Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памідораў: У нас можа адбыцца тое ж, што і ва Ўкраіне


Выступ Аляксандра Памідорава ў Вялейцы

Выступ Аляксандра Памідорава ў Вялейцы

У паўтара разу схуднелы Аляксандар Памідораў разам з украінскім сябрам з гурту Самі Свої Алегам Сухаравым «далі чаду» ў Вялейцы.

Акустычны выступ музыкаў прайшоў у пятніцу 13-га ў невялікім горадзе Менскай вобласьці — Вялейцы — з нагоды 250-годзьдзя з нараджэньня М. К. Агінскага

Пра ложак памятай, але і краіну не забывай

«Трымай Агінскага, а то зьедзе!» — «Ужо даўно зьехаў!», — клеячы партрэт-мазаіку з аркушаў А4, перегаворваюцца хлопцы. Да канцэрту яшчэ дзьве гадзіны, вакол наводзяць парадкі, цішком падцягваюцца лады гітар, а Памідораў расказвае, за што любіць канцэрты ў малых гарадах. Маўляў, у Менску гралі днямі — 12 чалавек на клюб, а ў Барысаве — поўны паб, падпявалі, замаўлялі і танчылі.

Зладжаны суполкай мясцовай музычнай моладзі, на якую багаты горад, сумесна з Таварыствам аховы помнікаў, гэты канцэрт ня першы і не апошні, а толькі адзін з многіх.

Сюды запрашаюць "душэўных" выканаўцаў, якія ня просяць вялікіх ганарараў, і чакаюць іх штораз, як сваіх. Гэтым разам на мясцовым грамадзкім офісе зайгралі двое дужа падобных людзей, толькі з розных краін, у аднаго зь якіх зараз двухтыднёвы тур па блізкім замежжы — Беларусі.

«Прывітаньнечка! Ня бачыліся з вамі два гады... Я тут другі раз, і гэта вельмі цёплае месца», — пачынае ён выступ. Сам за два гады зьмяніўся — зьменшыўся ў паўтара разу, на вуліцы не пазнаць: звычайны дзядзька ў камуфляжы і чорнай шапцы на лоб.

Размаўляе з заляй чалавек у 25 абсалютна розных людзей: ад падлеткаў ды рокераў да мажных і сівых дзядзек. Такой была і музыка — і рэгі, і песьні пра павучкоў, бо «самае важнае — тое, што адбываецца ў тваім сьвеце і з тваімі роднымі. А што Мэркель? Ты свайму каханаму скажаш: «Не магу сёньня ў ложак класьціся, бо нешта там Мэркель з Аляндам»?
Пакуль Сухараў уважліва сядзеў зь гітарай ды слухаў беларускія байкі, а камэра страляла вочкам, Памідораў рэфлексаваў:

«...Аднойчы пампануў я новы альбом Dropkick Murphys — „Rose Tattoo“. Паехаў у Варшаву да сяброў, а мой прыяцель усьміхаецца і кажа: „Яшчэ адзін прыклад таго, як у палякаў крадуць іх песьні. Гэта ж клясыка польскай пратэстнай песьні!“. І мне стала цікава, чаму яна прайшла паўз артыстаў, якія ў 2006 годзе пачыналі ініцыятыву „Салідарныя зь Беларусьсю“? Верш і мэлёдыя напісаныя студэнтам Ежы Філасам. Калісь ён быў схоплены за нібыта антысавецкую літаратуру. Песьня завецца па-польску „Сzarny chleb i czarna kawa“, турэмны рацыён».

Памідораў зрабіў пераклад песьні, аддаў яго выконваць сябрам і сам агучвае зрэдку:

Як расплюшчыў свае вочы — сумна стала на душы,
Па шчаках пацеклі сьлёзы, і я зразумеў тады
Што чорны хлеб і гарбата — спадарожнікі самоты,
А мы ўсё шукаем шчасьця, што завецца свабодай.

Праз гадзіны паўтары і ўжо чацьвёртай з «апошніх» песень, на троху разладжаным інструмэнце сыгралі «Снайпэра на даху»:

«Калі пачалася ўсё гэта роўна год таму, я глядзеў у простым этэры тое, што адбывалася ў Кіеве, — згадвае Памідораў свае зімовыя вечары. — І бачыў, што ў нас у 2010 годзе была нібы рэпэтыцыя, калі і зьявілася гэтая песьня, уначы з 19 на 20 сьнежня.

Я вельмі хачу, каб у нас не адбылося такога, як ва Ўкраіне, але хачу сказаць: мы мусім усе быць гатовыя, што можа адбыцца тое ж, і мусім быць гатовыя бараніць сябе, свой край і ведаць, што ёсьць нашае жыцьцё і наша краіна».

«Чым зарабляеш?» — «Я музыка».

Другі паўтарагадзінны марафон зарадзіў украінец Алег Сухараў. Хто разумеў больш, хто менш, але ўкраінская была безь перакладу. Пару чалавек прыгадалі сваё ўкраінскае паходжаньне, а выканаўца — украінскія ж турботы і тое, наколькі спакайнейшыя людзі тут, у нас:

«Я ў Беларусі як на курорце. Нават гаворка пра вайну з вуснаў беларусаў не гучыць так дэпрэсіўна і так трагічна, як ва Ўкраіне», — кажа Алег.

Зь ягоных словаў, беларусы яго песні разумеюць найлепш — лепш за палякаў і расейцаў: «Жартаўлівая песьня, называецца „Боря“. Сьпяваецца „Страшна людина — Боря!“ Гэта азначае „афігенны чувак“. Быў у мяне выпадак у Расеі, адна дзяўчына падышла і пытаецца: „Боря — это что, гад какой-то?“

Пасьля энэргічнага менчука Сухараў са сваімі вершамі падаваўся нават лірычным, хаця якая тут лірыка:

Прилетіли ‘мэриканці в космосі на Місяць,
А там сидять українці, сало з хлібом місять
„...Ну вы звідкі?“ — „Мы прібулы на зоробіткі“
„Аж на Місяць на роботку?“ — „Як на місяць!? На пів року!“

Сала перамяжоўвалася з сур’ёзнымі рэчамі, але даўно мінулых дзён. Пра сучаснае украінец казаў мала — мусіць, нагаварыўся. Расказваў, што родам з-пад Камянца-Падольскага, дзе Днестр цячэ. Да 1939 году землі аднаго берага былі пад Румыніяй, другога — пад Польшай. І так гістарычна склалася, што адно адных называюць малдаванамі, а другія першых — ляхамі, і любяць, і чубяць адно аднаго.

Замілаваныя местачковымі ўкраінскімі баталіямі, вялейчукі нават не ўзбурыліся, калі апошнюю песьню прысьвяцілі „вялікаму ўкраінскаму музыку Джыму Морысану“... На што ўчора ў Маладэчне вельмі ўзбурыліся і сказалі, што ён беларускі рок-музыка», — скончыў Алег.

Бліжэй да ночы, перад тым, як сесьці ў начны цягнік на поўнач краіны, яго, сталага дзядзьку, запыталі: «Алег, а чым ты зарабляеш?» — «Я музыка... Пайшоў на завод нядаўна, бо крызіс. Там атрымаў па галаве, і зразумеў: лёс мне падлячыцца і ехаць да вас».

І сеў у чацьверты вагон.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG