Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вызваліцелі, пакіньце нас у спакоі!»


Misis Djyli, якая выклала ў інтэрнэце відэа з абстрэлам Краматорску, распавядае, як заканчваецца мірнае жыцьцё і прыходзіць вайна.

Сярод шматлікіх аматарскіх відэа нядаўняга абстрэлу Краматорску найбольш праглядаў атрымаў ролік, выкладзены ў акаўнце карыстальнікам Misis Djyli. Ён быў зьняты з акна звычайнага шматпавярховіка.

Адрозьнівае яго адсутнасьць якіх-небудзь шакавальных кадраў: скалечаных целаў, разбураных дамоў, падбітай вайсковай тэхнікі,зьняважаных палонных, бежанцаў у роспачы і іншых жорсткіх сьведчанняў вайны, якімі перапоўнены YouTube. У гэтым відэа зьдзіўляе голас за кадрам:

Misis Djyli аказалася звычайнай жыхаркай Краматорску. Яе завуць Юлія. Яна — хатняя гаспадыня, выхоўвае сямімесячную дачку і чатырохгадовага сына, вучылася на візажыста, захапляецца вышыўкай.

Большасьць ролікаў на яе канале — гэта справаздачы аб сваім мірным занятку. Распавядаць пра тое, як прасоўваецца праца над новай карцінай, вышыванай крыжам, Юлія спыніла 10 лютага, у дзень, калі яе горад абстралялі з раёну, кантраляванага сэпаратыстамі:

Юлія: Я сядзела за кампутарам. Я сяджу цяпер наогул увесь час за кампутарам, я гляджу ўсе навіны! Усё! Абсалютна ўсе навіны. Я хачу ведаць, што будзе далей! Быў выбух. Такі, што ў мяне акно задрыжала. Я выглянула ў акно, але нічога ня ўбачыла. Потым, празь нейкі час, зноў выбух. Але, паколькі вокны плястыкавыя, глухі такі гук быў. Я падумала: ну, сапраўды нешта на аэрадроме. А ў мяне камэра заўсёды пад рукой. Тут жа падышла два крокі да акна, уключыла, на кнопку націснула, думаю: нешта там на аэрадроме бабахае. І бачу — выбухі набліжаюцца, проста на вачах. Гэта не перадаць! Там людзі ішлі!

РС: Вы да кагосьці зьвяртаецеся «хлопчыкі». З вамі былі малыя?

Юлія: Гэта былі людзі на вуліцы! Там дзеці, камэрай не захапіць, маленькія. Але я бачыла. І мужчына ішоў каля гаражоў, побач, ён нават не спыніўся, чалавек не зразумеў, што адбываецца.

РС: Вы думалі, што гэтыя выбухі дабяруцца і да вашага дому?

Юлія: Калі выбухнула і ўпала каля 28-га вучылішча, усё, я выключыла... Я нават ня памятаю, як выключыла... Я выключыла камэру, схапіла дзіця і пабегла ў ванную. Там я пераседзела ня ведаю колькі хвілін. Гэта як вечнасьць нейкая была! І потым, калі ўсё скончылася, прыціхла, я зноў узяла камэру, падышла і зьняла. У мяне былі два відэа. Я злучыла два кавалкі, дзьве часткі відэа і выклала адразу ў інтэрнэт, каб увесь сьвет убачыў!

РС: Што ўбачыў?

Юлія: Што людзей, простых людзей, мірных, якія ня хочуць нічога, хочуць проста жыць, забіваюць! За што?! Мне ўсё роўна, зь якога боку гэта ляціць, усё роўна! Але людзі, якія па той і па гэты бок, яны што, не разумеюць, што яны забіваюць?!

РС: З вамі ў пакоі былі вашыя дзеці?

Юлія: Дзяўчынка. Хлопчык быў у садку.

РС: Як часта Краматорск абстрэльваюць?

Юлія: Гэта быў першы раз. Думалі, што нас гэта не кране, што гэта сышло ад нас. Але зноў вяртаецца!

РС: Вы ня думаеце пра тое, каб пакінуць горад і зьехаць куды-небудзь?

Юлія: Няма куды ехаць! Куды мы паедзем?! У мяне вялікая сям’я, бабуля, мама пажылая. Куды мы паедзем? Куды?! Нам на чыюсьці шыю сесьці? Нас валянтэры будуць карміць, забясьпечваць нам жытло? Людзі зьяжджалі, вярнуліся ўсе праз тры месяцы, як грошы скончыліся.

РС: Вы цяпер у асноўным займаецеся хатняй гаспадаркай, седзіце з маленькім дзіцём і яшчэ падзарабляеце візажысткай?

Юлія: Цяпер ужо не падзарабляю. Ужо ніхто не фарбуецца, прабачце! Так, мары засталіся.

РС: Вы вучыліся ў Данецку, канчалі курсы...

Юлія: Так, я вучылася ў Данецку, марыла, што ў мяне будзе новая прафэсія, у мяне будзе свой бізнэс.

РС: Цяпер гэта нікому ня трэба...

Юлія: Нікому! Каму патрэбен макіяж, калі ў цябе страляюць?! Няма вясельляў, нічога няма!

РС: Ваш муж у прызыўным узросьце, яго могуць забраць у войска?

Юлія: У яго... Я нават ня ведаю, напэўна, мне цяпер трэба радавацца, што ў мяне муж хворы, што ў яго грыжа хрыбта. Гэта цяпер для мяне радасьць, напэўна.

РС: Які настрой у горадзе, у вашых суседзяў, што яны думаюць рабіць?

Юлія: Кажуць, што разумныя людзі дамаўляюцца, умеюць дамаўляцца так, каб не нашкодзіць сваёй краіне! Таму што краіна — гэта ня толькі тэрыторыя, а гэта людзі! Разумныя своечасова ўсё спыняюць, а ня тое, што яны дапусьцілі. Пасады там дзялілі! Пра што яны думалі? Ніхто зь іх ня думае пра простых людзей! Ніхто! Ні з таго боку, ні з гэтага боку!

РС: У інтэрнэце было выкладзена шмат відэаролікаў абстрэлу Краматорску, вы самі як думаеце, чаму менавіта ваш ролік выклікаў такую вялікую цікавасьць і такія вялікія спрэчкі?

Юлія: Людзі з глузду зьехалі. Я выклала тое, што я ўбачыла. Адны пісалі, што я нават наводчыца! Гэта ўвогуле немагчыма зразумець! Я жыву ў гэтым доме ўжо 6 гадоў, гэта кватэра майго мужа, ён на гэтым аэрадроме працаваў. Там працаваў стрыечны брат майго мужа. Там вінаграднікі разьмешчаныя. І я — наводчыца?! Я ня ведаю нават як... Людзі страцілі розум! Людзей накручваюць, з аднаго боку кажуць, што там фашысты, а з другога боку кажуць, што там рускія. Укропы... Як яны людзей называюць. А з абодвух бакоў — людзі! Людзі, людзі, плоць і кроў!

РС: Юлія, вы веруючы чалавек?

Юлія: Вядома. Не забі — божы запавет! Не забі! Любі блізкага свайго! Той, хто страляў, той, хто на кнопку націскаў, ён забойца! Ён гэта разумее ці не? Ён забойца!

РС: Можа быць, вы яшчэ нешта хочаце дадаць да гэтай размовы?

Юлія: Толькі плач усіх жанчын у краіне. Але нас ніхто ня чуе, ніхто! Нейкія дурныя законы прыдумляюць... Спэцыяльна ўсё робяць, каб не любілі Ўкраіну. Я не разумею, людзі простыя, мы не разумеем, што робіцца. Як можна казаць «я за мір», але пры гэтым страляць? Атрымліваецца, калі тут былі гэтыя... мы іх называлі «зялёныя чалавечкі», яны казалі: «Мы вас тут вызваляем». А ад каго? Мы не разумелі, ад каго яны нас вызваляюць. Казалі: «Мы вас ад Правага сэктару ратуем». Я гэтага Правага сэктару ў вочы ня бачыла! Потым прыйшлі вызваляць нас ад гэтых. Цяпер ідуць, вяртаюцца нас вызваляць зноў. Вызваліцелі, пакіньце нас у спакоі!

Я яшчэ выклала відэа, летам здымала. Людзі ня вераць, кажуць, што гэта змантажавана. Я летам здымала яшчэ, калі тут верталёт зьбілі, выбухі былі. Я яго таксама бачыла, выклала, хай глядзяць. Таму што крычаць данецкія: гэта вам помста за Данецк! Яны звар’яцелі?!​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG