Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускамоўныя ўдзельнікі вясельля ў Асіповічах: Мы былі ў шоку!


Ілюстрацыйнае фота. "Жаніцьба Цярэшкі" ў Віцебску

Ілюстрацыйнае фота. "Жаніцьба Цярэшкі" ў Віцебску

Беларуская Свабода атрымала допіс з Асіповічаў пра канфлікт, які здарыўся на вясельлі празь беларускую мову. У лісьце гаварылася, што двух маладых людзей, якія павіншавалі жаніха і нявесту беларускім словам, іншыя госьці пачалі абражаць. Ледзьве не дайшло да бойкі. Нататка на сайце Свабоды выклікала немалы водгук. У камэнтарах чытачы згадваюць свае канфлікты з-за беларускай мовы. Іншыя прыводзяць прыклады таго, як людзі на сьвятах ставяцца да мовы пазытыўна.

Жыхары Асіповіч Марына ды Віталь (сваіх прозьвішчаў прасілі не называць) кажуць, што былі адзінымі, хто прамаўляў на вясельлі падчас традыцыйнага дзяленьня караваю на беларускай мове. Ніякіх іншых намераў, запэўніваюць маладыя людзі, акрамя як павіншаваць, ня мелі. Нэгатыўнай рэакцыі ад іншых гасьцей не чакалі.

Марына вучыцца ў Менску. Кажа, што ў яе навучальнай установе выкладчыкі гавораць па-беларуску. Нямала сяброў — таксама людзі беларускамоўныя. Калі сяброўка запрасіла яе на вясельле, яна купіла паштоўку на беларускай мове, і з мужам вырашылі, што віншаваць маладых будуць таксама па-беларуску.

Спачатку, згадвае Марына, былі толькі пытаньні пра мову. Агрэсія выявілася, калі вясельле ўжо скончылася:

Пры чым тут БНФ і апазыцыя? Канфлікту мы пазьбеглі, але мы былі ў шоку, што такое магло здарыцца.

«Іх зачапіла, што мы размаўлялі на беларускай мове. У іх неяк яна асацыюецца зусім зь іншым. Пры чым тут БНФ і апазыцыя? Канфлікту мы пазьбеглі, але мы былі ў шоку, што такое магло здарыцца. Пытаньні застаюцца: дзе мы адпачывалі і што за народ, кампанія нас акружалі? Можа, яны ўспрынялі нашы словы як прапаганду. Мы ж нават і блізка не казалі, што гэта наша мова і мы мусім на ёй гаварыць. Гэта наша было рашэньне. Мы так захацелі і зрабілі. Мне здаецца, што віной усяму — несьвядомасьць і неадукаванасьць. Можа, яны хацелі паказаць, што ведаюць, што ў нас ёсьць апазыцыя, што такое БНФ. Але гэта тут было абсалютна ні пры чым».

Муж спадарыні Марыны Віталь лічыць: нэгатыўная рэакцыя на беларускую мову была выкліканая найперш тым, што ёю яны з жонкаю вылучаліся з агульнай вясельнай грамады.

Усе віншавалі на расейскай мове, а мы наважыліся ня быць такімі, як усе. Таму прычына — што мы адрозьніваліся ад усіх.

«Усе віншавалі на расейскай мове, а мы наважыліся ня быць такімі, як усе. Таму прычына — што мы адрозьніваліся ад усіх. Сапраўды, хацелася людзей прыгожа па-беларуску павіншаваць. Хочацца, каб гэта больш распаўсюджвалася, каб мы стараліся не забываць сваіх каранёў».

У Віталя вышэйшая адукацыя. Ён зазначае, што не выступае супраць расейскай мовы. Кажа, што ні ён, ні ягоная жонка да апазыцыі ня маюць ніякага дачыненьня. У акцыях палітычных партыяў ня ўдзельнічалі ніколі.

Некалькі водгукаў на публікацыю пра канфлікт на вясельлі ў Асіповічах:

«Чытаў газэту „Наша Ніва“. Сусед побач, такі ж рабацяга, як і я, сказаў мне: „Что, интересно читать эту пятую колонну?“ — піша ў камэнтары Міхась са Слоніма. — Мне 56 гадоў, былы вайсковец, маёр запасу. З 1990 году і дома, і на вуліцы гавару па-беларуску. Такое пачуў упершыню. Але сьцярпеў. Сказаў: „Гэта газэта, „Наша Ніва“ называецца“. Людзі, што сядзелі побач, сказалі, што трэба чытаць розныя газэты. І канфлікту не атрымалася».

Яшчэ адзін водгук. Яго даслала Vacic зь Менску.

«Я была на вясельлі — праўда, на іншым. Але ў той жа дзень і нават у тым жа баку — у Дружным, што ў бок Асіповічаў. Прамаўляла і віншавала па-беларуску, натуральна. Спачатку першая і адна. Але ўсьлед пачалі прамаўляць і іншыя госьці. А вядоўца — „тамада“, значыць — ці то натхніўся, давай заклікаць „не цурацца роднай мовы“ і таксама віншаваць па-беларуску».

Чытач публікацыяў сайту Свабоды Сяргей Аржанцаў з Клімавічаў піша ў сваім камэнтары:

Упэўнены, што выпадак адзінкавы, але з-за яго можа стварыцца ўражаньне, што беларусы — нейкія нацыянальныя вычварэнцы

«Упэўнены, што выпадак адзінкавы, але з-за яго можа стварыцца ўражаньне, што беларусы — нейкія нацыянальныя вычварэнцы. І не паважаюць сябе і сваіх гасьцей нават на вясельлі. Дурняў паўсюль хапае, але добрых людзей болей».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG