Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будучыня «Ўсходняга партнэрства»: пра Беларусь забыліся


Сёньня апублікаваны даклад брытанскага Цэнтру зьнешняй палітыкі — зборнік артыкулаў аб розных аспэктах праграмы супрацоўніцтва Эўразьвязу з шасьцю постсавецкімі краінамі — Азэрбайджанам, Армэніяй, Беларусьсю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай.

У дакладзе нагадваецца інтэрвію прэзыдэнт Расеі Ўладзімера Пуціна эгіпэцкай газэце, ў якім ён казаў, што «ў рамках праграмы „Ўсходняга партнэрства“ Эўразьвязу былі спробы адарваць ад Расеі дзяржавы, якія былі часткай былога СССР, і заахвоціць іх рабіць штучны выбар паміж Расеяй і Эўропай». Аднак насамрэч менавіта Расея напрыканцы 2013 году рабіла ціск на Армэнію і Ўкраіну, каб яны не падпісвалі дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам — дамовы, якія не перакрэсьлівалі існыя пагадненьні гэтых краінаў з Расеяй. Менавіта Расея паставіла гэтыя краіны перад выбарам паміж Расеяй і Эўропай. Працягам гэтага ціску на Ўкраіну стала расейская анэксія Крыму і інсьпірацыя забурэньняў ва ўсходняй Украіне. «Усходняе партнэрства» нечакана перасунулася ў цэнтар буйнога геапалітычнага канфлікту.

Эўразьвяз прапануе краінам-партнэрам пагадненьні аб зоне вольнага гандлю, лібэралізацыю візавага рэжыму, фінансаваньне праектаў рэформаў і палітычную асацыяцыю. Аднак рух з рознымі партнэрамі адбываецца ў розных накірунках, адзначаецца ў дакладзе. Украіна, Грузія і Малдова рухаюцца ў напрамку Эўразьвязу, Азэрбайджан устрымліваецца ад геапалітычнага выбару, Армэнія і Беларусь рухаюцца ў бок Расеі. Аўтары дакладу Цэнтру новай зьнешняй палітыкі адзначаюць, што надышоў час дыфэрэнцыяванага падыходу да краін-партнэраў паводле формулы «3-1-2».

Даклад утрымлівае наступныя рэкамэндацыі для кіраўніцтва Эўразьвязу:

  • Павялічыць фінансавую падтрымку Эўразьвязу для макраэканамічнай стабілізацыі і структурных рэформаў ва Ўкраіне. Гэтая падтрымка павінна дапамагчы ўкраінскаму бізнэсу атрымаць выгаду ад далучэньня да зоны свабоднага гандлю ў 2016 годзе,
  • Падтрымліваць санкцыі ў дачыненьні да Расеі, пакуль канфлікт ва Ўкраіне зь яе ўдзелам працягваецца,
  • Дапамагаць Грузіі і Малдове скарыстацца доступам да рынкаў краінаў Эўразьвязу ў межах зоны свабоднага гандлю,
  • Прыпыніць падрыхтоўку да новай «стратэгічнай мадэрнізацыі партнэрства» з Азэрбайджанам, пакуль у гэтай краіне ня скончацца палітычныя рэпрэсіі і парушэньне правоў чалавека,
  • Пераразьмеркаваньне сродкаў, якія выдзяляюцца Армэніі на падтрымку дзяржаўных праграмаў, на праграмы падтрымкі грамадзянскай супольнасьці гэтай краіны,
  • Пашырыць супрацу Эўразьвязу з грамадзянскай супольнасьцю краінаў-партнэраў,
  • Пачаць у межах Эўразьвязу дыскусію аб пэрспэктыве прыёму ў Зьвяз Грузіі, Малдовы і Ўкраіны. Статус кандыдатаў адкрыў бы перад гэтымі краінамі магчымасьць уступіць у ЭЗ у аддаленай будучыні, калі яны будуць адпавядаць жорсткім крытэрам сяброўства.

Як адзначае ў прадмове да зборніка яго рэдактар, брытанскі дасьледчык Адам Х’юг, «Усходняе партнэрства» аказалася больш рызыкоўным прадпрыемствам, чым меркавалася пры яго заснаваньні. Расея рэзка падвысіла стаўкі, і краіны-партнэры, якія зрабілі выбар на карысьць эўраінтэграцыі, маюць патрэбу ў велізарнай дапамозе ад Эўразьвязу, каб перажыць цяжкія часы. Паводле Х’юга няздольнасьць забясьпечыць эканамічную і палітычную стабільнасьць ва Ўкраіне будзе падрываць давер да Эўразьвязу ў сьвеце і пакіне разбураную краіну на яго парозе.

Рэдактар зборніка заклікае неадкладна пачаць дыскусію ў ЭЗ аб наданьні Грузіі , Малдове і Ўкраіне статусу кандыдатаў у сябры Эўразьвязу.

Камэнтар Юрыя Дракахруста

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Ад зборніка аналітычных артыкулаў да рашэньняў Эўразьвязу — вялікая дыстанцыя. Тым ня менш, экспэртная прапрацоўка папярэднічае палітычным рашэньням і зьяўленьне рэкамэндацыі надаць Грузіі, Малдове і Ўкраіне статус кандыдатаў у чальцы Зьвязу — факт даволі паказальны.

Ня менш паказальная і пэўная абыякавасьць, прынамсі, экспэртаў да лёсу астатніх краінаў-партнэраў, якія не зрабілі геапалітычны выбар на карысьць Эўропы. Адносна Азэрбайджану прапануецца згарнуць спробы ангажаваць яго ў амбіцыйныя праекты супрацы са Зьвязам, адносна Армэніі — перайсьці ад супрацы з урадам да супрацы з грамадзянскай супольнасьцю, Беларусь у рэкамэндацыях экспэртаў ня ўзгадваецца наагул, хіба толькі ўскосна, як краіна, з грамадзянскай супольнасьцю якой варта ўмацоўваць супрацоўніцтва.

Экспэрты, дасьледчыкі больш вольныя ў сваіх прапановах, рэкамэндацыях і нават марах, чым практыкуючыя палітыкі. Аднак з дакладу Цэнтру зьнешняй палітыкі вынікае, што прынамсі гэты цэнтар не прапануе ніякай зьнешняй палітыкі адносна Азэрбайджану, Армэніі і Беларусі. Формула «3-1-2» азначае, што партнэрства з шасьці краінаў рэдукавалася да трох. З астатнімі трыма ня толькі незразумела, як будаваць адносны, незразумела нават, што абмяркоўваць. Прапанова дапамагаць грамадзянскай супольнасьці — гэта эўфэмізм адсутнасьці ня тое што стратэгіі, але нават уяўленьняў пра тое, якой яна павінна быць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG