Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фясенка: «Нармандзкая чацьвёрка» павінна выпрацаваць дакумэнт «Менск-мінімум»


Уладзімер Фясенка

Уладзімер Фясенка

Нават калі бакі дамовяцца, каб спыніць страляніну, ніхто ня можа гарантаваць, што такі рэжым будзе трываць працяглы час.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў кіеўскі палітоляг Уладзімер Фясенка.

«Адзінае, пра што можна дамовіцца сёньня ў Менску, — гэта спыненьне агню. Далей, вядома, узьнікне традыцыйная праблема, якая і цяпер застаецца вельмі акaтуальнай, — ці будзе выконвацца рэжым спыненьня агню».

Экспэрт мяркуе, што дамовіцца пра нейкія сыстэмныя і больш доўгачасовыя рэчы прэзыдэнтам Нямеччыны, Францыі, Украіны і Расеі цяпер надзвычай складана. Уяўленьні пра тое, як павінен далей разьвівацца Данбас, у бакоў зусім розныя, і знайсьці кампрамісны варыянт цяпер немагчыма.

«Ад панядзелка, калі ў Бэрліне зьбіраліся прадстаўнікі МЗС краін „нармандзкага фармату“, распрацоўваецца такая схема, якая мае на мэце дэталізацыю менскіх дамоўленасьцяў мінулага году: спыненьне агню — як, у якія тэрміны, пры якіх мэханізмах кантролю; затым адвядзеньне цяжкага ўзбраеньня — як, калі, куды. Размаўляць пра больш глябальныя рэчы, як, напрыклад, адмысловы статус Данбаса, амаль бессэнсоўна, бо інтарэсы бакоў кардынальна разыходзяцца. А вось па спыненьні агню і вывадзе цяжкага ўзбраеньня — стварыць схему можна. Далей паўстане пытаньне — ці будзе гэты рэжым выконвацца і хто будзе кантраляваць? У мінулым годзе мы ўжо сутыкнуліся з тым, што нэўтральную зону сэпаратысты хутка паспрабавалі заняць. Дык навошта паўтараць тое самае яшчэ раз? АБСЭ, на жаль, ня ў стане ў поўным аб’ёме выконваць кантрольныя функцыі, там няма сілаў і рэсурсаў, каб кантраляваць нэўтральную зону.

Сёньня „нармандзкая чацьвёрка“ павінна выпрацаваць дакумэнт „Менск-мінімум“, гэта магчыма. А пасьля ўжо можна дамаўляцца па іншых пытаньнях — адвядзеньне цяжкага ўзбраеньня, сацыяльна-эканамічныя праблемы ў рэгіёне», — сказаў Уладзімер Фясенка.

XS
SM
MD
LG