Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Калі ўжо вельмі балюча і цесна, то зь любой дамовы можна выйсьці


Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка на саміце ў Менску

Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка на саміце ў Менску

Кіраўнік Беларусі не спадзяецца на наладжваньне адносінаў Беларусі з Захадам у выніку праведзеных у Менску перамоваў у «нармандзкім фармаце».

Пра гэта ён заявіў у інтэрвію тэлеканалу «Расія-1».

«Я не казаў бы, што мы неяк наладзілі адносіны з заходнімі лідэрамі. Ня пешчу тут ніякіх надзеяў. Я ўжо ня ў тым веку, калі людзі кідаюцца, робяць стромкія, рэзкія павароты і гэтак далей. Па-першае, прабачце за нясьціпласьць, я валодаю нейкім палітычным досьведам, ня толькі багажом, ён таксама за плячыма ёсьць. Я ўжо гэтага нагледзеўся, бачыў розныя перамовы, вёў іх. Мне ўсё гэта вядома і, каб, ведаеце, галава закружылася ... Ад чаго, уласна, галава ў мяне закружылася? Ад таго, што мяне папрасілі, мне даручылі ў рэшце рэшт арганізаваць гэтае мерапрыемства? Бог з вамі, я не перабольшваю тут ролю Беларусі і сваю ролю, як звычайна. Не перабольшваю.

Таму, калі вы думаеце, што гэта прычына мне кудысьці павярнуцца — выкіньце гэта з галавы. Гэтага, па-першае, ніколі ня будзе. Па-другое, адкрыта кажу, мяне і не запрашаюць і там не чакаюць. А па-трэцяе, мы ж з вамі рускія людзі, пра што гаворка. Мы з вамі людзі, якія нарадзіліся на адной зямлі, у нас ёсьць агульная гісторыя, у нас агульныя погляды. І, напэўна, немалаважна, як бы вы там ня думалі пра нашыя адносіны, з прэзыдэнтам Расеі мы сябры, ня толькі браты родныя, але і сябры. Вось з гэтага і зыходзьце», — адзначыў Лукашэнка.

Паводле кіраўніка краіны, Беларусь ня мае намеру выходзіць з Эўразійскага эканамічнага саюзу:

«Хтосьці спрабуе мяне папракнуць — я адсочваю гэта пасьля нашага дыялёгу з журналістамі, што Лукашэнка хоча выйсьці з Эўразійскага саюзу. Ды гасподзь з вамі! Усё значна прасьцей. Чаму гэтае пытаньне паўстала? У нас апазыцыя пачала папракаць мяне і ўладу ў тым, што мы падпісалі гэтую дамову, зь якой немагчыма выйсьці. Я рэагую на гэта — вы чытайце дамову».

Лукашэнка дадаў, што ніводная краіна не падпісвае дамовы, зь якіх нельга выйсьці.

«Калі ўжо вельмі балюча і цесна, то зь любой дамовы можна выйсьці, у тым ліку і Эўразійскага саюзу», — заявіў Лукашэнка.

Але Эўразійскі саюз, паводле Лукашэнкі, пэрспэктыўнае аб’яднаньне, і таму выходзіць зь яго няма сэнсу.

Таксама кіраўнік краіны выказаў упэўненасьць, што пазыцыя Беларусі па Ўкраіне ў найбліжэйшай будучыні будзе запатрабаваная.

«Мы гэта не афішавалі, але свае прапановы і сваю пазыцыю да перамоваў (аб урэгуляваньні ўкраінскага крызісу) выказалі, і ўсе ўдзельнікі яе ведалі. Упэўнены, што наша пазыцыя па Украіне ў найбліжэйшай будучыні будзе запатрабаваная. Можа быць, і гэта неяк паўплывала на тое, што вось у такім фармаце перамовы адбыліся ў Менску», — заявіў Лукашэнка.

Ён перакананы ў тым, што вайну ва Ўкраіне трэба спыніць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG