Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да традыцыйнай вечарыны блізка: ракаўскія танцы


Танцоры з колішняй «Жар-птушкі» ў Парку Горкага, не знайшоўшы месца ў Менску, перабраліся ў Ракаў.

Туды, дзе ўсе вучацца самі, да людзей, якім вёска — не старыя чорныя хаты, а сховішча жывой гісторыі, завітала Радыё Свабода вечарам 14 лютага, каб расказаць пра танцы, якія ладзіў клюб «Сіта» ў Ракаве.

Аўтобус едзе ад Каменнай Горкі 40 хвілін, вылятаеш з мэтро — і ў дзьвярах табе перапрадаюць чужы квіток. Дзед на першым сядзеньні пытае: «А што буську не дала?» — і разумееш: ужо не ў сталіцы, такой мовай гэта сказана — вясковай беларускай.

Гадаеш, дзе ж той Ракаў — і апынаесься ў горадзе, у якім усе ўсіх ведаюць: «А скажыце прозьвішча, да каго вы?» — пытаецца чалавек, у якога спраўдзілі дарогу. Там, за немаладым, але вабным касьцёлам стаіць сьціплы «Цэнтар народнай творчасьці».

У холе пакуль два з паловай чалавекі, да танцаў 20 хвілін. Як выявілася, самы жар — за гадзіну да канца, людзі падцягваюцца ўвесь час. Халодненькая заля цёмная і пустая, а «сітаўцы» ўжо распранаюцца і гатовыя расказаць пра сябе.

«Мы спрабуем стварыць асяродзьдзе, блізкае да традыцыйнай вечарынкі, калі людзі вучацца адзін ад аднаго, калі няма падзелу на настаўнікаў і вучняў, — кажа Сяргей Макарэвіч, танцор з клюба. — Мы імкнёмся захаваць пераемнасьць. Калі пытаемся ў старэйшых людзей, як вучыліся танцаваць, мо старэйшыя вучылі — адказваюць: „Не, не вучылі нас, не пускалі на вечарыны. Пад вакном станем, слухаем музыку і самі сабе танцуем“. Бо на вёсцы было строга рэглямэнтавана: каму 20 год — той асобна, каму 16 — асобна».

Але ў Ракаве ўсе разам. Малая дзяўчынка танцуе з бацькам. Побач са студэнтамі — тыя, каму за 40.

Здаецца, праваліцца падлога. Па-багатаму, у ботах прыходзяць сюды, бо зручней так, і тупаюць як могуць. А некалі ў адных ботах паўвёскі жанілася. І строяў тут небагата — як кажуць у Студэнцкім этнаграфічным таварыстве, каб жыць традыцыяй, не абавязкова гадаваць сьвіней ці насіць кашулі, якіх, дарэчы, на танцах няшмат:

«Традыцыйная культура — гэта ня толькі вышываная кашуля, — упэўнены Сяргей. — У годзе 365 дзён, а дзён, калі яе можа надзець, — 10, ну 20. Штодзённае жыцьцё — гэта ня толькі зьнешняе аблічча, гэта свая філязофія, погляд на выхаваньне дзяцей, адносіны між людзьмі...»

Танцы пачыналіся ў кавярні «Жар-птушка» ў парку Горкага 5 год таму — так кажуць удзельнікі «Сіта». Хоць хтосьці можа памятаць яшчэ сустрэчы на полі, дзе цяпер будуецца «Маяк Менску» — былі і інструмэнты, і танцоры. Цяпер «Сіта» ладзіць сустрэчы і ў Ракаве — бо пасябравалі, і ў Менску, раз на месяц у Палацы дзяцей і моладзі, — бо нарэшце знайшлі памяшканьне.

...І музыка на танцах — вясковая: прыйшоў, прыслухаўся — грай, можаш з бубна пачаць. Вось да скрыпачкі і баяна дадалася яшчэ адна скрыпка. Дзяўчына трымае інструмэнт вольна. У яе клясычная музычная адукацыя, граць і трымаць скрыпку па-народнаму, ля пляча, яна вучылася адмыслова. А пасьля скрыпачоў — ня менш за чатыры, а яшчэ цымбалы, акардэон, бубен і нейкая зубатая дошка — у роспытах высьветлілася, што «качалка». Ёй лён раўнялі, але і гучыць нічога.

Чалавеку проста сюды ўліцца, калі і сам ён просты ды адкрыты. Бяры ды ў скокі:

«У кожнага сваё разуменьне нармальнага. Спачатку было прыкольна, а цяпер — нармальна, танцы і танцы», — тлумачыць Дар’я Зуева, скрыпачка капэлі «На таку».

«Мы імкнёмся людзям паказаць, што можна і па-іншаму, — кажа Сяргей Макарэвіч. — Цяпер усе прызвычаіліся, што калі на імпрэзе, то ў ролі гледача. А мы паказваем, што самім можна ствараць атмасфэру, для сябе, а не для кагосьці. Раней сцэны не было. Гэтая заля — як чатыры вясковыя хаты. Уявіце плошчу ў чатыры разы меншую. Гледачам не заставалася месца».

Тым, хто жадае заняцца народнымі танцамі, клюб «Сіта» прапануе: у Менску 22 лютага вучыць танцаваць будзе Сяргей Выскварка зь Любані, этнахарэограф, а тыднем пазьней у Палацы дзяцей і моладзі будуць танцы ад «Сіта», якія ладзяцца штомесяц.

Гэтым летам ужо пяты раз пройдзе танцавальны фэст у Любанскім раёне — Пятровіца. Ладзяць яго Сяргей Выскварка і Наста Кухарэнка, сябра СЭТ. Гэта тыднёвая школа рэгіянальных танцаў з майстар-клясамі для тых, хто гатовы пражыць тыдзень у намёце.

XS
SM
MD
LG