Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка: Ёсьць дакладныя абавязаньні па вывадзе ўсіх замежных войскаў з тэрыторыі Ўкраіны


Пятро Парашэнка

Пятро Парашэнка

«Скончыліся вельмі складаныя перамовы, якія ішлі бесьперапынна 18 гадзін. Усе вы былі сьведкамі, бачылі, у якой абстаноўцы яны праходзілі. Трохбаковая кантактная група падпісала дакумэнт, які рыхтаваўся з такімі цяжкасьцямі, у такіх складаных дыскусіях. Я магу сказаць, што галоўнае, чаго ўдалося дасягнуць, — гэта тое, што з 00.00 15 лютага, у ноч з суботы на нядзелю, павінна быць абвешчана безумоўнае, без аніякіх папярэдніх умоваў паўсюднае спыненьне агню. Думаю, што ва ўмовах, у якіх разгортваўся канфлікт у зоне АТА на сёньняшні дзень, для нас гэта надзвычайна важна. Можна сказаць, што ўсё было няпроста, і фактычна нам выстаўлялі непрымальныя ўмовы адыходу, здачы. Мы не пайшлі ні на якія саступкі і дакладна правялі пазыцыю, што спыненьне агню абвяшчаецца без усялякіх папярэдніх умоваў.

Суправаджаецца спыненьне агню праз два тыдні адвядзеньнем цяжкога ўзбраеньня, артылерыі калібрам вышэй за 100 мм. Як было дамоўлена, артылерыя адводзіцца на дыстанцыю ад менскай лініі — для незаконных узброеных фармаваньняў, і фактычнай лініі — для ўзброеных сіл Украіны, на 25 кілямэтраў. Агульная буфэрная зона будзе складаць 50 кілямэтраў. Значна больш складаюць зоны для сыстэмаў залпавага агню — 50 км. І 140 км складае буфэрная зона для сыстэм залпавага агню «Ўраган» і «Сьмерч».

Апроч таго, дасягнутая дамоўленасьць пра вызваленьне ўсіх закладнікаў. Яны вызваляюцца на працягу 19 дзён. Павінны быць вызваленыя ўсе закладнікі. 14 дзён даецца на адвод цяжкай артылерыі, і 5 дзён пасьля завяршэньня адводу артылерыі — на вызваленьне ўсіх закладнікаў.

Удалося ўключыць пункт пра безумоўны доступ Украіны і міжнародных нашых партнэраў да аказаньня гуманітарнай дапамогі. На сёньняшні дзень мы будзем рабіць усё магчымае для таго, каб пераадолець гуманітарны крызіс і забясьпечыць усімі неабходнымі прадуктамі і мэдыкамэнтамі для пераадоленьня гуманітарнай катастрофы, якая ёсьць на акупаваных тэрыторыях.

Апроч таго, я ўзьняў пытаньне пра вызваленьне Надзеі Саўчанкі і быў праінфармаваны, што гэта павінна быць зроблена бліжэйшым часам. Папрасіў, каб усё было зроблена неадкладна. Мой зварот падтрымалі прэзыдэнт Францыі і канцлер Нямеччыны. Гэта была наша агульная пазыцыя.

Вельмі важна, што ў дакумэнце ёсьць дакладныя абавязаньні па вывадзе ўсіх замежных войскаў з тэрыторыі Ўкраіны. Яны павінны быць выведзеныя бліжэйшым часам.

Вельмі важна, што ўпершыню дэталёва расьпісаная імплемэнтацыя менскага пратаколу і менскага мэмарандуму што да закрыцьця дзяржаўнай мяжы. Дакладна абвешчана, што пасьля завяршэньня пэрыяду палітычнага ўрэгуляваньня зь першага ж дня пасьля мясцовых выбараў мяжа павінна быць перададзеная пад пільны кантроль прадстаўнікоў АБСЭ і ўкраінскіх памежнікаў.

На другім этапе — да канца гэтага году — украінскія памежнікі маюць у поўным аб’ёме аднавіць украінскі сувэрэнітэт, аднавіць кантроль над украінскай мяжой.

Гэта найперш дакладна акрэсьленыя даты, і гэтае сьцьвярджэньне падмацаванае супольнай дэклярацыяй прэзыдэнта Францыі Алянда, канцлера Нямеччыны Мэркель, прэзыдэнта Расеі Пуціна і вашага пакорнага слугі.

Нягледзячы на ціск, ані на які статус аўтаноміі мы не пайшлі. У нас на сёньняшні дзень вызначана, што мы будзем гэта рабіць у межах канстытуцыйных зьменаў па дэцэнтралізацыі. Ані на які кампраміс па фэдэралізацыі мы не пайшлі. Ані аўтаноміі, ані фэдэралізацыі ў дакумэнце няма".

XS
SM
MD
LG