Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Расеі папярэджвае Эўропу пра небясьпеку вайны


Старшыня Дзярждумы Расеі Сяргей Нарышкін

Старшыня Дзярждумы Расеі Сяргей Нарышкін

Сэнсацыйны ліст, падпісаны старшынём Дзярждумы Расеі Сяргеем Нарышкіным, папярэджвае аб «драбненьні ў Эўропе» і кажа, што працяг санкцый, крызіс ва Ўкраіне, і студзеньскія тэракты ў Парыжы, «паставяць пад пагрозу магчымасьць мірнага жыцьця для больш чым 800 мільёнаў эўрапейцаў». Пра гэта піша часопіс Newsweek.

Ліст заклікае эўрапейскіх парлямэнтароў спыніць крызіс і апэлюе да вобразаў Другой сусьветнай і «халоднай» вайны. «Мы не дазволім нашчадкам гэтай злачыннай ідэалёгіі (нацызму) пасеяць разлад і адчужанасьць у сям’і эўрапейскіх народаў. Такі падзел ужо раз у нашай агульнай гісторыі прывёў да сьмерці і пакутаў, голаду і разрухі», — гаворыцца ў лісьце.

«Велізарная адказнасьць за будучыню нашага кантынэнту ляжыць на чальцах парлямэнту. Трэба мабілізаваць усе сілы і сродкі, каб Эўропа і надалей заставалася кантынэнтам стабільнасьці і працьвітаньня», — піша Нарышкін.

Ліст быў адрасаваны ўсім нацыянальным парлямэнтам Эўропы, Эўрапейскаму парлямэнту, Парлямэнцкім асамблеям АБСЭ і Рады Эўропы.

Швэдзкія палітыкі выказалі сваё абурэньне пагрозьлівым тонам ліста, а некаторыя палітыкі мяркуюць, што ліст уяўляе сабой пагрозу вайны, хоць і напісаны дыпляматычнай мовай.

Патрык Оксанэн, палітычны рэдактар швэдзкай штодзённай газэты Hudiksvalls Tidning, мяркуе, што старшыня Дзярждумы РФ «ускосна пагражае Трэцяй сусьветнай вайной у Эўропе. Гэта не прамая пагроза, але інструмэнт расейскай прапаганды».

Оскар Юнсан, дактарант катэдры ваенных дасьледаваньняў Каралеўскага каледжа Лёндану, лічыць, што «гэты ліст адпавядае расейскай вэрсіі, паводле якой Эўропа пастаўляе зброю ва Ўкраіну, каб разьдзьмуць сытуацыю да вайны».

Анке Фэльцман, навуковы супрацоўнік Швэдзкага інстытуту ўнутраных спраў, інтэрпрэтуе ліст як запалохваньне: «Яны кажуць эўрапейцам, што будзе вялікая вайна ў Эўропе. Гэта наўмыснае пазёрства, і швэдзкі народ павінен быць занепакоены гэтым. Што гэта значыць для нас? Выснова відавочная: Расея не адступіць і гатовая весьці зацяжную вайну супраць Захаду з дапамогай усіх магчымых сродкаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG