Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bloomberg: Нельга дапускаць, каб ва Ўкраіне Пуцін сьмяяўся апошнім


Выказваньні кіраўніка расейскага МЗС Сяргея Лаўрова пра ролю Расеі ва Ўкраіне, якія прагучалі на Мюнхэнскай канфэрэнцыі, былі такімі абсурднымі, што аб’ядналі Эўропу, піша ў рэдакцыйным камэнтары агенцтва Bloomberg. «Цяпер задача ў тым, каб увасобіць гэты рогат і кпіны ў нешта больш канструктыўнае», — адзначае выданьне.

Выступаючы на штогадовай канфэрэнцыі па бясьпецы ў Мюнхэне, Лаўроў заявіў, што леташнія падзеі ў Крыме былі проста актам самавызначэньня ў адпаведнасьці са статутам ААН, а не анэксіяй расейскімі войскамі. Потым ён стаў аб’ектам для далейшых зьдзекаў, заявіўшы, што ўзьяднаньне Крыму з Расеяй больш легітымнае, чым Усходняй і Заходняй Нямеччыны ў 1990 годзе, і што былы Савецкі Саюз выступаў за нямецкае адзінства пасьля Другой сусьветнай вайны.

Гэтая сумесь цынізму, самападману і пакрыўджанага гонару асабліва небясьпечныя цяпер, калі на Захадзе ўзмацніліся супярэчнасьці наконт палітыкі адносна Ўкраіны.

Нават калі ёсьць некаторая доля праўды ў гэтым, яна палягае ў тым, што Сталін хацеў аб’яднаць усю Эўропу ў турму народаў. Гэтая сумесь цынізму, самападману і пакрыўджанага гонару асабліва небясьпечныя цяпер, калі на Захадзе ўзмацніліся супярэчнасьці наконт палітыкі адносна Ўкраіны.

Канцлер Ангела Мэркель, не жадаючы ані ўцягвацца ў ваенную канфрантацыю з Расеяй, ані капітуляваць перад ёй, заклікае да цярпеньня і да новых эканамічных санкцый, але яе калегі ў Эўропе ня хочуць пайсьці нават на гэта. У ЗША і шэрагу эўрапейскіх постсавецкіх краінаў усё гучней заклікі пастаўляць абарончыя ўзбраеньні Ўкраіне. Трызьненьне Лаўрова грае на карысьць гэтай пазыцыі. Калі прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін разглядае ўсё тое, што адбылося ва Ўкраіне ў мінулым годзе, як частку змовы ЗША і НАТО супраць Расеі, то праграма ўзбраеньняў ЗША і НАТО наўрад ці прымусіць яго перагледзець сваю пазыцыю ці сваю стратэгію.

Захад памыляецца ў сваіх меркаваньнях наконт моцы ціску, які неабходны, каб прымусіць Расею сысьці з Украіны

Ён перагледзеў бы іх, калі б лічыў, што ЗША і НАТО гатовыя на ўсё дзеля яго разгрому ва Ўкраіне, але ён ведае, што яны на гэта не гатовыя.

Частка праблемы палягае ў тым, што Захад памыляецца ў сваіх меркаваньнях наконт моцы ціску, які неабходны, каб прымусіць Расею сысьці з Украіны. Адмова прызнаць гэта можа прывесьці да найгоршага сцэнару — уварваньня Расеі, якая расчляніць Украіну і ўтворыць глыбокія расколіны як паміж краінамі ЭЗ, гэтак і паміж ЭЗ і ЗША.

Лёгка сказаць, што Захаду патрэбная адзіная стратэгія. Якой яна можа быць? Гэта больш жорсткія санкцыі, падвышэньне кошту эскаляцыі ўмяшаньня Расеі, якая ўжо цярпіць ад санкцый і падзеньня цаны на нафту. Гэта цьвёрдае абавязацельства патраціць столькі грошай, колькі трэба, каб выратаваць Украіну ад банкруцтва, пакуль яна абараняецца. Адначасова Ўкраіна павінна паабяцаць, што ня ўступіць у НАТО. Наўзамен трэба запатрабаваць, каб Пуцін вывеў расейскія войскі з Украіны, дазволіў міжнародным сілам перакрыць мяжу і прызнаў, што Ўкраіна мае права выбіраць свой урад і гандлёвых партнэраў.

Вось што варта абмеркаваць на саміце ў Менску. Калі замест гэтага ЗША і Эўропа будуць спрачацца аб пастаўках зброі або пра скажоны сьветапогляд Лаўрова, Пуцін будзе сьмяяцца апошнім.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG