Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алянд і Мэркель папярэдзілі Расею пра магчымасьць новых санкцый


Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Бруселі пасьля завяршэньня саміту Эўразьвязу заявіла аб тым, што лідэры эўрапейскіх краін папрасілі Эўрапейскую камісію распрацаваць санкцыі на выпадак зрыву менскіх дамоўленасьцей. Паводле Мэркель, існуючыя санкцыі могуць быць адмененыя толькі ў тым выпадку, калі будуць ліквідаваныя прычыны, з-за якіх яны былі ўведзеныя.

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд таксама выступіў з падобным папярэджаньнем. Але ён удакладніў, што ў выпадку адназначнага выкананьня ўмоваў спыненьня агню можа пачацца працэс паступовага паслабленьня рэжыму санкцый. Французскі лідэр дадаў, што пакуль не існуе ўмоваў для перадачы Расеі верталётаносцаў «Містраль», пабудаваных па яе замове ў Францыі.

Эўрапейскі зьвяз увёў забарону на ўезд у Эўропу і замарозіў эўрапейскія актывы расейскіх афіцыйных асоб і кіраўнікоў сэпаратыстаў, якія маюць адносіны да анэксіі Крыму і крызісу на ўсходзе Ўкраіны. Таксама быў рэзка абмежаваны доступ расейскіх кампаній на фінансавыя рынкі Эўропы, рынкі ўзбраеньняў і ваенных тэхналёгій.

XS
SM
MD
LG