Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біёграфы Пуціна: Ён імітуе вар’яцтва, як калісьці Ніксан


15 гадоў дасьледчыкі амэрыканскага інстытуту Брукінгса Фіёна Гіл і Кліфард Гэдзі зьбіралі факты сапраўднай біяграфіі Ўладзімера Пуціна. Днямі ў Вашынгтоне яны прадставілі абноўленае выданьне кнігі «Спадар Пуцін — апэратыўнік у Крамлі». Пра высновы дасьледчыкаў распавядае Голас Амэрыкі.

Ужо 15 гадоў Фіёна Гіл і Кліфард Гэдзі выконваюць працу Папялушкі — зерне за зернем адбіраючы праўду з хлусьні ў біяграфіі Уладзімера Пуціна. Ужо другая кніга амэрыканскіх навукоўцаў «Спадар Пуцін — апэратыўнік у Крамлі» — спроба напісаць ня столькі партрэт, колькі інструкцыю да дзеяньняў.

«Мы не прэтэндуем на ісьціну, але мы сабралі ўсе зьвесткі, каб падвесьці рысу пад тым, хто такі Пуцін. Разуменьне, хто ён і як ён працуе, дае нам магчымасьць зразумець, як дзейнічаць далей. Час ужо прыйшоў» — распавядае Фіёна Гіл.

«Пуцін падняўся на стратэгіі амэрыканскага прэзыдэнта Рычарда Ніксана — тэорыі вар’ята — ідэі, што ён настолькі непрадказальны, настолькі патэнцыйна небясьпечны, што мы ніколі ня ведаем, што ён зьбіраецца зрабіць. Пуцін таксама хоча трымаць нас у напружаньні, каб мы спрабавалі прадказаць яго наступны крок. І гэта вялікая небясьпека для нас, мы, інтэрпрэтуючы дзеяньні Пуціна, чакаем, што ён будзе дзейнічаць пэўным чынам і ў большасьці выпадкаў ён ня дзейнічае так, як нам здаецца лягічным», — заўважае Гіл.

Менавіта таму, лічаць Фіёна Гіл і Кліфард Гэддзі, даваць Украіне сьмяротную зброю занадта рызыкоўна. Захад павінен усьвядоміць сваю адказнасьць і дзейнічаць больш разумна, бо, нягледзячы на кансьпірацыю, расейскі прэзыдэнт мае і свае слабыя бакі.

«Пуцін ніколі сам не задае пытаньняў. Ён лічыць, што нішто іншае так добра не раскрывае чалавека, як пытаньні, якія ён задае. Пытаньні могуць паказаць, што ён ведае, а што не. Аднак гэтая тактыка зьяўляецца яго недахопам, таму што Пуцін не атрымлівае дастаткова інфармацыі зь першых крыніцаў. Ён зусім ня ведае нас, ня ведае, як функцыянуе заходняе грамадзтва», — кажа дасьледчыца.

Удар па разьліках Пуціна нанесла адзінства Захаду — ЗША і Эўразьвязу — ва ўкраінскім пытаньні. На гэтым, лічыць Фіёна Гіл, трэба будаваць далейшую стратэгію. І чым больш саюзьнікаў будзе ў Захаду, тым цяжэй будзе Пуціну дзейнічаць паводле яго сцэнару.

«Нам патрэбна шматгранная стратэгія, якая прызнае некалькі паралельных рэальнасьцяў. Адна зь іх — Пуцін не адступіць і будзе ваяваць далей. Таму мы павінны знайсьці іншыя мэтады, як з гэтым змагацца. Нам трэба глядзець шырэй, чым канфлікт ва Ўкраіне. Пуцін асьцерагацца небясьпекаў з розных франтоў: палітычнага, эканамічнага і ў сфэры міжнародных адносінаў. Мы павінны пераканаць Кітай, Турэччыну і многія іншыя краіны, якія маюць асаблівыя адносіны з Расеяй: тое, што робіць Расія, распальваючы вайну ў Украіне, — недапушчальна. І яны павінны працаваць з намі разам, каб паставіць пад пагрозу Расею, каб прымусіць яе адступіць», — адзначае Фіёна Гіл.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG