Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэча «ў нармандзкім фармаце» у Менску па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Украіне не мае практычна ніводнага шанцу на посьпех — пішуць у Der Spiegel Беньямін Біддэр і Маціяс Гэбаўэр. Менскі саміт — апошняя надзея на мірнае ўрэгуляваньне канфлікту — адзначае на старонках Die Zeit Маціяс Нас.

Der Spiegel

Нямецкі канцлер Ангела Мэркель і францускі прэзыдэнт Франсуа Алянд агітуюць за мір і жадаюць пасадзіць Расею і Ўкраіну за стол перамоваў, каб тыя як мага хутчэй паставілі свае подпісы пад пагадненьнем аб спыненьні агню, аднак у Маскве і Кіеве мараць аб ваенных перамогах. Так што задача амаль невыканальная, і калі б у місіі Мэркель і Алянда быў дэвіз, ён мог бы гучаць так: «Няма ніводнага шанцу, але мы абавязкова хочам яго выкарыстаць».

Прыкметаў таго, што Масква зробіць крок да прымірэньня, цяпер няма. Яна ўпарта ігнаравала любы ціск на яе, у тым ліку заходнія санкцыі, абурэньне міжнароднай грамадзкасьці ў сувязі са зьнішчэньнем малайзійскага «Боінга» і абясцэньваньне рубля. Для яе куды важней тое, што кіеўскі ўрад няўпэўнена трымаецца ў сядле, а ваенныя паразы дэмаралізуюць насельніцтва. У Кіеве таксама сядзяць гарачыя галовы, якія мараць пра тое, каб ператварыць ўсход Украіны для Крамля ў «другі Аўганістан», гэта значыць у кровапралітную вайну, якая разам з санкцыямі і падзеньнем цаны на нафту абяскровіць Расею.

Дасягненьню кампрамісу таксама перашкаджае тое, што ў ваенным пляне апалчэнцы знаходзяцца на піку сваёй славы: яны істотна адкінулі ўкраінскую армію назад, захапілі каля 1,5 тыс. кв. км тэрыторыі і замкнулі кацёл вакол стратэгічна важнага гораду Дэбальцава, атачыўшы больш за 5 тыс. украінскіх салдатаў. У выніку ўкраінскай арміі пагражае паўтарэньне трагедыі пад Ілавайскам — там летам сілавікі страцілі некалькі соцень чалавек забітымі. Больш за тое, апалчэнцы абавязкова хочуць скарыстацца выгаднай стратэгічнай сытуацыяй і захапіць новыя тэрыторыі.

Да сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў у Менску аб канкрэтных дэталях пляну францускіх і нямецкіх палітыкаў вядома мала, аднак у цэлым іх уяўленьні аб тым, якім чынам можна вырашыць крызіс ва Ўкраіне, падобныя на палажэньні верасьнёўскіх менскіх дамоўленасьцяў. Менскія пагадненьні прадугледжвалі адвод цяжкіх узбраеньняў ад дэмаркацыйнай лініі і маніторынг расейска-ўкраінскай мяжы міжнароднай місіяй, які павінен быў пакласьці канец пастаўкам узбраеньняў. Прыкладна на тым самым Мэркель настойвала на мінулым тыдні ў Крамлі. Аднак Пуцін ня пойдзе на гэта, паколькі маршруты, празь якія ідзе забесьпячэньне сэпаратыстаў, праходзяць менавіта празь мяжу, і калі гэтыя каналы закрыюць, празь лічаныя тыдні «народныя рэспублікі» застануцца бяз зброі і боепрыпасаў.

Die Zeit

Калі яны сядуць за стол перамоваў, то будуць усьведамляць, што гэта можа быць апошнім шанцам на мірнае ўрэгуляваньне канфлікту. Мэркель, Пуцін, Парашэнка і Алянд: цяпер усё залежыць ад іх.

«Ізноў паўстала пытаньне пра вайну і мір», — заявіў міністар замежных спраў Нямеччыны Штайнмаер па завяршэньні Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы.

Аўтарытэт фэдэральнага канцлера прыкметна вырас у апошнія дні на фоне абвастрэньня ўкраінскага канфлікту. Мэркель, якая практычна заўсёды аддае перавагу расплывістым фразам і дазваляе падзеям ісьці сваёй хадою, дзейнічае мэтанакіравана і рашуча. Эўрапейцы і амэрыканцы даверылі ёй кіруючую ролю ў тым, што тычыцца цяперашняга крызісу. Такім чынам, яна ўзяла на сябе велізарную адказнасьць — за палітыку Бэрліну і за сябе асабіста. Ні перашкоды, якія ствараюцца Крамлём, ні абразы з боку амэрыканскіх сэнатараў не змаглі прымусіць яе адмовіцца ад перакананьня, што ўкраінскі крызіс варта вырашыць толькі палітычным шляхам. Канцлер займае цьвёрдую пазыцыю па пастаўках зброі Ўкраіне і настойліва паўтарае «не».

Лёгіка Мэркель настолькі ж простая, наколькі прывабная: нават вялікія пастаўкі зброі не прывядуць да таго, што ўкраінская армія стане раўнацэнным супернікам расейскім узброеным сілам. Узбраеньні для Ўкраіны — гэта прыток яшчэ большай колькасьці зброі на ўсход Украіны, дзе ваююць сэпаратысты. Тады тэрыторыя баявых дзеяньняў пашырыцца, пачнецца эскаляцыя, разважае Мэркель.

Раптам выявілася жарсьць, якую да гэтага часу ў Ангеле Мэркель не заўважалі. Яна распавяла, што ёй было сем гадоў, калі пабудавалі Бэрлінскі мур, і, на шчасьце, Захад не паспрабаваў перашкаджаць гэтаму з дапамогай ваеннай сілы. Урэшце, праз тры дзесяцігодзьдзі, мур быў разбураны, і сёньня палітыкі павінны праявіць такое самае «цярпеньне і вытрымку», як тады, лічыць канцлер. У «ястрабаў» у Вашынгтоне няма такога цярпеньня.

Мы можам толькі радавацца таму, што фэдэральны канцлер настойвае на дыпляматычным рашэньні канфлікту. Мэркель, якая засмучаная і расчараваная курсам Крамля на агрэсію і дэстабілізацыю, ужо даўно магла б перайсьці на бок «ястрабаў». Але яна рабіла новыя спробы, увесь час бралася за слухаўку, зноў і зноў падымалася на борт самалёта.

Пошук міру — неверагодна цяжкае прадпрыемства. Але той, хто ня хоча, каб заклік паставіць зброю зьмяніўся патрабаваньнем узяцца за зброю, павінен быць удзячны фэдэральнаму канцлеру за яе зацятасьць.

XS
SM
MD
LG