Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алянд, Мэркель, Пуцін і Парашэнка сустрэнуцца зноў


«Нармандзкая чацьвёрка» на наступным тыдні абмяркуе, як выконваюцца менскія дамоўленасьці.

Удзельнікі перамоваў у нармандзкім фармаце дамовіліся, што, калі спыненьне агню на ўсходзе Ўкраіны ўступіць у сілу, як гэта было прадугледжана ў 00:00 гадзінаў у нядзелю, было б пажадана на наступным тыдні абмеркаваць учатырох па тэлефоне, ці ўвасабляецца сапраўды тое, чаго яны хацелі, заявіў прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд.

«І, калі гэта неабходна, то ў бліжэйшыя тыдні мы маглі б арганізаваць фізычную сустрэчу ўчатырох ў «нармандзкім фармаце», — сказаў Франсуа Алянд, адказваючы на пытаньні на прэс-канфэрэнцыі ў Бруселі ўвечары ў чацьвер пасьля завяршэньня нефармальнага саміту ЭЗ.

«Сваю ролю таксама згуляюць эўрапейскія інстытуты, у прыватнасьці, спадарыня Магерыні, вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі, абавязкова прапануе свае ініцыятывы, як яна гэта рабіла, і старшыня Эўрапейскай камісіі таксама», — сказаў французскі прэзыдэнт.

Гаворачы пра пагадненьне, заключанае 12 лютага ў Менску, Франсуа Алянд адзначыў, што гэта «глябальнае пагадненьне». Яно тычыцца ня толькі спыненьня агню, але цэлага комплексу пытаньняў, у тым ліку эканамічных, банкаўскіх, пытаньняў гуманітарнай дапамогі і вызваленьня палонных. «Ніякі з аспэктаў канфлікту ня быў забыты», — заявіў прэзыдэнт Францыі. І паколькі гэта пагадненьне глябальнае, яно патрабуе ўзаемадзеяньня яго ўдзельнікаў, каб быць увасобленым у жыцьцё.

«Тое, што адбывалася ў Менску на працягу 17 гадзінаў, вельмі важна. Па-першае, таму што ў першы раз мы так доўга раіліся ўчатырох у рамках „нармандзкага фармату“. Мы закранулі ўсе тэмы. Мы ўзгаднілі тэкст. Гэта важна таксама таму, што было так шмат ваганьняў у адных і пытаньняў у іншых. І нават не было ўпэўненасьці, што кантактная група з сэпаратыстамі, у канчатковым выніку, парафіюе тое, што мы абмяркоўвалі», — патлумачыў Франсуа Алянд.

Ён дадаў: «Таму мы лічым, што пераадолены этап. Але застаюцца яшчэ, і я пра гэта казаў, няўпэўненасьці».

XS
SM
MD
LG