Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск — Тэгеран: рэанімацыя без Ахмадзінэжада


Махамад Джавад Зарыф

Махамад Джавад Зарыф

У другой палове дня 16 лютага ў Менск прылятае міністар замежных спраў Ірану Махамад Джавад Зарыф. Як паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе МЗС Беларусі, раніцай 17 лютага кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Ірана сустрэнецца са сваім беларускім калегам — Уладзімерам Макеем.

«Адметнасьць гэтай сустрэчы ў тым, што даволі рэдка бывае, каб міністры замежных спраў наносілі візыт адзін аднаму з інтэрвалам няпоўныя два месяцы. А гэтым разам адбываецца менавіта так, бо Ўладзімер Макей наведваў Тэгеран напрыканцы 2014 году», — адзначае міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

Раман Якаўлеўскі

Раман Якаўлеўскі

«На такі высокі ровень выходзяць кантакты ўжо пры новым прэзыдэнце Ірану Хасану Рухані. А ён больш прымальны для ўсяго сьвету параўнальна зь ягоным папярэднікам Махмудам Ахмадзінэжадам.

Я думаю, Менск і Тэгеран хочуць рэанімаваць свае былыя дачыненьні, бо ў іх наступіў рэзкі спад. Прычыны яго нам толкам не вядомыя. Але ўражаньне такое, што і нафтавыя кантакты, і вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва раптам кудысьці зьніклі. Прычым гэта здарылася яшчэ пры Ахмадзінэжаду. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, разрыў мог адбыцца таму, што Беларусь актывізавала супрацоўніцтва з арабскімі ворагамі Ірану — найперш з Катарам.

На карысьць магчымай рэанімацыі дачыненьняў Тэгерана і Менску сьведчыць і такі факт — Макей быў у Іране падчас найбуйнейшых за апошні час вайсковых манэўраў, якія праводзілі ўзброеныя сілы гэтай краіны. Пра іншых гасьцей з замежжа чуваць не было.

І яшчэ адзін вельмі важны аспэкт дачыненьняў Беларусі і Ірану. Абедзьве краіны ўваходзяць у ШАС (Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва). Статусы ў іх, праўда, розныя: Іран як дзяржава-назіральнік знаходзіцца на другой ступені, а Беларусь як партнэр па дыялёгу — на трэцяй. Але ня гэта галоўнае. ШАС таксама становіцца пляцоўкай для сталых кантактаў Менску і Тэгерану».

Дзьмітры Мірончык

Дзьмітры Мірончык

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык у размове са Свабодай адзначыў:

Паміж гэтымі візытамі сапраўды прайшло няшмат часу. Аднак яны трошачкі розныя паводле свайго статусу.

«Паміж гэтымі візытамі сапраўды прайшло няшмат часу. Аднак яны трошачкі розныя паводле свайго статусу. Візыт нашага міністра ў Тэгеран меў статус працоўнага. У той час як паездка міністра замежных спраў Ірану ў Менск мае статус афіцыйнага візыту.

На дыпляматычнай мове гэта азначае крышачку іншае кола і ровень сустрэч. Афіцыйны візыт паводле свайго статусу больш высокі параўнальна з працоўным. Працоўных візытаў цягам году ў адну і тую ж краіну можа адбыцца і некалькі».

XS
SM
MD
LG