Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская журналістка параўнала Палац Незалежнасьці зь Януковічавым Межыгор'ем


Вольга Кашаленка

Вольга Кашаленка

«Падзеі ва Ўкраіне мусяць паказаць кіраўніцтву Беларусі, што такое Расея», – кажа журналістка канала «1+1» Вольга Кашаленка.

«Падзеі ва Ўкраіне мусяць паказаць кіраўніцтву Беларусі, што такое Расея», – кажа журналістка канала «1+1» Вольга Кашаленка. Уплывовая ва Ўкраіне журналістка прыехала ў Менск асьвятляць сустрэчу ў «нармандзкім фармаце» аб вырашэньні крызісу на ўсходзе Ўкраіны.​

Перамовы маюць адбыцца ў Палацы Незалежнасьці. Іх асьвятляюць больш за 500 журналістаў з усяго сьвету.​

У чаканьні прыбыцьця кіраўнікоў Францыі, Нямеччыны, Расеі і Ўкраіны Вольга Кашаленка падзялілася ўражаньнямі ад Палаца Незалежнасьці і сваёй думкай пра тое, на што спадзяюцца ва Ўкраіне ад гэтых перамоваў.​

– Як вам Палац Незалежнасьці? Ці падобна да Межыгір’я (рэзыдэнцыі экс-прэзыдэнта Віктара Януковіча. – РС)?

– Вельмі пышна. Падобна (да Межыгір’я. – РС). Гэта праблема ўсіх постсавецкіх краінаў. Ведаеце як: «Мы жылі бедна – хопіць!». У Савецкім Саюзе людзі жылі ў татальнай шэрасьці і беднасьці. І гэта, напэўна, праблема росту, калі яшчэ не дарасьлі да эўрапейскіх каштоўнасьцяў, стандартаў, дзе ўсё вельмі проста і дэмакратычна, дзе шык не ў пазалоце і крышталі, а ў вельмі простых рэчах. Напэўна, праз гэты этап трэба прайсьці.​

Але ў Беларусі гэта не асабістая рэзыдэнцыя, а дзяржаўная. Бо ў нас Януковіч пабудаваў Межыгір’е сабе асабіста. Гэта была ягоная прыватная ўласнасьць, проста скрадзеная ў дзяржавы. Гэта выключны выпадак.​

Для Ўкраіны Межыгір’е было своеасаблівай прышчэпкай ад празьмерна дарагога гламуру і патасу. Палітыкі павінны аддаваць сябе людзям і жыць сьціпла.​

– Як вы ацэньваеце арганізацыю працы журналістаў на менскай сустрэчы ў «нармандзкім фармаце»?​

– Усё вельмі дакладна, добра арганізавана, у нас не было аніякіх праблемаў. Я разумею, што гэта вялізная арганізацыйная праца. Я была ў Міляне, калі былі перамовы і ў нармандзкім, і ў больш шырокім фармаце. Там арганізацыя была жахлівая. Перамовы адбываліся ў нейкім гатэлі, і абсалютна не было зразумела, калі што адбываецца. ​

Я сама думала і пыталася ў дыпляматаў, чаму Менск абралі для правядзеньня такіх перамоваў. Іх можна было арганізаваць у любой краіне Старога Сьвету, у Эўропе. Чаму Менск – улічваючы, што прэзыдэнт Беларусі неўязны ў эўрапейскія краіны? У мяне адназначнага адказу няма. Але, магчыма, падзеі, якія адбываюцца ва Ўкраіне, дадуць і кіраўніцтву Беларусі разуменьне пра тое, чым ёсьць Расея. ​

– Чаго ва Ўкраіне чакаюць ад сёньняшняй сустрэчы?​

– Для нас важна на гэтым этапе, каб перасталі страляць. Усе іншыя пытаньні можна вырашаць за сталом перамоваў. Але тое, што гінуць нашы найлепшыя хлопцы, добраахвотнікі, прызыўнікі – гэта вялізная трагедыя, вялізная страта для Ўкраіны.Мы штодня хаваем нашых найлепшых мужчын. Няма ўжо ні фізычных, ні маральных сіл на гэта глядзець.​

Гінуць мірныя людзі, якія ні ў чым не вінаватыя. Учора, калі вы бачылі абстрэлы ў Краматорску, – гэта проста барбарства, калі ў мірным месцы, дзе не адбываецца ваенных дзеяньняў, расейскія тэрарысты абстрэльваюць горад, падаюць бомбы сярод белага дня. Увесь сьвет абляцелі кадры, як маці з акна здымае на тэлефон, як падаюць ракеты, а побач плача маленькае дзіця. Гэта жахліва.​

Таму на першым этапе, калі будуць прыпыненыя абстрэлы і будзе выконвацца рэжым прыпыненьня агню, то гэта будзе самая важная дамоўленасьць, якой можна дасягнуць.​

А далей як будуць разьвівацца падзеі, то ўкраінскае кіраўніцтва ня раз заяўляла пра тое, што яно гатовае даць пэўныя самакіраўнічыя правы Данбасу, там могуць быць праведзеныя мясцовыя выбары, што было відавочна заяўлена. Кровапраліцьце нікому не патрэбнае, яно штучна інсьпіраванае і павінна быць спынена.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG