Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замарожаныя канфлікты Пуціна. Артыкул з часопісу Foreign Policy


На карнавале ў Дзюсэльдорфе
На карнавале ў Дзюсэльдорфе

Кожны з суседзяў Расеі, які настроены на рэформы, сутыкаецца з сэпаратызмам. І гэта невыпадкова — пішуць у часопісе Foreign Policy Робэрт Ортунг і Крыстафэр Ўокер. Прапануем вам тэкст публікацыі ў скароце.

Перамовы на найвышэйшым узроўні ў Менску прывялі да новага спыненьня агню ў вайне ва Ўкраіне. Мала хто верыць, што перамір’е пратрывае доўгі час. Але нават калі гэта адбудзецца, заходнія дзяржавы не выяўляюць асаблівага жаданьня прыкладаць намаганьні, каб вярнуць Украіне сэпаратысцкі анкляў на яе ўсходзе. Расея, тым часам, не дэманструе рэальных прыкметаў гатовасьці спыніць падтрымку сэпаратыстаў і «гібрыдную вайну».

Вайна ва Ўкраіне стала суровым напамінам пра даўнюю ролю Расеі ў дэстабілізацыі сваіх суседзяў. Нядаўні наступ сэпаратыстаў у Данбасе сьведчыць пра тое, што Крэмль будзе імкнуцца стварыць зацяжны «замарожаны канфлікт», які будзе трымаць Украіну ў стане нявызначанасьці, каб перашкодзіць ураду ў Кіеве рабіць адчайна неабходныя рэформы.

Спроба Расеі дэстабілізаваць Украіну ня можа, аднак, разглядацца ізалявана. Тактыка Пуціна — гэта частка больш шырокага шаблёну, у якім Крэмль выкарыстоўвае сэпаратысцкія канфлікты як рухавік для карупцыі і злачыннасьці, як траянскіх коней, каб заблякаваць прагрэс у арыентаваных на рэформы краінах на межах Расеі.

Возьмем, да прыкладу Грузію, і яе рэгіёны — Абхазію і Паўднёвую Асэтыю — якіх Масква натхніла да аддзяленьня. Малдова аналягічна абцяжараная Прыднястроўем, іншым сэпаратысцкім рэгіёнам, заціснутым паміж Малдовай і Ўкраінай. Расея захоўвае вайсковыя базы ва ўсіх трох гэтых тэрыторыях.

Асноўнай умовай для дэмакратыі і дэмакратычнага дзяржаўнага будаўніцтва зьяўляецца кантроль над сваёй тэрыторыяй. Падрываючы тэрытарыяльную цэласьць сваіх суседзяў, Расея імкнецца перашкодзіць урадам у Кіеве, Кішынёве і Тбілісі пасьпяхова праводзіць рэформы для зьніжэньня карупцыі і стварэньня прадстаўнічых інстытутаў.

Замест таго, каб засяродзіцца на паляпшэньні кіраваньня, гэтыя разбураныя краіны павінны мець справу з эмацыйна зараджанымі тэрытарыяльнымі канфліктамі. Гэтыя канфлікты разьдзімаюць моцныя нацыяналістычныя жарсьці, уцягваючы мясцовых палітыкаў у экзыстэнцыйныя палітычныя дэбаты. Гэта робіць рэформы надзвычай складанымі.

Сэпаратысцкія канфлікты сілкуюць арганізаваную злачыннасьць і карупцыю, якія зьяўляюцца кіслародам пуцінскай сыстэмы кіраваньня. Крэмль матываваў анэксію Крыму неабходнасьцю забесьпячэньня правоў расейскамоўнага насельніцтва за межамі Расеі. Але фактычны сэнс гэтай апэрацыі — захоп актываў. У Крыме пасьля анэксіі адбывалася масавая канфіскацыя ўласнасьці і паглыбленьне карупцыі. Кіраўнік анэксаванага Крыму Сяргей Аксёнаў даўно быў зьвязаны з арганізаванай злачыннасьцю, што робіць яго ўразьлівым для маніпуляцый.

Перш за ўсё, Крэмль асьцерагаецца, што посьпехі дэмакратычных урадаў на межах Расеі маглі б служыць мадэльлю, альтэрнатыўнай пуцінскай «вэртыкалі улады». Для прадухіленьня такой альтэрнатывы на расейскай пэрыфэрыі, Крэмль выкарыстоўвае разбуральную сілу сэпаратызму, карупцыю і злачыннасьць.

Украіна мае тэрміновую патрэбу ў рэфармаваньні сваёй эканомікі і ўварваньне Расеі выступае, у пэўнай ступені, каталізатарам для ўраду ў Кіеве, каб зрабіць неабходныя зьмены. Тым ня менш, працяг канфлікту на ўсходзе адцягвае сілы, час і рэсурсы ўкраінскага ўраду, якія маглі быць скіраваныя на рэформы.

У Грузіі урад спрабуе вярнуць страчаныя тэрыторыі, зрабіўшы жыцьцё ў астатняй частцы краіны больш прывабным, так што сэпаратысты губляюць сваю прывабнасьць для насельніцтва. Тым ня менш ціск з боку Расеі і нявызначанасьць, абумоўленая тым, што ўрад у Тбілісі не кантралюе сваю тэрыторыю, ставіць велізарныя перашкоды на шляху Грузіі да рэформаў.

Выкарыстаньне Расеяй замарожаных канфліктаў мае змрочныя наступствы для Ўкраіны, а таксама для Грузіі і Малдовы. У барацьбе за Ўкраіну Пуцін будзе імкнуцца да холдынгавай мадэлі, у якой ён захоўвае рычагі ўплыву на здольнасьць Кіеву да правядзеньня рэформаў, падчас чаканьня, што цана на нафту ізноў падвысіцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG