Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасаду Літвы ва Ўкраіне ачоліць дыплямат, які працаваў у Менску


Напрыканцы лютага ён накіруецца ў Кіеў, каб уручыць даверчыя лісты прэзыдэнту Пятру Парашэнку. Пра гэта паведамляюць літоўскія СМІ.

Марыюс Януконіс працаваў у Беларусі тры гады, пачынаючы з 2005-га. Ён быў другой асобай у амбасадзе пасьля кіраўніка дыпмісіі Пятраса Вайцякунаса. Калі ў сярэдзіне 2006 году Вайцякунаса прызначылі міністрам замежных спраў, Януконіс да прыезду новага амбасадара выконваў абавязкі часовага паверанага ў справах.

Затым ён працаваў у апараце МЗС Літвы. Пасьля «дуэт» Вайцякунас — Януконіс аднавіўся ў Кіеве: Вайцякунас стаў амбасадарам ва Ўкраіне, а Януконіс, як і ў Менску, другой асобай.

Напрыканцы 2014 году Януконіс вярнуўся ў Вільню і ўзначальвае цяпер дэпартамэнт палітыкі ўсходняга партнэрства МЗС. Пакінуў пасаду амбасадара ў Кіеве і Вайцякунас. І цяпер яна застаецца вакантнай.

«Калі якогасьці з дыпляматаў, незалежна ад краіны, якую ён прадстаўляе, у гэты складаны час накіроўваюць працаваць ва Ўкраіну, можна адназначна казаць: гэты чалавек — сапраўдны прафэсіянал, — сказаў Свабодзе выкладчык факультэту міжнародных дачыненьняў БДУ Міхась Бацян. — У дадзеным выпадку, як я разумею, вельмі важна тое, што новы амбасадар ужо працаваў ва Ўкраіне. Мабыць, у МЗС Літвы ўлічылі, што чалавек добра арыентуецца ў сытуацыі, ведае спэцыфіку Ўкраіны.

У дыпляматыі існуе такі выраз: яго высоўваюць ці яго засоўваюць. Дык „засоўваюць“ звычайна высокіх чыноўнікаў, якія пасьля даволі часта ня вельмі разьбіраюцца, што адбываецца ў краіне, куды іх накіравалі. А ў дадзеным выпадку пры прызначэньні новага амбасадара Літвы ва Ўкраіну, безумоўна, улічылі яго бэкграўнд».

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кажа, што ён добра памятае Марыюса Януконіса і па працы ў Менску, і па цяперашніх сустрэчах у зьнешнепалітычным ведамстве Літвы:

«Кар’ерны дыплямат, граматны, дасьведчаны, уедлівы ў добрым сэнсе гэтага слова. У параўнаньні з многімі дыпляматамі, якія працуюць цяпер у Беларусі, у Януконіса шмат плюсоў. Я лічу яго адным з самых моцных спэцыялістаў па Беларусі і Ўкраіне.

Ужо два былыя літоўскія амбасадары ў Беларусі — Вайцякунас і Лінкявічус — пасьля сталі міністрамі замежных спраў. Так што, на маю думку, Беларусь і Ўкраіна — гэта тыя гарачыя кропкі, дзе рыхтуюцца кадры найвышэйшай якасьці».

А вось што тычыцца амбасадара Беларусі ва Ўкраіне, то гэтую пасаду з 2001 году па сёньняшні дзень займае Валянцін Вялічка. Гэта своеасаблівы рэкорд «доўгажыхарства» для беларускіх амбасадараў. Адзін час хадзілі чуткі, што Вялічку заменіць цяперашні віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка. Аднак гэты прагноз дагэтуль не збываецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG