Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэркель пра Менск: ёсьць пробліск надзеі, але застаецца шмат працы


Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель па выніках перамоваў у Менску заявіла, што цяпер «ёсьць пробліск надзеі» для Ўкраіны.

Разам з тым, паводле Мэркель, яна «ня мае ілюзій» і «яшчэ вельмі, вельмі шмат» працы павінна быць зроблена.

Канцлер Нямеччыны дадала, што прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка зрабіў усё магчымае, каб спыніць кровапраліцьце на ўсходзе Ўкраіны.

На сустрэчы ў Менску лідэраў Украіны, Расіі, Нямеччыны і Францыі, якая доўжылася амаль 17 гадзін, дамовіліся аб спыненьні агню на Данбасе з 15 лютага. Акрамя таго, ад лініі судакрананьня павінна быць адведзена цяжкае ўзбраеньне. Як заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін па завяршэньні перамоваў, украінскія вайскоўцы маюць адвесьці ўзбраенне ад цяперашняй лініі судакрананьня, сэпаратысты — ад лініі, узгодненай 19 верасьня ў рамках менскіх дамоўленасьцяў.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што Расея вылучала непрымальныя для Кіева ўмовы. Паводле яго, на фэдэралізацыю або аўтаномію для Данбасу Ўкраіна не пагадзілася.

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд назваў дасягнутыя ў Менску дамоўленасьці «палёгкай для Эўропы» і «надзеяй для Ўкраіны».

XS
SM
MD
LG