Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскае кіраўніцтва абвінаваціла сэрвіс Twitter у ігнараваньні расейскага заканадаўства


«Раскамнагляд» заяўляе, што сэрвіс Twitter парушае патрабаваньні расейскага заканадаўства, у тым ліку, накіраваныя на супрацьдзеяньне экстрэмізму.

«Зьдзіўляе пазыцыя сэрвісу мікраблогаў Twitter адносна выкананьня заканадаўства розных краінаў, у якіх Twitter дзейнічае як транснацыянальная кампанія. Мяркуючы па афіцыйнай справаздачы кампаніі, яна ў 2014 годзе задаволіла амаль 3000 запытаў ўраду ЗША аб раскрыцьці асабістай інфармацыі карыстальнікаў. Са 108 запытаў на раскрыцьцё дадзеных аб наведвальнасьці акаўнтаў папулярных карыстальнікаў, накіраваных адміністрацыі сацыяльнай сеткі „Раскамнаглядам“, не задаволены ніводзін», — заявіў сёньня журналістам кіраўнік «Раскамнагляду» Аляксандар Жараў.

Паводле яго словаў, зьдзіўленьне выклікае фактычная адмова ў задавальненьні запытаў расейскіх уладаў, якія Twitter трактуе як «запыты аб блякаваньні папулярных апанэнтаў расейскіх уладаў і іншых патрабаваньняў абмежаваць свабоду слова ў дачыненьні да масавых негвалтоўных выступаў ва Ўкраіне».

Аляксандар Жараў падкрэсьліў, што той факт, што такая пазыцыя была сфармуляваная ў камэнтары да афіцыйнай справаздачы кампаніі, сьведчыць аб тым, што Twitter пасьлядоўна не выконвае патрабаваньні расейскага заканадаўства.

«У „Раскамнагляда“ ўзьнікае заканамернае пытаньне аб прымальнасьці такой пазыцыі для кампаніі, якая ажыцьцяўляе сваю дзейнасьць на тэрыторыі РФ», — сказаў кіраўнік «Раскамнагляду».

Ён паведаміў, што адпаведны афіцыйны запыт па тлумачэньне пазыцыі Twitter будзе сфармуляваны і накіраваны адміністрацыі сацыяльнай сеткі ў бліжэйшы час.

XS
SM
MD
LG