Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тымчук: Баі ідуць больш інтэнсіўна, чым да менскай дамоўленасьці


Ад пачатку дзеяньня «рэжыму спыненьня агню» (00:00 15 лютага) да сярэдзіны ўчорашняга дня сэпаратысты на ўсходзе Ўкраіны неаднаразова груба парушалі дамоўленасьці — абстрэльвалі пазыцыі ўкраінскіх войскаў і грамадзянскіх аб’ектаў.

Як паведамляе кіраўнік Інфармацыйнага супраціву Дзьмітры Тымчук, ад пачатку «замірэньня» першы ўдар быў зроблены тэрарыстамі ўжо ноччу 15 лютага, адбылося гэты з пазыцыі ў раёне Стаханава.

«Зь сярэдзіны ўчорашняга дня баевікі, у дадатак да абстрэлаў з практычна ўсіх відаў узбраеньня, таксама неаднаразова спрабавалі аднавіць наступальныя дзеяньні. Украінскія войскі адкрываюць выключна агонь у адказ. Пры гэтым найбольш складаная сытуацыя зафіксаваная на Дэбальцаўскім пляцдарме.

Адначасова баевікі актыўна наносілі ўдары са ствольнай артылерыі і РСЗА па ўкраінскіх войсках у раёне Дэбальцава. Пэрыядычна агонь вёўся больш інтэнсіўна, чым да «замірэньня», — канстатуе Тымчук.

«З боку трасы Сьнежнае-Данецк выстаўленыя часовыя пасты баевікоў, пры гэтым быў перакрыты рух грамадзянскага транспарту ў раёне разьмяшчэньня артылерыйскіх пазыцый расейска-тэрарыстычных войскаў (з мэтай недапушчэньня фота- і відэаздымкі вядзеньня абстрэлаў).

Адначасова баевікі правялі перагрупоўку сваіх сіл. У раён Горлаўкі перакінутыя дзьве батальённыя тактычныя групы расейска-тэрарыстычных войскаў, узмоцненыя асобнай бронегрупай (у цэлым каля 900 чалавек, 25 танкаў, 32 ББМ, да 20 адзінак аўтатранспарту, 2 мінамётныя батарэі, 2 батарэі ствольнай артылерыі, 6 гаўбіц і 6 процітанкавых прылад МТ-12)», — паведамляецца на старонцы Інфармацыйнага супраціву ў Фэйсбуку.

Паводле Дзьмітрыя Тымчука, шматлікія абстрэлы пазыцый ўкраінскіх войскаў на працягу апошніх сутак таксама зафіксаваныя на Данецкім і Луганскім напрамках. Абстрэлы вяліся са стралковай зброі, мінамётаў, танкаў, ствольнай артылерыі і РСЗА.

XS
SM
MD
LG