Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры няпраўды пра фільм Міхалкова «Сонечны ўдар»


Марціньш Каліта ў ролі галоўнага героя

Марціньш Каліта ў ролі галоўнага героя

Фільм надзвычай цяжкі, зь яго выходзіш, нібы з дурнога сну, з чыгуннай галавой і немагчымасьцю адразу ўцяміць, куды ж ты выйшаў. Але гэта якраз – праўда пра «Сонечны ўдар».

1. Кіно паводле Буніна. Нобэлеўскі ляўрэат Іван Бунін справядліва лічыцца найвялікшым стылістам. Што гэта значыць? Дакладнае і празрыстае пісьмо дае ў выніку адчуваньне, што ты ўнутрана пабагацеў. Нават такая страшная кніга як «Акаянныя дні» ні ў якім разе ня робіць тваю галаву чыгуннай, а рэальны сьвет навокал – няўцямным. Наадварот, твой розум ясны ўсьведамленьнем таго, што ў тваёй сёньняшняй рэчаіснасьці вырастае адтуль, з «Акаянных дзён». У Міхалкова, які, нібыта, здымаў кіно паводле гэтай кнігі, тая гістарычная рэальнасьць ніяк не нітуецца зь сёньняшняй. Ды і ўзяў ён з кнігі толькі адзін факт.​

2. Фільм пра Расею. Насамрэч – пра тую расейскую правінцыю на вялікай рацэ з шыкоўнымі швэйцарскімі параходамі, якую так любіць бачыць у сваіх снах рэжысэр Міхалкоў. Але ў заштатным расейскім мястэчку на рацэ Ака напачатку 20 стагодзьдзя проста не магло быць такой этнічнай разнастайнасьці з фатографам-габрэем пасярод краявіду. Міхалкоў яўна пераступіў рысу аселасьці і напоўніў свае фантазіі рэаліямі колішняга ВКЛ (адкуль паходзяць ягоныя продкі), падгледжанымі недзе ў Беларусі ці ва Ўкраіне. ​

Міхалкоў тужыць не па Расеі. Яго праўдзівая журба выкрываецца ў фінале, у дыялёгу двух расейскіх афіцэраў, дзе гучыць да болю знаёмая фраза: «Такую страну загубили!». «Загубілі» – сынонім. Калі б аўтар ужыў дакладнае «развалілі», фільм ператварыўся б у анэкдот.​

3. Кіно пра расейцаў. Амаль увесь фільм камэра факусуецца на твары галоўнага героя, расейскага афіцэра. Буйныя пляны стамляюць нават не таму, што актор пасрэдны, а таму, што ён латыш. Хто назірае за мімікай, манерамі і паводзінамі людзей розных нацыянальнасьцяў, адчуе выразны дыскамфорт. Табе ў якасьці вобраза, сымбаля, ідэала, калі хочаце, ісконнарускага чалавека падаюць такі добра табе знаёмы і мілы па-свойму вобраз балтыйца-латыша. ​

У цэлым акторы ў фільме геніяльнасьцю не вызначаюцца. На гэтым фоне найбольш натуральна выглядае сабачка зь беларускай мянушкай Сябар. І калі чэкісты топяць у моры баржу, набітую ўрангелеўскімі афіцэрамі, мне асабіста найбольш крыўдна за яго, за сабачку. З афіцэрамі ўсё зразумела, а вось Сябра – за што?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG