Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У былой савецкай рэспубліцы, якой непадзельна кіруе Аляксандр Лукашэнка, выяўляюцца нясьмелыя памкненьні да незалежнасьці ад вялікага суседа, піша П’ер Аўрыль у Le Figaro.

Павал Белавус — адзін з прадстаўнікоў альтэрнатыўнага мастацкага руху, які атрымаў назву «Арт-сядзiба». Адна з філіяў месьціцца на першым паверсе папулярнага гандлёвага цэнтру на плошчы Перамогі ў Менску. Тут можна купіць саколкі і бел-чырвоныя стужкі, вырабленыя на дзяржпрадпрыемстве. Фэстываль «вышыванак» сабраў тысячы ўдзельнікаў. Яшчэ адно мерапрыемства, прысьвечанае разьвіцьцю нацыянальнай мовы, пройдзе 21 лютага. Менск — сталіца мірных перамоў па Украіне — франдзіруе ў адносінах да Масквы. Паўсюль у гэтай былой савецкай рэспубліцы падымаецца нацыяналістычная хваля.

Гэта хваля пачала падымацца пасьля анэксіі Крыма, і вайна, якая віруе каля брамы Беларусі, абуджае страхі аб адраджэньні расейскага імпэрыялізму. Гэтыя настроі пашыраюцца з прычыны цяжкасьцяў, якія перажывае нацыянальная эканоміка, моцна залежная ад расейскага суседа. Нацыянальная валюта падае разам з расейскім рублём. «Калі мы не пакажам Расеі, хто мы ёсьць, мы станем новым Данбасам», — папярэджвае Павал Белавус.

Намесьніца кіраўніка Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім канцэнтруе намаганьні на разьвіцьці нацыянальнай мовы. «Яна зьяўляецца фактарам ідэнтыфікацыі. Калі мы страцім нашу мову, мы страцім Беларусь», — настойвае гэтая прадстаўніца інтэлігенцыі, якая крытыкуе высокапастаўленых чыноўнікаў за тое, што яны праводзяць пасяджэньні на расейскай мове. Анісім была адным з арганізатараў нядаўняга нацыянальнага кангрэса, на якім яна заклікала сваю краіну не рабіцца «кавалкам расейскай імпэрыі».

Нават калі ўлады таемна не стымулююць падобныя ініцыятывы, яны іх церпяць. Зь нядаўняга часу прэзыдэнт аўтарытарнай рэспублікі перасыпае свае выступы фразамі на беларускай, у той час як міністар адукацыі загадвае весьці выкладаньне гісторыі і геаграфіі на беларускай мове. «Розныя разумнікі імкнуцца да таго, каб Беларусь стала часткай „рускага сьвету“. Забудзьцеся пра гэта», — заявіў у канцы студзеня кіраўнік дзяржавы, выступіўшы за тое, каб гандлёвы абмен паміж дзьвюма краінамі праводзіўся ў далярах.

«Лукашэнка зразумеў, што ён павінен абараняць сваю незалежнасьць, і таму яму патрабуецца падтрымка нацыянальных сілаў» — цешыцца Павал Белавус. «Кіраўнік дзяржавы марыць стаць царом, але ён усяго толькі васал» — мяркуе кінематаграфіст Уладзімер Колас. Ён кіруе падпольнай беларускай школай, якая месьціцца ў прыгарадзе Менску і дзейнічае дзякуючы сродкам, што паступаюць ад Захаду.

Беларускія афіцыйныя палітыкі імкнуцца мінімізаваць спрэчкі з расейскім суседам. Яны падазраюць, што патрыятычныя і праэўрапейскія рухі хочуць дэстабілізаваць краіну. «Гэтая апазыцыя выклікае ў мяне пачуцьцё сораму. Яна крычыць: „Жыве Беларусь“- і патрабуе санкцый супраць сваёй краіны» — кажа Мікалай Самасейка, старшыня камісіі па замежных справах нацыянальнага парлямэнту.

Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаны пераклад парталу Inopressa

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG