Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бярозкі» могуць вярнуцца ў Расею ў новым выглядзе


Расея плянуе адкрыць бязмытную краму для замежных дыпляматаў і супрацоўнікаў міжнародных арганізацый. Гэты крок ужо выклікаў параўнаньні з савецкай сеткай валютных крамаў, вядомых пад назвай «Бярозка», піша аглядальнік Радыё Свабода Карл Шрэк.

На працягу многіх дзесяцігодзьдзяў у СССР замежнікі і прадстаўнікі савецкай намэнклятуры маглі за валюту набыць у спэцыялізаваных крамах добры алькаголь і тытунёвыя вырабы, а таксама іншыя якасныя тавары, недаступныя для звычайных грамадзян.

Прайшло больш за два дзесяцігодзьдзі ад часу, як гэтая сетка пад назвай «Бярозка» зьнікла. Але цяпер Расея разглядае магчымасьць адкрыць аналягічную сетку для некаторых замежнікаў у Маскве.

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў папрасіў прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева дазволіць бязмытную краму ў Маскве для замежных дыпляматаў і супрацоўнікаў міжнародных арганізацый, паведаміла 10 лютага інтэрнэт-выданьне Gazeta.ru.

У лісьце да Мядзведзева ад 19 сьнежня, які цытуе Gazeta.ru, Лаўроў пісаў, што гэта дапаможа скараціць «фінансавыя страты і затрымкі», зьвязаныя з дастаўкай тавараў для замежных дыпляматычных місій у Расеі.

Пакуль не вядома, ці будуць у гэтай краме заходнія харчовыя прадукты, забароненыя для імпарту ў Расею прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным летась у жніўні ў адказ на санкцыі ЗША і Эўразьвязу супраць Масквы за ўмяшаньне Крамля ва Украіне.

Расейскае Міністэрства эканамічнага разьвіцьця пацьвердзіла, што атрымала прапанову адкрыць бязмытную краму ў Маскве і што яно разглядае гэтае пытаньне, паведамляюць Gazeta.ru і радыёстанцыя «Вести FM».

Калі праекту дадуць зялёнае сьвятло, краму можа адкрыць прыватная кампанія, якая мае сувязі з МЗС Расеі, дадае Gazeta.ru.

Акно ў добрае жыцьцё

Паведамленьні пра новую краму ўжо выклікалі ў расейскіх СМІ параўнаньні зь сеткай крамаў «Бярозка», якую савецкі ўрад адкрыў ў 1960-я для замежнікаў, каб папоўніць запасы цьвёрдай валюты.

У іншых крамах, якія таксама ўваходзілі ў сыстэму «Бярозкі», савецкія грамадзяне маглі набываць тавары за спэцыяльныя сэртыфікаты, якія можна было атрымаць за валюту, заробленую за мяжой ці дасланую з замежжа сваякамі.

Пра такія крамы, дзе прадавалі дэфіцытную ежу, адзеньне, алькаголь і бытавую тэхніку, рэдка згадвалі савецкія афіцыйныя асобы і СМІ, піша маскоўскі гісторык Анна Іванова ў сваім дасьледаваньні, апублікаваным ў 2013 годзе.

Але пра іх добра ведалі ў савецкім грамадзтве, і многія бачылі ў іх акно ў добрае жыцьцё савецкай эліты, хоць фармальна зрабіць пакупкі там мог любы савецкі грамадзянін, які меў валюту.

У савецкім анэкдоце чалавек з расейскай глыбінкі прыходзіць у «Бярозку» і просіць там палітычнага прытулку. А ў песьні Ўладзіміра Высоцкага, напісанай у 1968 годзе, чалавек выпадкова патрапляе ў «Бярозку» і на пытаньне «Якая ў вас валюта?» адказвае «Ня бойся, не даляры!»

Аляксандар Грант, народжаны ў Расеі журналіст, які эміграваў у ЗША ў 1970-я, у нядаўнім інтэрвію для Радыё Свабода прыгадаў, як адначасова з абвінавачаньнем у распаўсюдзе антысавецкай прапаганды яго зьвінавацілі ў парушэньні закону аб валютных апэрацыях за ягоныя пакупкі ў «Бярозцы» на грошы, атрыманыя ад заходніх дыпляматаў. Гранта асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня.

У канцы 1980-х савецкі ўрад абвясьціў пра намер скасаваць сыстэму продажаў у сыстэме «Бярозкі». Гэты крок быў успрыняты як частка антыкарупцыйнай кампаніі і змаганьня супраць прывілеяў «намэнклятуры».

Тыя савецкія грамадзяне, у якіх заставаліся сэртыфікаты, кінуліся ў крамы. Як прыгадвае адзін расейскі блогер, пачуўшы навіну па тэлебачаньні, ён на наступны дзень пайшоў у краму з сыстэмы «Бярозка» са сваімі «чароўнымі паперкамі» і пабачыў велічэзны натоўп і пустыя паліцы. Каб нешта набыць, давялося шмат дзён стаяць у чарзе.

XS
SM
MD
LG