Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бандарэнка: Я захапляюся тым, як Парашэнка вёў дыпляматычную гульню


Косьць Бандарэнка

Косьць Бандарэнка

Новыя менскія пагадненьні ў інтэрвію Радыё Свабода пракамэнтаваў дырэктар Інстытуту ўкраінскай палітыкі Косьць Бандарэнка. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

Бандарэнка: Пра сталы мір пакуль размова не ідзе, бо не прапанаваная формула вырашэньня ўсіх пытаньняў, якія стаяць сёньня перад Украінай і перад Данбасам. Але прапанаваная формула надзейнага замірэньня. Прынамсі, ня будуць грымець стрэлы, ня будуць гінуць людзі. Хочацца ў гэта верыць. І гэта дасьць час для пошуку формулы, якая забясьпечыць мірнае ўрэгуляваньне.

РС: Ці прадугледжаныя ў пагадненьні мэханізмы кантролю яго выкананьня?

Бандарэнка: Кантроль зьяўляецца мінімальным, проста даюцца гарантыі ўдзельнікамі перамоваў, што яны будуць кантраляваць працэс. Але гэта ўжо наступны крок: калі замірэньне будзе парушанае, гэта дасьць магчымасьць удзельнікам пагадненьня хадайнічаць перад ААН аб увядзеньні сілаў, якія б кантралявалі сытуацыю ў рэгіёне. Мір у рэгіён і ў краіну ў цэлым можа вярнуцца толькі пасьля прыняцьця новай Канстытуцыі, якая б гарантавала і інтарэсы Данбасу ў тым ліку.

Вельмі важна, што новымі менскімі пагадненьнямі прадугледжваецца і працэс канстытуцыйнага рэфармаваньня Ўкраіны. Што гэта такое — пакуль ня ведае ніхто.

РС: А як у пагадненьнях вырашаецца пытаньне сацыяльных выплат украінскай дзяржавы жыхарам Данбасу і пытаньне мяжы?

Бандарэнка: Пытаньне мяжы застаецца нявырашаным. Гэта прадмет наступных дамоўленасьцяў і спэкуляцыяў, натуральна. Што тычыцца сацыяльных выплат, то ня толькі гэтае пагадненьне, але і раней прынятая рэзалюцыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ад 30 студзеня ўсталёўвае неабходнасьць сацыяльных выплат для жыхароў акупаваных тэрыторый. Так што я мяркую, што гэтае пытаньне будзе вырашанае станоўча.

РС: Уладзімер Пуцін ужо пасьля заключэньня пагадненьня казаў пра ваенную сытуацыю пад Дэбальцавам, дзе патрапіла ў акружэньне вялікая колькасьць украінскіх вайскоўцаў. Як будзе вырашацца іх лёс?

Бандарэнка: Гэтае пытаньне ня вырашанае, але ёсьць яшчэ два дні на яго вырашэньне. Калі прыгадаць Дэйтанскія пагадненьні 1995 году па Босьніі, там таксама пасьля іх падпісаньня заставалася нявырашаным пытаньне дакладна такога самага анкляву на поўначы Босьніі — акругі Брчка. Яно вырашалася пазьней дадатковымі дамоўленасьцямі.

РС: На ваш погляд, якой будзе рэакцыя на новыя менскія пагадненьні ўкраінскага грамадзтва і ўкраінскага палітычнага істэблішмэнту? Ці не абвінавацяць Парашэнку ў тым, што ён здрадзіў Украіне?

Бандарэнка: Ёсьць гарачыя галовы, якія кажуць, што нават тое, што Парашэнка паехаў на перамовы — гэта ўжо здрада. Так што, я мяркую, будзе шмат незадаволеных. Як і ў ДНР і ЛНР будзе шмат незадаволеных пазыцыяй Захарчанкі і Платніцкага. Але ў любым перамоўным працэсе ёсьць тыя, хто незадаволены.

У гэтай сытуацыі важна тое, што прэзыдэнт сеў за стол перамоваў, вытрымаў гэтыя вельмі складаныя перамовы і адстаяў шэраг важных для яго момантаў.

Я не падзяляю яго меркаваньня, што Ўкраіне непатрэбная фэдэралізацыя і аўтаномія Данбасу, але я захапляюся тым, як ён вёў дыпляматычную гульню і абараняў сваю пазыцыю. Гэта варта павагі, хаця я яго пазыцыю не падзяляю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG