Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ветлівыя людзі


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Пра два варыянты цывілізацыйнага выбару. Трэцяга ня дадзена.

Мы з аднакурсьнікам Андрусём падыходзілі да плошчы Леніна, а насустрач нам з падземнага пераходу каля гатэлю «Менск» выходзіла сталая пара. На выгляд вяскоўцы, якія рушылі з вакзалу. Раптам кабета штурханула мужчыну і пальцам ледзь ня пхнула Андруся ў грудзі, на якіх вісеў бел-чырвона-белы значак:

– Глядзі! Глядзі – бэнээфавец!!!

На твары кабеты былі адначасова жах і захапленьне ад убачанага. Столькі чула з тэлевізара, і вось яно! Кабета яшчэ ня згледзела, што ў яе за сьпінай першы дзень як луналі над Домам Ураду і Менгарвыканкамам новыя-сьвежыя бел-чырвона-белыя сьцягі. Такія самыя, як у Андруся на грудзёх. Гэта быў верасень 1991 году.

Ліст чытача радыё «Свабода», пастаўлены ў разьдзел «Усе навіны» пад загалоўкам «На вясельлі ў Асіповічах учынілі самасуд над беларускамоўнымі гасьцямі», выклікаў імгненную рэакцыю ў сеціве.

«Пачынаецца?» – з такім пытаньнем перапосьціў у фэйсбук матэрыял Wiktor Szukielowicz.

Магчыма, мелася на ўвазе нейкая масавая зьява перасьледу ў Беларусі за беларускую мову? З матэрыялу вынікае, што «насела» мужчынская палова жаніховых гасьцей са стандартным наборам «прад’яваў»: «Ты што — бэнээфавец?».

Справа ня ў мове як такой, а ў «бэнээфавец». Ад моманту зьяўленьня БНФ у 1989 да апісанай на пачатку сцэнкі 1991 году хапіла пары гадоў, каб стварыць вобраз ворага-бээнэфаўца, які нясе пагрозу «простаму чалавеку».

Wiktor Szukielowicz у абмеркаваньні: «Падавалася б, мы пачалі пакрысе пазбаўляцца гэнага маркера апазыцыйнасьці, а тут зноў статак бараноў».

Для мяне відавочна, што накінуліся не з-за мовы як такой. Сучасная расейская прапаганда добра легла на ўгноенае папярэдняй тутэйшай афіцыйнай прапагандай поле: беларуская мова – апазыцыя – майдан – вайна.

І нічога, што ў Менскай ДАІ на палітінфармацыях тлумачаць важнасьць беларускай мовы дзеля «ўмацаваньня нацыянальна-дзяржаўнага сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь».

Можна дыскутаваць, ці варта вешаць падобныя лісты ў «навіны». Я за апошні год начуўся падобных гісторый ад знаёмых, калі на іх беларускую мову рэагавалі ў кантэксьце ўкраінскіх падзеяў, кшталту, «вы што – бандэраўцы»?

«Бэнээфаўцаў» замянілі на «бандэраўцаў» – сутнасьць засталася тая ж. Невытлумачальны страх перад чымсьці незразумелым, невядомым, але пагрозьлівым.

На вясельлях рэдка хто з дарослых бывае цьвярозым. Пра падпітыя канфлікты з-за ўкраінскіх падзеяў я чуў ад знаёмых і чытаў у СМІ, самы трагічны зь іх скончыўся забойствам.

Людзі ў Беларусі відавочна радыкалізуюцца. Тут можна бачыць самыя розныя прычыны: агульная незадаволенасьць эканамічным становішчам, стома ад адной і той жа «лініі партыі» цягам дваццаці гадоў, калясальны ўплыў расейскай прапаганды, і цяперашняя няздатнасьць афіцыйных СМІ ўплываць на беларусаў. Пры тым, што незалежныя СМІ застаюцца ў выдзеленым «загончыку» магчымасьцяў распаўсюду.

Грамадзтва ня мае пляцовак для публічных дыскусій, дзе б калектыўным розумам абмяркоўваліся актуальныя праблемы і прыводзіліся да агульных высноваў. Афіцыёз, які стварыў падобную сытуацыю, цяпер жа і стрымлівае ад сутыкненьня лбамі людзей, пазбаўленых якіх-кольвек арыенціраў.

А ўявіце сабе адваротную сытуацыю: ліст у рэдакцыю, дзе чытач распавядае, як на нейкім сямейным мерапрыемстве хтосьці пацярпеў з-за таго, што пачаў гаварыць па-расейску.

Ці прыгадайце з свайго жыцьця, ці з расповедаў знаёмых штосьці падобнае. У больш-менш публічнай прасторы: транспарт, крама, кавярня. Няма прыкладаў?

Гэта толькі беларускую мову могуць «пхнуць нагой», і не палічыць гэта за грэх.

То бок, да ангельскай, кітайскай ці арабскай паставяцца нэўтральна, «што зь іх узяць – замежнікі». А беларус ад беларуса можа атрымаць прамень пагарды, абурэньня ці нават нянавісьці.

Гэта толькі на першы погляд парадокс, калі ў краіне, дзе беларуская мова заціснутая ў рамкі сацыялягічнай пагрэшнасьці, носьбітаў вінавацяць у жахах: бэнээфаўцы-бандэраўцы-фашысты.

Нацыянальныя мовы захопленых Імпэрыяй тэрыторый даўно зробленыя маркерамі спачатку «буржуазнага нацыяналізму», а пасьля падзеньня камуністычнай ідэалёгіі – «нацыяналізму-фашызму».

Але мінуў час ад 1991 году, і мы ўбачылі, што ў Латвіі раптам з паловы насельніцтва – «рускаязычнага» насельніцтва – толькі некалькі працэнтаў не жадаюць вучыць «местный язык». А ва Ўкраіне – расейскамоўныя ў жыцьці ўкраінцы ідуць са зброяй бараніць сваю радзіму ад расейскага інтэрнацыяналу народаў.

Шматлікія публікацыі расейскіх СМІ апошняга часу пра прыціск расейскай мовы ў Беларусі ў беларусаў могуць выклікаць хіба ўсьмешку. Для ўсіх відавочнае абсалютнае панаваньне расейскай.

Тым ня менш, людзі падзяляюцца ў поглядах на будучыню краіны. І дыскутуюць не пытаньні гісторыі ці моваў.

У Беларусі на кухнях, вясельлях і ў электрычках сьвядома ці падсьвядома абіраюць цывілізацыйны шлях.

У адным варыянце ты можаш сярод іншага сабе дазволіць хаміць і нават біцца з-за таго, што хтосьці гаворыць ня так, як ты. У іншым варыянце – не. Толькі дыскутаваць.

Ветліва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG