаноўка дастаткова сур’ёзная, прычым як для ўкраінскага, гэтак і для супрацьлеглага боку. Казаць аб тым, што перамір’е дзейнічае цалкам, напэўна, нельга ні пра адно месца ў зоне канфлікту, а аб Дэбальцава — тым больш, бо там абстрэлы не спыняюцца і практычна не спыняліся нават у першую ноч пасьля перамір’я.

РС: І ўсё ж такі, ці існуе «дэбальцаўскі кацёл»? Сэпаратысты сьцьвярджаюць, што так, украінскае камандаваньне кажа, што не, што дастаўка боепрыпасаў і харчаваньня ў Дэбальцава працягваецца.

Шуваеў: Мы з калегамі ня можам цалкам пацьвердзіць ні адно, ні іншае. Адзіны факт, які ў наяўнасьці — гэта тое, што траса Арцёмаўск — Дэбальцава заблякаваная. Праехаць па ёй нельга. Калі ехаць з боку Арцёмаўску, то некалькі першых блёкпастоў яшчэ можна абмінуць, але ў нейкі момант ёсьць апошні блёкпост з украінскага боку, на якім салдаты настойліва ня раюць ехаць далей. Яны кажуць: «Калі вы хочаце ехаць на верную сьмерць — то калі ласка». Відавочна, ёсьць кантроль сэпаратыстаў за гэтай дарогай у раёне пасёлку Логвінава і далей у бок Дэбальцава.

РС: Ці можна параўнаць абарону Дэбальцава з абаронай данецкага аэрапорту, якая доўжылася амаль год?

Шуваеў: Напэўна, у ваенным пляне гэта параўноўваць можна. Але ў Дэбальцаве застаюцца мірныя жыхары, вывезьці якіх, хутчэй за ўсё, ужо немагчыма. Мы ня можам сьцьвярджаць з упэўненасьцю, але, улічваючы інтэнсіўнасьць абстрэлаў і тое, што там адбываецца, на жаль, хутчэй за ўсё, гэта так. Мы былі там за некалькі дзён да таго, як аблога ўзмацнілася, і вываз людзей працягваўся, пакуль гэта было магчыма. Але цяпер сытуацыя вельмі сур’ёзная і, наколькі мы разумеем, людзі практычна не выходзяць з сутарэньняў.

РС: Гэта значыць выехаць з Дэбальцава нельга ня толькі ў бок украінскіх пазыцый, але і ў бок пазыцый сэпаратыстаў?

Шуваеў: Фактычна менавіта так, паколькі праезд праз агнявыя пазыцыі сэпаратыстаў таксама немагчымы, абстрэлы вельмі інтэнсіўныя, гэта ўсе віды ўзбраеньняў — і рэактыўныя сыстэмы залпавага агню, і ствольная артылерыя, і стралковая зброя. Там пастаянна дзейнічаюць выведвальныя групы з абодвух бакоў, натуральна, мірным грамадзянам выехаць куды-небудзь практычна немагчыма. Час ад часу, у моманты цішыні, вакольнымі шляхамі туды прарываюцца мэдыкі. Ёсьць некаторая колькасьць мэдыкаў-валянтэраў з украінскага боку, яны з рызыкай для жыцьця, без канвою, на сваіх уласных машынах прарываюцца і вывозяць цяжка параненых. Гэта адзіныя людзі, пра якіх мы ведаем, што яны прарываюцца туды і назад.

РС: Гэта адбываецца цяпер, ужо пасьля фармальнага абвяшчэньня перамір’я?

Шуваеў: Так. Гэта адбывалася і раней, гэта адбываецца і цяпер. Па меншай меры, мы бачылі гэтых мэдыкаў учора ў Арцёмаўску, яны прывозяць параненых у Арцёмаўск.

РС: У карысьць вэрсіі аб тым, што «дэбальцаўскі кацёл» усё ж існуе, кажа навіна аб тым, што напярэдадні назіральнікі АБСЭ менавіта сэпаратыстаў прасілі забясьпечыць ім доступ у горад. Вам удалося пагутарыць з гэтымі назіральнікамі, вы бачылі прадстаўнікоў АБСЭ ў гэтым раёне? Многія ўкраінскія актывісты, напрыклад, вядомы валянтэр Тацьцяна Рычкова, абвінавачваюць назіральнікаў АБСЭ ў бязьдзейнасьці.

Шуваеў: Многія людзі, якія сочаць за хадой баявых дзеяньняў, не ўсьведамляюць, што прадстаўнікі АБСЭ зьяўляюцца цывільнымі, а не ваеннымі назіральнікамі, то бок яны ў першую чаргу абавязаны забясьпечыць сваю ўласную бясьпеку, і толькі пасьля гэтага — забясьпечыць маніторынг выкананьня пагадненьняў. Улічваючы, што траса Арцёмаўск — Дэбальцава заблякаваная сэпаратыстамі бліжэй да Дэбальцава, прыехаць туды АБСЭ ня зможа. Яны могуць паспрабаваць, і, наколькі мы ведаем, учора спроба была, але яны ня могуць нават блізка пад’ехаць да Дэбальцава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG