Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ўжо ў далёкім 1992 годзе, я перакладаў для Тэатру імя Янкі Купалы п’есу Славаміра Мрожка «Дом на мяжы», а польскі рэжысэр Анджэй Якімец ставіў спэктакль зь беларускімі акторамі, здавалася, што гэтай «пацехай» драматурга-абсурдыста пра тое, як дзяржаўную мяжу гвалтоўна правялі праз прыватны дом, мы ставім кропку ў мастацкім асэнсаваньні трывогаў таго часу.

Рухнуў «сацыялістычны лягер», краіны былога СССР усталявалі паміж сабой межы, зь якімі пагадзіліся ўсе, і вызваленыя зь няволі народы пачалі новае жыцьцё зь вераю, што нарэшце зажывуць у сваіх дамах і будуць добрасуседнічаць. А паляка Мрожка зь ягонай драматургіяй парадоксу, як і колішні менскі спэктакль, можна сьпісаць ужо ў архівы.

Аж не... Наш час, наша геапалітычная прастора кліча Мрожка зноў. Апошнія падзеі пацьвярджаюць, што пакуль будуць існаваць імпэрыі, пакуль сьвет дзеліцца на моцных і слабейшых, пакуль моцныя будуць беспакарана вырабляць са слабейшымі ўсё, што захочуць, тэатар абсурду, і п’есы найбліжэйшага нам яго прадстаўніка, на жаль, рана, вельмі яшчэ рана хаваць.

Давайце пачытаем у караценькім пераказе першыя сцэны п’есы «Дом на мяжы».

Звычайныя людзі ў звычайным доме.

«Я: Як прыемна. Вось ужо і вечар. Пасьля цэлага дня цяжкай, але сумленнай працы зьбіраемся разам, за агульным сталом. Жонка, дзеці, бацькі жонкі... Мы не багатыя, але чаго нам не хапае? Зрэшты ў сваім жа доме сядзім. Усё сваё. Я, жонка, дзеці. Толькі свае і ў сябе. Нічога нам больш і ня трэба. Ні ад каго. Толькі жыць і жыць. Спакойна і незалежна! Зьмяркаецца. Як прыемна.»

Сямейную ідылію нечакана перапыняе зьяўленьне ў хаце дыпляматаў. Я пытаецца, адкуль і дзеля чаго яны тут узяліся?

«Дыплямат 1: Выбачайце нас, калі ёсьць такая патрэба. Мы прыйшлі як паўнамоцныя прадстаўнікі найвышэйшага органу, які абавязаў нас выканаць заданьне, якое ўваходзіць у сфэру нашай кампэтэнцыі... Справа гэта міжнародная. А менавіта: адбылася канфэрэнцыя. Па свайму маштабу — разумееце, абсалютна міжнародная, дакладней — сусьветная... Канфэрэнцыя па праблемах межаў.

Я: Вельмі добра, брава, брава!

Дыплямат 1: ... І менавіта пастанавілі, што мяжа паміж паміж дзяржавамі... будзе тут.

Я: Выдатна! Як гэта — тут?

Дыплямат 1: Тут, у вас.

Я: Не разумею, у маім доме?

Дыплямат 1: Вось-вось, правільна!

Я: Тут, у памяшканьні?

Дыплямат 1: Натуральна.

Я: Праз гэты пакой? Дыплямат 1: І праз кухню. Зрэшты, зараз намецім і пойдзем.»

У наступнай сцэне ў гэтым доме пачаўся кангрэс пра вызначэньне мяжы. Цесьць заглядвае ў замочную адтуліну.

«Я: Што там, тата?

Цесьць: Сядзяць, радзяцца.

Цешча: Усю ноч электрычнасьць палілі.

Я: Гістарычная гадзіна, векапомны вечар. Ніколі яшчэ ў гісторыі гэтага дому не было такой важнай падзеі. (Дзьверы расчыняюцца, уваходзіць адзін з дыпляматаў.)

Я: Як там кангрэс?

Дыплямат: Цяжкая справа.

Я: Але рухаецца?

Дыплямат: Марудна.

Я: Які вынік?

Дыплямат: Практычна бяз выніку.

Я: Ніякіх вестак?

Дыплямат: У некаторай ступені мы вызначылі прынцыпы. Так што ніводзін з бакоў не застанецца пакрыўджаным. Прыродныя багацьці трэба падзяліць так, каб абодва бакі былі задаволеныя.

Я: Якія багацьці?

Дыплямат: Прыродныя багацьці — гэта прырода...

Я: Слушна, але...

Дыплямат: Ніякіх „але“, толькі гістарычная справядлівасьць.»

Нарэшце дыпляматы падпісалі дамову аб мяжы і абвяшчаюць сямейнікам вынік перамоваў.

«Дыплямат 1: А зараз просім. Вы павінны ўбачыць нашу справу, сардэчна запрашаем. За мной, калі ласка. (Дыпляматы бяруць пад рукі гаспадароў, і ўсе, падскокваючы і кланяючыся, зьнікаюць у суседнім пакоі, дзьверы за імі зачыняюцца. Праз хвіліну адтуль раздаецца аўтаматная чарга. Дзьверы адчыняюцца. Я і чатыры Дыпляматы ўносяць Цешчу, накрытую прасьціной.)

Дыплямат 1: Мне вельмі прыкра. Аднак старая сама вінаватая. Хто бачыў, каб мяжу пераходзілі бяз пашпарта? (Кладуць цела на лаўку. Дыпляматы становяцца вакол і здымаюць цыліндры.)

Я: Была такая ціхая, такая добрая, ела мала, цыравала нам шкарпэткі... Дзе я вазьму цяпер другую Цешчу?

Дыплямат 1: На жаль, ня стала на ўзровень патрабаваньняў. У нашай цывілізацыі веданьне міжнародных правілаў мае першаснае значэньне.

Я: Як гэта? Яна толькі хацела падысьці да шафы...

Дыплямат 1: Шафа ўжо на тым баку.

Я: Мая шафа?

Дыплямат 1: Шафа палітычная. Шафа ўключана ў зону А. Інакш нельга было. Спрабавалі зрабіць шафу экстэрытарыяльнай, але з вышэйшых меркаваньняў аказалася немагчымым. Шафа засталася стратыфікаванай, а потым ратыфікаванай. Ці ня так спадары?»

Прыгоды маленькай, мірнай сям’і, апісаныя з чорным гумарам, працягваліся, аж пакуль з правінцыйнага доміка ня выбегла маленькая, сьмешная, кволая фігурка Я і, размахваючы рукамі, як у старых фільмах Чапліна, не ўцякла за далягляд.

У гэтай п’есе 1967 году — чытаем, калі хочаце гісторыю Эўропы ўсяго ХХ стагодзьдзя і, на жаль, пачатку стагодзьдзя ХХІ-га. Нямала і іншых п’ес падобнай праблематыкі назапасіла эўрапейская драматургія. Але яны па-за ўвагай беларускіх дзяржаўных тэатраў, бо апошнія ў сваёй бальшыні не заўважаюць, ня хочуць заўважаць такіх герояў, такія калізіі, такое зло, якое ўжо ўварвалася ў суседні дом і якое стаіць ля нашага панадворка. А ў беларускім доме на мяжы «Капуста по-russki» працягваецца, але ці даюць сабе справу яго аўтары і выканаўцы, чым гэты бясконцы спэктакль можа скончыцца?!

P.S. Для недасьведчаных: «Капуста по-russki» — апошняя прэм’ера Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Максіма Горкага.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG