Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сеціве абмяркоўваецца інцыдэнт, калі адзін з ахоўнікаў падчас сустрэчы ў Менску ў «нармандзкім» фармаце закрыў рот журналістцы тэлеканалу «Расея-24».

Расейская журналістка пасьпела толькі сказаць «Як вы ацэньваеце вынікі...», як адзін з супрацоўнікаў службы аховы прыабняў дзяўчыну, прытуліў яе, прыгаворваючы: «Ціха-ціха, чаго ты крычыш». Такім чынам журналістцы закрылі рот і яна не змагла высьветліць меркаваньне прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, які выходзіў з Палацу незалежнасьці.

Чый гэта быў ахоўнік, беларускі ці ўкраінскі, невядома. Але наколькі былі апраўданыя такія яго дзеяньні?

Былы старшыня Вярхоўнага Савету, генэрал лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб назваў такія паводзіны ахоўніка «хамствам, грубасьцю, парушэньнем этыкі і эстэтыкі».

Мечыслаў Грыб

Мечыслаў Грыб

«Ахоўнік мае права ахоўваць цела таго чалавека, якога ён ахоўвае. І больш ні на што ён ня мае права. Калі б нехта рабіў нейкі замах на гэтага чалавека, нейкі падазроны рух рабіў ці што, калі б у ахоўніка была асацыяцыя, што гэта пагражае жыцьцю асобы, якую ён ахоўвае, тады гэта зразумела. Ён можа і напасьці, і зьбіць з ног, і прыціснуць да зямлі і так далей. Але калі чалавек адкрывае рот, тым больш журналіст, і нешта хоча сказаць, а ёй заціскаюць галаву, каб яна гэтага не сказала, гэта ўжо не падлягае ніякаму камэнтару.

Гэта ня мае значэньня, зь якога боку быў ахоўнік, і ня мае значэньня, зь якога боку быў журналіст. Усе журналісты, а іх там было пяцьсот, былі акрэдытаваныя. Значыць, яны там знаходзіліся на законнай падставе. Усе яны мелі роўныя правы задаваць пытаньне, высьвятляць. На тое яны і журналісты, гэта іх хлеб. І тут ніякіх пытаньняў да журналістаў няма. А чаму так павёў сябе ахоўнік? Можа, ён ведаў зараней, што яна хоча спытаць? Адкуль ён ведаў, калі яна яшчэ рот не пасьпела адкрыць? Чаму ён так зрабіў, я ня ведаю. Але гэта выходзіць за ўсе нормы і меркі дэмакратычнасьці, дыпляматыі і культуры».

Журналістка Тацяна Мельнічук, якая была сярод тых, хто асьвятляў саміт, лічыць, што ў гэтым выпадку няправільна сябе павялі і журналістка, і ахоўнік.

Тацяна Мельнічук

Тацяна Мельнічук

«Канечне, заціскаць рот ня варта. Але гэтыя свае пытаньні журналістка магла задаць і ў іншым разе, бо было шмат сытуацый, калі можна было падысьці наўпрост да каго хочаш. Мне падаецца, што яны абое ня мелі рацыі — ні журналістка, ні гэты ахоўнік. І тут яшчэ ахова была ў напрузе, бо пратакол зламаўся, бо было некалі інцыдэнтаў, калі карэспандэнт расейскай тэлевізіі пачаў нешта выкрываць па прыезьдзе Парашэнкі ў Палац незалежнасьці, іншы расейскі журналіст пачаў брахаць па-сабачы на ўкраінскіх журналістак. Але ахова паводзіла сябе досыць карэктна. Усю гэтую ноч, увесь цяжкі час не было нейкіх жорсткіх абмежаваньняў, якія маглі б быць, улічваючы ранг гасьцей. Уся ноч была, і можна было задаць самыя розныя пытаньні, каб гэта было досыць прыстойна. Але мы мелі ў журналісцкай практыцы такія выпадкі, калі нас наогул на беларускіх акцыях, мерапрыемствах ахова і міліцыянты з ног зьбівалі. Канечне, абодва бакі ня мелі рацыі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG