Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Washington Post: Мы павінны збудаваць вакол Данецку Бэрлінскі мур


Журналістка Эн Эплбаўм

Журналістка Эн Эплбаўм

Амэрыканская журналістка Эн Эплбаўм на сайце The Washington Post крытыкуе нерашучасьць Захаду ў дачыненьні да Расеі і прапануе выпрацаваць доўгатэрміновую стратэгію Захаду.

У звычайныя гады на штогадовай Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы мала што адбываецца. Міністры абароны краінаў НАТО мармычуць сур’ёзныя банальнасьці. Экспэрты моршчаць ілбы. Але сёлета — не звычайны год.

Сёлета стрыманая звычайна аўдыторыя рагатала з расейскага міністра замежных справаў Сяргея Лаўрова, які, як здалося ў пэўны момант, паставіў пад сумнеў законнасьць аб’яднаньня Нямеччыны. Частка залі таксама выбухнула гучнымі воплескамі, калі Ангела Мэркель, нямецкая канцлерка — якая толькі што вярнулася зь відавочна бясплённай мірнай місіі ў Маскве — пацьвердзіла сваю пазыцыю, што ў канфлікце ва Ўкраіне «няма ваеннага рашэньня». Але калі Мэлкам Рыфкінд, былы брытанскі міністар замежных справаў, запытаўся ў яе, як яна спыніць Расею без ужываньня вайсковай сілы, воплескамі выбухнула другая частка залі. Нават тым, хто сачыў за падзеямі ў рэжыме онлайн, сутнасьць рэбусу была ясная: усе згодныя, што расейцы хлусяць, і ніхто ня верыць у расейскія абяцаньні спыненьня агню. Але няма ніякай згоды наконт таго, што з гэтым рабіць.

Ясна, што сапраўдныя дэбаты вакол Украіны і Расеі яшчэ наперадзе, і я тут маю на ўвазе ня толькі дэбаты на тэму «Ці ўзбройваць Украіну». Гэта цікавая дыскусія і не ў апошнюю чаргу таму, што яна, як выглядае, супрацьпастаўляе Злучаныя Штаты (Марс) і Эўропу (Вэнэру). Аднак па сутнасьці гэта манэўр для адцягненьня ўвагі. Дэбаты аб узбраеньні — гэта спрэчкі вакол кароткатэрміновай тактыкі, а не доўгатэрміновай стратэгіі, яны ня ўлічваюць сапраўдную прыроду расейскай гульні.

Усе згодныя, што расейцы хлусяць. Але няма ніякай згоды наконт таго, што з гэтым рабіць

Яшчэ пазалетась Усходняя Ўкраіна ня мела ніякага досьведу этнічных канфліктаў. Добра ўзброеныя «сэпаратысты» зьявіліся на сцэне толькі калі ім загадаў там зьявіцца расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін. Наступная «грамадзянская вайна» — гэта штучны канфлікт, кіраваны расейскай службай бясьпекі і падмацаваны дасканала распрацаванай усеэўрапейскай кампаніяй дэзінфармацыі. Гэты канфлікт будзе працягвацца столькі, колькі захочуць расейцы. Галоўнакамандуючы амэрыканскімі войскамі ў Эўропе генэрал-лейтэнант Бэн Годжэс сказаў у інтэрвію Wall Street Journal, што расейцы разгарнулі свае самыя сучасныя сыстэмы супрацьпаветранай абароны і электроннай барацьбы — зброю, якую і блізка ня ў стане дазволіць сабе нейкая паўстанцкая армія.

Сутнасьць гэтай вайны — не ў дасягненьні перамогі. Сутнасьць у тым, каб ня даць узьнікнуць нечаму падобнаму да пасьпяховай, эўрапейскай Украіны, бо такая дзяржава ўяўляла б сабою ідэалягічную пагрозу пуцінізму. Калі прыняць такую лёгіку, нават дамоўленае з дапамогай немцаў спыненьне агню прывядзе не да «міру», а да гэтак званага «замарожанага канфлікту», паводле старога КГБісцкага ўзору: Прыднястроўе ў Малдове, Паўднёвая Асэтыя ў Грузіі, а цяпер — Наваросія ва Ўкраіне. Як толькі такая мадэль наладжаная і гатовая да эксплюатацыі, Расея можа заснаваць у Наваросіі новую службу бясьпекі, стварыць новыя базы для расейскага войска, магчыма — рыхтаваць там тэрарыстычныя групы. У Кіеве і Харкаве ўжо выбухаюць таямнічыя бомбы. У сьнежні ў адной Адэсе такіх бомбаў выбухнула цэлых шэсьць.

Сутнасьць гэтай вайны - каб ня даць узьнікнуць нечаму падобнаму да пасьпяховай, эўрапейскай Украіны

Усё гэта можа адбыцца вельмі хутка, за лічаныя дні або тыдні, і таму спрэчка вакол «узбройваньня Ўкраіны» ужо амаль неактуальная. Так, з часам украінскае войска можа быць узмоцненае: магчыма, гэта стрымала б далейшае пашырэньне новай расейскай марыянэткавай дзяржавы. Але нават Злучаныя Штаты ня могуць паставіць зброю дастаткова хутка, каб у найбліжэйшым часе выцесьніць з Украіны найсучасьнейшую расейскую баявую тэхніку. Калі толькі не паслаць у Данецк 82-ую паветрана-штурмавую дывізію ЗША, цяжка сабе ўявіць, як нават самая высокатэхналягічная амэрыканская дапамога можа прадухіліць стварэньне Наваросіі, бо яна практычна ўжо існуе.

Што цяпер патрэбна Захаду, дык гэта ня проста ваенная палітыка, а ўсёабдымная доўгатэрміновая стратэгія, скіраваная на ўзмацненьне ўкраінскай дзяржаўнасьці і інтэграцыю Ўкраіны ў Эўропу ў шматгадовай пэрспэктыве. Мы маглі б заняцца падрыхтоўкай ня толькі ўкраінскіх вайскоўцаў, але таксама і службаў бясьпекі, якія былі зьнішчаныя папярэднім украінскім прэзыдэнтам. Мы маглі б больш настойліва дамагацца эканамічных рэформаў і падтрымліваць іх рэальнымі фінансавымі абавязаньнямі. Мы маглі б разглядаць гэта як вельмі доўгатэрміновы праект, як гэта запрапанавала ў суботу Мэркель, збудаваць Бэрлінскі мур вакол Данецку ў форме дэмілітарызаванай зоны, а да астатняй Украіны ставіцца як да Заходняй Нямеччыны.

Мы маглі б збудаваць Бэрлінскі мур вакол Данецку ў форме дэмілітарызаванай зоны, а да астатняй Украіны ставіцца як да Заходняй Нямеччыны.

Мы маглі б прызнаць тую рэальную пагрозу, якую Расея ўяўляе для Эўропы, ня толькі як крыніцу гвалту, але й як крыніцу палітычнай і эканамічнай карупцыі. Мы маглі б накласьці значна больш жорсткія, больш глыбокія санкцыі. Мы маглі б адрэзаць Расею ад сыстэмы міжнародных плацяжоў. Мы маглі б дамагчыся строгага выкананьня законаў і перастаць глядзець скрозь пальцы на расейскае адмываньне грошай, якое ў бальшыні сваёй адбываецца ў эўрапейскіх сталіцах. Горад Лёндан і Цурыхскія банкіры, магчыма, заплацілі б сваю цану, страціўшы расейскіх кліентаў. Але гэтая цана ўсё роўна будзе значна меншая, чым патэнцыйныя кошты нічоганерабленьня.

Бо якая ёсьць альтэрнатыва? Украіне настае крах, гэта заахвочвае Пуціна, як гэта здарылася і пасьля ўварваньня ў Грузію ў 2008 годзе. Ён пачынае плянаваць наступны «замарожаны канфлікт». Калі ён паспрабуе гэта зрабіць у нейкай краіне НАТО, скажам, у Літве або Эстоніі, наступствам бы быў значна больш шырокі і згубны эўрапейскі канфлікт. Мы ня хочам новай Халоднай Вайны — аднак і яна была б лепшая за новую Сусьветную Вайну. І калі мы не запрапануем сур’ёзную стратэгію яе прадухіленьня, гэта тое, што мы атрымаем.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG