Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пасол Шарэпка адказвае ўпаўнаважанаму Гуляку


Лешак Шарэпка

Лешак Шарэпка

22 студзеня ўпаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка выказаў сур’ёзныя прэтэнзіі да польскіх ксяндзоў, якія служаць у Беларусі. Ён заявіў, што (цытата) — «некаторыя ксяндзы з Польшчы спрабуюць займацца ў Беларусі палітыкай. Ім не падабаецца наша краіна, нашы законы, кіраўніцтва».

Спадару Гуляку не падабаецца, што з 430 сьвятароў, якія служаць у беларускіх касьцёлах, 113 — замежнікі, у асноўным з Польшчы. Гуляка таксама заявіў, што некаторыя замежныя каталіцкія сьвятары летась дапускалі парушэньні, не прыехаўшы ў Беларусь у вызначаны тэрмін і не прайшоўшы рэгістрацыю. Ён згадаў пра адміністрацыйныя правапарушэньні, учыненыя каталіцкімі сьвятарамі, у тым ліку з Польшчы. Але канкрэтных прыкладаў, прозьвішчаў ён не прывёў.

Беларускія каталікі абураныя заявамі ўпаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леаніда Гулякі. Вернікі пачалі збор подпісаў пад адкрытым лістом да кіраўніцтва краіны пра тое, што крытыка бяз фактаў з боку высокапастаўленага чыноўніка абражае іх саміх, іхных пастыраў і іхныя рэлігійныя пачуцьці. Як адзначаецца ў звароце, падобнымі выступамі Леанід Гуляка ўносіць разлад у адносіны дзяржавы і каталіцкага касьцёлу, нагнятае міжканфэсійную варожасьць.

На заявы спадара Гулякі адгукнуўся і амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка. Ён акрэсьліў два асноўныя моманты, чаму ён як дыплямат павінен адрэагаваць на выказваньні ўпаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Беларусі Леаніда Гулякі:

Па-першае, гэтыя каталіцкія сьвятары — грамадзяне Польшчы. І калі высокі прадстаўнік беларускай улады кажа, што яны займаюцца палітычнай дзейнасьцю, — гэта вельмі сур’ёзны папрок.

«Па-першае, гэтыя каталіцкія сьвятары — грамадзяне Польшчы. І калі высокі прадстаўнік беларускай улады кажа, што яны займаюцца палітычнай дзейнасьцю, — гэта вельмі сур’ёзны папрок. І як афіцыйны прадстаўнік польскай дзяржавы я не павінен гэтага не заўважаць.

Другі аспэкт: значная частка вернікаў каталіцкага касьцёлу ў Беларусі — гэта людзі, якія дэкляруюць сябе як палякі (тут такіх 300 тысяч, і, думаю, 90% зь іх — вернікі каталіцкага касьцёлу). А мы як дыпляматычная і консульская служба павінны клапаціцца пра людзей, якія лічаць сябе этнічнымі палякамі».

Да таго ж гісторыя каталіцкага касьцёлу ў Беларусі вельмі шчыльна зьвязаная з каталіцкім касьцёлам Польшчы. На пачатку 1990-х гадоў касьцёл у Беларусі знаходзіўся ў заняпадзе. І ў той цяжкі момант Польшча працягнула руку дапамогі. І цяпер цяжка знайсьці такі прыход у Беларусі, дзе б у пэўны час не служылі польскія сьвятары. Гэтыя людзі рамантавалі тое, што засталося ад касьцёлаў, яны займаліся душпастырскай працай, вучылі прынцыпам веры, бо многія беларусы гэтага ня ведалі. Спадар Шарэпка кажа, што памятае, як у Польшчы зьбіралі сродкі на будоўлю і адраджэньне касьцёлаў у Беларусі:

«Гэта быў парыў сэрца, гэта была добрасардэчная дапамога братняму касьцёлу Беларусі. І, я думаю, гэтым людзям трэба падзякаваць за тое, што яны зрабілі. А што мы чакаем замест таго? Пастаянныя папрокі, навязваньне нейкіх не зусім зразумелых сваіх правілаў гульні. Я не прыпамінаю словаў падзякі за тое, што польскія сьвятары зрабілі для каталіцкага касьцёлу ў Беларусі ў свой час».

Амбасадар Шарэпка адзначае, што цяпер наагул вельмі цяжка знайсьці сьвятароў — адбываецца крызіс веры. І польскія сьвятары служаць ня толькі ў Беларусі — яны служаць ва ўсім сьвеце, і нават у Ватыкане і Італіі, таму што і там бракуе мясцовых сьвятароў. Бо каб быць сьвятаром, трэба адчуць покліч Бога, атрымаць адукацыю, скончыць духоўную сэмінарыю. Гэта працяглы працэс. Таму ня так лёгка замяніць польскіх сьвятароў мясцовымі. Тое, што тут ёсьць польскія сьвятары, — гэта дабро, кажа спадар Шарэпка:

У размовах са мной кіраўніцтва каталіцкага касьцёлу вельмі часта гэта падкрэсьлівае. Але з боку ўлады Беларусі я ніколі ня чуў падзякі, чуў толькі папрокі.

«У размовах са мной кіраўніцтва каталіцкага касьцёлу вельмі часта гэта падкрэсьлівае. Але з боку ўлады Беларусі я ніколі ня чуў падзякі, чуў толькі папрокі. Чаму так? З боку беларускай улады мы часта чуем, што яны падтрымліваюць рэлігійнае адраджэньне ў краіне. Але тут ідзе рэальнае адраджэньне, і гэтым займаюцца польскія сьвятары. І трэба ім за гэта падзякаваць. Я ад польскіх сьвятароў часьцяком чую, што ў Беларусі цяжэй працаваць, чым у Афрыцы. Тут гэтыя людзі пад поўным кантролем улады. Калі сьвятар прыяжджае, каб будаваць касьцёл, дазвол на працу яму даюць на 3 месяцы ці на паўгода. А што ён можа пабудаваць за гэты час? Падыход зусім незразумелы да гэтых людзей, якія прыяжджаюць з добрымі намерамі.

Я падтрымліваю намаганьні Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі па ўрэгуляваньні ўсіх спрэчных пытаньняў на лініі Дзяржава — Касьцёл. Думаю, што многія з гэтых пытаньняў можна было б зьняць з парадку дня шляхам падпісаньня канкардату паміж Ватыканам і Беларусьсю. Гэты дакумэнт вызначае сфэры адказнасьці Дзяржавы і Касьцёла. Наколькі я ведаю, Ватыкан ужо даўно дабіваецца падпісаньня такога дакумэнта. Канкардаты рэгулююць справы ў гэтай сфэры ў пераважнай большасьці эўрапейскіх краін.

За апошні час афіцыйныя польскія ўлады, польскае дыпляматычнае прадстаўніцтва ў Беларусі вельмі шмат зрабілі зь беларускай уладай, з МЗС Беларусі, каб наладзіць стасункі паміж Польшчай і Беларусьсю. Гэта каштавала вялізных намаганьняў, і, на думку амбасадара Шарэпкі, тут ёсьць пэўны прагрэс:

«І ў сувязі з гэтым мы не да канца разумеем заяву спадара Гулякі, якая ніяк ня ўпісваецца ў гэты працэс. Мне было б цікава даведацца, чым спадар Гуляка абгрунтоўвае гэтыя свае выказваньні і ці ёсьць у яго доказы, каб пацьвердзіць гэтыя папрокі на адрас польскіх сьвятароў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG