Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч пра Пуціна і Саўчанку: «Ваяваць з жанчынамі — сорамна»


Група грамадзкіх дзеячаў з Расеі, Украіны, Беларусі і іншых краін сьвету зьвярнулася да Ўладзімера Пуціна з просьбай праявіць «асабістую міласэрнасьць» і вызваліць з-пад варты ўкраінскую вайскоўку Надзею Саўчанку. Свае подпісы пад лістом, апублікаваным на інтэрнэт-сайце «Новай газеты», паставілі ўжо больш за пяць тысяч чалавек. У Басманным судзе Масквы сёньня разглядаецца пытаньне аб падаўжэньні арышту Саўчанкі, якая без малога два месяцы трымае галадоўку, лічачы сваё затрыманьне незаконным.

У інтэрвію Свабодзе пісьменьніца Святлана Алексіевіч тлумачыць, чаму яна чакае ад Уладзімера Пуціна міласэрнасьці.

— Мне вельмі падабаецца гэтая жанчына. Гэта чалавек перакананьня, чалавек з поглядам, гэта вайсковец, які рабіў сваю справу — абараняў сваю радзіму. Я лічу, што ўкраінская армія абараняе сваю радзіму. Яе падманам выкралі, зьвезьлі, ня маюць супраць яе ніякіх доказаў, у яе ёсьць алібі. І калі я падпісвала ліст, я ўзгадала гэты знакаміты здымак, дзе паўголы Пуцін на кані, і я падумала: як гэта ўжываецца, што мужчыны ваююць з жанчынамі? Такімі моцнымі і цікавымі жанчынамі, тым больш, што ўжо зразумела: трэба зусім няшмат, каб яе ня стала. Сапраўдны жаўнер паважае сілу іншага жаўнера — гэта рабілі нават немцы ў часе вайны, колькі такіх прыкладаў! А чамусьці расейская ўлада на гэта ня здольная.

— Вас не засмучае гэты жанр звароту да тырана з просьбай пра міласэрнасьць?

— А каго прасіць, калі ў гэтай краіне ўсё належыць тырану? У гэты пераходны посттаталітарны час мы патрапілі абсалютна ў новыя таталітарныя лавушкі, і больш зьвяртацца няма да каго — да Бога і тырана, да каго яшчэ?

Я разьлічваю, што адыграе ролю хаця б мужчынскі сорам — я ўжо ня буду казаць пра нейкія перакананьні. Так, яны — жаўнеры розных пазыцый, але мужчынскі сорам — ёсьць альбо не?

— Атрымліваецца, у вайны зноў жаночы твар?

— Так, я абсалютны пацыфіст, але заўсёды паважаю жанчын — і гэтая любоў у мяне ад кнігі «У вайны не жаночы твар» — я паважаю жанчын такой сілы. Саўчанка мне вельмі падабаецца. І я жадаю, каб яна была жывая!

— Заўтра ў Менску перамовы аб спробах чарговага мірнага вырашэньня крызісу на Украіне. Вы верыце ў посьпех?

— Я ня вельмі веру ў посьпех. Мне здаецца, зброя ўжо занадта доўга гуляе па краіне, і людзі ўжо перайшлі гэтую рысу забойства. І як мы ведаем, гэтыя ўсе замірэньні нават у маленькай Чачні праходзілі вельмі доўга. І я думаю, што тут занадта вялікія геапалітычныя інтарэсы замяшаныя. Людзі навучыліся забіваць, людзі прывыклі забіваць, людзі знаходзяць гэтаму апраўданьне. І я баюся, што гэта ўсё надоўга. Хоць хочацца верыць, але калі бачыш, зь якой разьюшанасьцю, зь якой лютасьцю яны забіваюць адзін аднаго, калі бачыш, што чалавек можа тварыць зь іншым, як хутка заводзіцца гэтая пякельная машына ў мужчын, вы ведаеце, надзей ня шмат. Але ўсё-ткі я спадзяюся. Часьцей бы публікаваць гэтыя фатаграфіі няшчасных уцекачоў, дзяцей, якія засталіся без бацькоў... Мне здаецца, каб ад сьлепаты вызваліўся народ, гэта трэба часьцей бачыць. Трэба забіваць ідэі, павінны спрачацца ідэі, а не забіваць людзей. Гэта ўжо як людаедзтва, гэта ўсё ўжо, я ня ведаю, 16-е стагодзьдзе.

— Якой разьвязкі канфлікту вы чакаеце?

— Гэта будзе вельмі доўга цягнуцца, мне так здаецца, у той ці іншай ступені. Гэта пагражае, нават калі будзе прыняты нейкі дакумэнт, партызанскай барацьбой. Я баюся, што будзе вялікая вайна. Мы жывем тут побач, і чым больш я гавару зь людзьмі, беларусамі, якія тут побач — ва ўсіх, тым больш, вайна прайшла па Беларусі, кожны чацьвёрты загінуў, Другая сусьветная вайна, і гэтая памяць яшчэ блізкая — у людзей досыць змрочныя прадчуваньні. Але мне падабаецца той розум, які праяўляюць эўрапейскія палітыкі, тая асьцярожнасьць, якую праяўляе Абама. Эўрапейскі чалавек не жадае паміраць, ён не гатовы паміраць. Гэта ў нас знаходзяцца людзі, якія гатовыя паехаць і вось так паміраць за 15 тысяч у месяц, нават не заўсёды за ідэю, а проста вось за жаданьне пабыць такім мужчынам, хоць гэта — пабыць ня мужчынам, а жывёлам. Я баюся, што гэта надоўга. І на мяжы з гэтым мы жывем.

— Вы, з аднаго боку, апэлюеце да маральных каштоўнасьцяў, да маральных нейкіх якасьцяў характару Уладзімера Пуціна, калі падпісваеце гэты ліст, а з другога боку, усё, што вы кажаце, сьведчыць аб пазамаральнасьці таго, што адбываецца. Як гэта спалучаецца ўнутры вашай канцэпцыі разуменьня сьвету?

— Вось я ўвесь час думаю, што ў той культуры, у якой мы жывем, я спадзяюся, усё ж такі застаецца... Гэта патрыярхальная культура, гэта не сучасная эўрапейская культура, дзе мужчыны і жанчына — партнэры, гэта мачызм такі. А з другога боку, вось жанчына як бы на другіх ролях. І таму, зыходзячы з таго, што мы маем, з нашага выхаваньня, з нашых паняцьцяў, я хачу сказаць, што сорамна ваяваць з жанчынай. Сорамна! Сорамна яе так зьневажаць перш за ўсё, сорамна яе так не шкадаваць. Сорамна быць не мужчынам! І ўжо пачынаецца гандаль Саўчанкай, яе імем, яе сымбалем. Гэта такі козыр, які досыць пошла прыхоўваюць палітыкі. Гэты гандаль — па-мойму, верх цынізму.

XS
SM
MD
LG