Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэская студэнтка заклікае падтрымаць Надзею Саўчанка Днём галадаваньня


Надзея Саўчанка, 10.02.2015

Надзея Саўчанка, 10.02.2015

Студэнтка адной з праскіх гімназіяў Зузка Валава заклікае землякоў правесьці 20 студзеня ў Чэхіі агульнанацыянальны Дзень галадаваньня ў падтрымку Надзеі Саўчанкі. Пра гэта гаворыцца на старонцы Facebook, прысьвечанай ўкраінскай лётчыцы.

«Падтрымай Надзею Саўчанку — устрымайся ад ежы на адзін дзень. Нагадаем, што яна на знак пратэсту галадуе супраць свайго незаконнага ўтрыманьня ў расейскай турме», — заклікае студэнтка з Прагі.

Зузка Валава

Зузка Валава

Зузка Валава — адна з актывістаў праскага Эўрамайдану, які аб’ядноўвае чэскіх грамадзкіх дзеячаў, моладзь, актывістаў, неабыякавых да падзеяў ва Ўкраіне.

У інтэрвію Радыё Свабода Зузка Валава распавяла, што сама яна шмат даведалася пра падзеі ва Ўкраіне, наведваючы акцыі праскага Эўрамайдану. Там яна даведалася і пра сытуацыю з Надзеяй Саўчанкай:

«Гэта ня будзе дэманстрацыя: я хачу зрабіць гэта міжнароднай акцыяй, а прыехаць у Прагу, каб пратэставаць перад расейскай амбасадай, можа ня кожны. Так што кожны сам дома мусіць вызначыць, дзе будзе галадаваць — на працы, у хаце ці, можа, зь дзецьмі — гэта абсалютна ўсё роўна. Важна, каб тыя людзі над гэтым задумаліся. На гэты момант, думаю, ужо ёсьць больш за дзьвесьце людзей — можа, 230-250, і гэта за тры дні. Мяркую, што да 20-га гэтая падтрымка будзе яшчэ большая».

10 лютага Басманны суд Масквы падоўжыў тэрмін арышту Саўчанкі да 13 траўня.

У Расеі Надзею Саўчанку абвінавачваюць у датычнасьці да гібелі расейскіх журналістаў на Данбасе. Летась у ліпені яе ўзялі пад варту ў Расеі пасьля таго, як яе, захопленую ў палон сэпаратыстамі, перавезьлі празь мяжу і перадалі расейскім сілавікам.

Паводле дадзеных абароны, яна не магла быць датычная да гібелі журналістаў, паколькі трапіла ў палон да іх сьмерці.

У канцы студзеня сьледчыя паведамілі Саўчанцы аб адкрыцьці супраць яе новай крымінальнай справы — аб незаконным перасячэньні мяжы.

13 сьнежня 2014 г. Саўчанка абвясьціла галадоўку і працягвае яе да гэтага часу. 29 студзеня Саўчанку перавялі ў мэдсанчастку.

У студзені Саўчанку зарэгістравалі як дэлегата ПАРЭ, а таксама далі ёй міжнародны імунітэт. Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы заклікала ўлады Расеі вызваліць увязьненую ў гэтай краіне грамадзянку Ўкраіны Надзею Саўчанку.

XS
SM
MD
LG