Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад мірнымі перамовамі ў Менску баі ў Данбасе актывізаваліся


Ракетныя абстрэлы Караматорска, спроба сэпаратыстаў атачыць Дэбальвава, наступ украінскіх вайскоўцаў пад Марыюпалем як аргумэнты ў сёньняшняй дыскусіі «Нармандзкай чацьвёркі».

«Разьбіўшы расейска-тэрарыстычныя групоўкі вакол Марыюпаля, нашы войскі забясьпечылі надзейную абарону горада» — заявіў учора кіраўнік РНБА Ўкраіны Аляксандар Турчынаў.

Узброеныя атрады сэпаратыстаў працягваюць атакі на пазыцыі ўкраінскіх войскаў паблізу Дэбальцава. Таксама прарасейскія сэпаратысты абстралялі Краматорск, дзе разьмешчаны штаб Антытэрарыстычнай апэрацыі. У сваю чаргу ўкраінскія войскі перайшлі ў наступ у раёне Марыюпаля і ўзялі пад кантроль пяць населеных пунктаў.

У аўторак каля 12:30 з сыстэмаў залпавага вагню «Смерч» быў абстраляны Краматорск. Пад абстрэл трапіў раён аэрапорта, дзе разьмешчаны штаб АТА, аднак пад удар трапілі і жылыя кварталы горада. У выніку абстрэлу загінулі прынамсі 7 мірных жыхароў і 4 вайскоўцы, параненыя 26 грамадзянскіх і 32 вайскоўцы, паведамляе прэс-служба Данецкай аблдзяржадміністрацыі.

Карэспандэнт інтэрнэт-выданьня Іnsider Арцём Чапай, які цяпер знаходзіцца ў Краматорску, распавёў Радыё Свабода, што пад абстрэл падпаў таксама цэнтар гораду, разьмешчаны ў 10 кілямэтрах ад аэрапорта.

«Аскепкі па ўсім цэнтры гораду. Але разбурэньне меншае, чым можна было б чакаць. Адзін дом разбураны, а таксама ў шматлікіх дамах выбіла шкло», — кажа ён.

«Тарнада» расейскага паходжаньня

У штабе АТА адзначаюць, што абстрэл Краматорску вёўся боепрыпасамі, якія ёсьць на ўзбраеньні расейскай арміі.

«Злачынцы выкарысталі касэтныя снарады з суббаепрыпасамі падвышанай далёкасьці „Тарнада“. Агонь баевікі вялі з раёна Горлаўкі. Снарады трапілі па аэрадроме, а таксама па прыватным сэктары і ваколіцах Краматорску. Варта адзначыць, што такога тыпу боепрыпасаў няма на ўзбраеньні Ўзброеных сілаў Украіны», — заявіў прадстаўнік штаба АТА Аляксандар Матузяк.

Між тым, расейскія мэдыі цытуюць неназванага прадстаўніка так званага «міністэрства абароны» групоўкі «ДНР» (якую Генпракуратура Ўкраіны прызнала тэрарыстычнай арганізацыяй) — ён заявіў аб недатычнасьці сэпаратыстаў да абстрэлу Краматорску.

«Азоў» пайшоў у наступ

Паводле дадзеных РНБА Ўкраіны, жорсткія баі працягваюцца ў раёне Дэбальцава, дзе сэпаратысты працягваюць наступ на пазыцыі ўкраінскіх войскаў. Сэпаратысты паведамляюць, што ўзялі пад кантроль пасёлак Логвінава і такім чынам перарэзалі трасу Арцёмаўск—Дэбальцава, але баі ў гэтым раёне працягваюцца.

«Нашы байцы ўтрымліваюць Дэбальцава. Баі працягваюцца за кірунак Арцёмаўск—Дэбальцава. І казаць пра нейкую зафіксаваную пазыцыю немагчыма, паколькі сытуацыя хутка зьмяняецца. Мы спадзяемся, што ўтрымаем абарону — сілы ёсьць, рэзэрвы падцягваюцца. Але буйныя сілы накіраваныя супраць нашых вайскоўцаў тут», — камэнтуе сытуацыю прэс-сакратар РНБА Андрэй Лысенка.

Між тым нацыянальныя гвардзейцы з палка спэцпрызначэньня «Азоў» пры падтрымцы армейскіх падразьдзяленьняў перайшлі ў наступ у раёне Марыюпаля. Па словах сакратара РНБА Аляксандра Турчынава, які знаходзіцца на месцы баявых дзеяньняў, падчас наступу былі ўзятыя пад кантроль населеныя пункты Паўлопаль, Камінтэрнава, Лебядзінскае, Бярдзянскае, Шырокіна.

«Ворагу нанесена шмат сур’ёзных баявых страт. Разьбіўшы расейска-тэрарыстычныя групоўкі вакол Марыюпаля, нашы войскі забясьпечылі надзейную абарону горада і абаранілі ад артылерыйскіх абстрэлаў мірных жыхароў», — цытуе Аляксандра Турчынава прэс-служба РНБА.

Як распавёў Радыё Свабода прадстаўнік палка «Азоў» з пазыўным «Байда», загінулых сярод байцоў палка няма, але ёсьць параненыя. Зараз працягваюцца баі за пасёлак Саханка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG