Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэбальцава: баі за «дарогу жыцьця»


Украінскія вайскоўцы ў Дэбальцаве 6 лютага.

Украінскія вайскоўцы ў Дэбальцаве 6 лютага.

Жорсткія баі працягваюцца паблізу мястэчка Дэбальцава ва ўсходняй Украіне, дзе узброеныя атрады сэпаратыстаў працягваюць спробы атачыць украінскія войскі. Адтуль жа паступае супярэчлівая інфармацыя пра ўжываньне супраць украінскіх войскаў авіяцыі.

Паводле Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА) Ўкраіны, Расея працягвае перакідваць войскі і тэхніку на акупаваную тэрыторыю Данбасу, а прадстаўнікі сэпаратыстаў у сваю чаргу заяўляюць пра намер істотна павялічыць колькасьць сваіх узброеных фармаваньняў коштам «добраахвотнай мабілізацыі».

З розных крыніц паступае інфармацыя пра баі ў раёне пасёлка Логвінава, дзе бронетэхніка сэпаратыстаў выйшла на трасу Дэбальцава-Арцёмаўск.

«На сёньняшні дзень траса фактычна перакрытая. Дарога гэтая ня тое, што апошняя — яна адна-адзіная», — распавёў Радыё Свабода дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Тарас Пастух, які цяпер знаходзіцца на Данбасе.

Прадстаўнік РНБА Андрэй Лысенка ўстрымаўся ад камэнтароў з нагоды прарыву варожай тэхнікі, але сказаў, што ў гэтым раёне атрады сэпаратыстаў працягваюць атакі з мэтай атачыць ўкраінскія войскі.

«За дзень расейскія найміты 13 разоў абстралялі горад і навакольле з артылерыі і 5 разоў няўдала спрабавалі штурмаваць нашы пазыцыі ... Палітычнай мэтай захопу Дэбальцаўскага пляцдарму ёсьць імкненьне расейскіх куратараў баевікоў прымусіць Украіну пайсьці на саступкі бандытам і падпісаць з імі перамір’е на крамлёўскіх умовах», — сказаў ён.

Інтэрнэт-выданьне «Цензор.нет» са спасылкай на афіцэра, батальён якога знаходзіцца ў раёне Дэбальцева, паведамляе аб тым, што ўкраінскія войскі пацярпелі ад авіяцыйнага ўдару. Паводле яго, у момант пралёта самалётаў па пазыцыях батальёну быў нанесены ўдар боепрыпасамі вялікай магутнасьці, які расцанілі як бомбавы. Пра ўжываньне супраць украінскіх войскаў авіяцыі заяўляюць таксама інтэрнэт-рэсурсы сэпаратыстаў, затое афіцыйныя ўкраінскія сьпікеры гэтай інфармацыі не пацьвердзілі.

Між тым, паводле Андрэя Лысенкі, на акупаваную тэрыторыю Данбаса праз расейскую мяжу працягваюць прыбываць войскі і тэхніка. «На працягу 7-8 лютага дзяржаўную мяжу Украіны ў пункце пропуску „Ізварына“ перасекла каля 1500 ваеннаслужачых Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі і больш за 300 адзінак ваеннай тэхнікі — самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі, „Грады“, тэнтаваныя грузавікі і г. д.», — заявіў Лысенка.

XS
SM
MD
LG